Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў гродзенскай катэдры падчас св. Імшы падзякі за 25-годдзе біскупскага служэння

9 лістапада 2014 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае свята пасвячэння Латэранскай базылікі св. Яна ў Рыме, якая з’яўляецца маці ўсіх касцёлаў у свеце. На фасадзе базылікі напісана: «Маці і Галава ўсіх касцёлаў Рыма і свету». Напэўна, не адзін з нас здзіўляецца гэтаму і пытаецца: ці ёсць важнейшая святыня за базыліку св. Пятра ў Ватыкане?

Можа, бо базыліка св. Яна на Латэране, як самы першы касцёл у Рыме, з’яўляецца катэдрай Папы як біскупа Рыма. Яна была пабудавана адразу пасля славутага Міланскага эдыкту імператара Канстанціна аб роўных правах хрысціянства з іншымі рэлігіямі, гэта азначае аб свабодзе хрысціянства. Базыліка была некалькі разоў знішчана і таму з’яўляецца сімвалам барацьбы з Касцёлам. Базыліка носіць тытул св. Яна на Латэране, бо калісьці гэтыя землі належалі багатаму рымляніну Плантыўсу Латэрану.

Базыліка св. Яна на Латэране ўяўляе сабой вялікую гісторыка-культурна-рэлігійную каштоўнасць. Унутры галоўнага алтара знаходзіцца драўляны алтар, на якім святы Пётр цэлебраваў Імшу. У нішах базылікі знаходзяцца статуі 12 апосталаў. За абразом Апошняй Вячэры знаходзіцца частка стала, на якім падчас Апошняй Вячэры Хрыстус устанавіў Эўхарыстыю. У свой час Святыя сходы, па якіх Хрыстус ішоў да Пілата, таксама знаходзіліся там. Гэтыя сходы былі прывезены ў Рым маці імператара Канстанціна св. Гэленай, і цяпер яны знаходзяцца ў будынку побач з гэтай базылікай.

Цэлебруючы свята асвячэння базылікі св. Яна на Латэране, як катэдры Папы Рымскага, мы выказваем нашу еднасць з Пантыфікам і выражаем яму нашу пашану; мы таксама паказваем адзінства ўсяго Касцёла.

2. У першым сённяшнім чытанні мы пачулі візію прарока Эзэхіэля пра раку, якая выплывае з Ерусалімскай святыні і нясе з сабой жыццё (пар. Эзх 47, 1-12). У гэтым прароцтве знаходзіцца візія Касцёла, які атрымлівае і распаўсюджвае ў свеце жыццядайную Божую ласку.

У другім чытанні апостал Павел вучыць, што мы з’яўляемся Божай будоўляй, фундаментам якой з’яўляецца сам Хрыстус (пар. 1 Кар 3, 9-11). Гэтыя словы апостала народаў нагадваюць аб тым, што Езус Хрыстус павінен быць вуглавым каменем нашага духоўнага жыцця, бо з Яго ў Касцёле выплывае жыццядайная рака Божай ласкі.

3. Як базыліка св. Яна на Латэране з’яўляецца катэдрай Папы, таксама і базыліка св. Францішка ў Гродне з’яўляецца катэдрай біскупа Гродзенскай дыяцэзіі. Як латэранская базыліка з’яўляецца сімвалам пераследу Касцёла і яго адраджэння, таксама і гродзенская катэдра з’яўляецца сімвалам ганенняў на Касцёл у нашай краіне і яго адраджэння.

28 гадоў касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродне заставаўся без пастаяннага святара. Калі вернікі прасілі ўлады аб пастаянным святары, то Упаўнаважаны па справах рэлігій Гродзенскай выбласці адказаў, што хутчэй на яго далоні вырастуць валасы, чым у Фарным касцёле будзе пастаянны святар. Так казаў высокі прадстаўнік атэістычнай улады. Жыццё, аднак, паказала, што Хрыстус піша гісторыю, і Божы Провід дазволіў мне быць інструментам у Яго руках.

У 1988 годзе я быў прызначаны першым пасля 28 гадоў пробашчам гэтага касцёла. Якая тады была радасць вернікаў, якія амаль тры дзесяцігоддзі клапаціліся пра касцёл і самі адпраўлялі набажэнствы, каб толькі атэістычныя ўлады яго не зачынілі.

Я добра ведаў гэты касцёл яшчэ са школьных гадоў і ведаў аб цудатворным абразе Божай Маці Кангрэгацкай — копіі славутага абраза з рымскай базылікі Маці Божай Вялікай «Salus populi Romani» — «Уратаванне рымскага люду». Цудатворны гродзенскі абраз Божай Маці Кангрэгацкай я адразу назваў «Salus populi Grodnensi» — «Уратаванне гродзенскага люду». Верны і пабожны гродзенскі люд даверыў свой лёс у Яе рукі і дачакаўся новых часоў.

4. Год 1989 — гэта год юбілею 325-годдзя прыбыцця гэтага цудатворнага абраза ў Фарны касцёл. І гэтую падзею трэба было духоўна адзначыць, для чаго была арганізавана адмысловая навэнна. І так сталася, што падчас трывання гэтай навэнны 25 ліпеня Папа Ян Павел II прызначыў мяне першым пасля 60 гадоў біскупам на Беларусі.

«Ubi episcopus, ibi Ecclesia» — «Дзе біскуп, там і Касцёл», —  кажа св. Ігнацый Антыяхійскі. Божая Маці Кангрэгацкая выпрасіла ў свайго сына Езуса Хрыста ласку біскупа ў нашай краіне, каб у ёй сапраўды быў Касцёл.

28 кастрычніка 1989 г. тут адбыўся мой інгрэс. Пасля многіх дзесяцігоддзяў на нашай зямлі Касцёл больш не заставаўся сіратой, а атрымаў свайго пастыра. І хаця праз няпоўныя два гады мне, па волi Святога Айца Яна Паўла II, трэба было выехаць у Расію, біскуп застаўся. Новага ардынарыя новастворанай Гродзенскай дыяцэзіі — біскупа Аляксандра Кашкевіча — я кансэкраваў у гэтай святыні 23 мая 1991 г. Гродзенская фара, якая магла падзяліць лёс збуранай атэістычным рэжымам Вітаўтавай Фары, стала катэдрай. Цяпер у ёй есць два біскупы — ардынарый і дапаможны, а таксама шмат святароў. Задумаемся над тым, якой ласкай Бог адарыў гродзенскі люд, бо яшчэ зусім нядаўна было інакш, тут не было пастаяннага святара…

Гэтая гісторыя, якая пішацца на нашых вачах, паказвае, што Хрыстус піша проста на яе пакручастых лініях і ставіць апошнюю кропку над «і».

5. Сёння з нагоды 25-годдзя біскупскага пасвячэння прыхожу ў гэтую катэдральную базыліку, каб падзякаваць Богу і Божай Маці Кангрэгацкай за чвэрць стагоддзя біскупскага служэння. Дзякую таксама і вам, дарагія вернікі і мае былыя парафіяне, за вашу малітоўную падтрымку і памяць.

Мы павінны быць аб’яднаныя, каб Касцёл мог выканаць сваю місію быць сакрамэнтам паўсюднага збаўлення, а біскуп у Касцёле быў настаўнікам веры, распарадчыкам Божай ласкі і яго кіраўніком.

Гэтыя заданні нялёгка выканаць у наш час, калі чалавек сам адракаецца ад Бога, калі ідэалогія секулярызму, як бездухоўная атамная бомба, імкнецца знішчыць усё духоўнае, калі чалавек змяняе Евангелле замест таго, каб яно змяняла яго, як гэтага жадае Хрыстус. Таму яму патрэбна дапамога.

У гэтае асаблівае свята пасвячэння латэранскай базылікі, калі мы асаблівым чынам яднаемся з Папам Францішкам, прашу вас аб малітве, каб я, ваш зямляк, адэльчанін і адначасова гродзенец, і далей мог годна і плённа выконваць ускладзеныя на мае слабыя чалавечыя плечы абавязкі біскупа; каб быў тым, які заўсёды глядзіць наперад, і вёў людзей у новую, пазначаную хрысціянскімі каштоўнасцямі, будучыню; каб дзякуючы майму служэнню Езус Хрыстус быў падмуркам нашага жыцця, з якога выцякае жыццядайная рака Божай ласкі. Амэн.

Адноўлена 09.11.2014 13:55
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі