15 лістапада 2014 г.
У новы шлях, залатагорскі касцёл
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпламатычных місій, браты і сёстры!
1. Сто пяцьдзясят гадоў таму, 1 лістапада 1864 г., у прыгарадзе Мінска быў кансэкраваны новазбудаваны касцёл у гонар Найсвяцейшай Тройцы і святога Роха. Трэба адзначыць, што ў 1508 г. на Траецкім пагорку ў прадмесці Мінска быў пабудаваны першы драўляны касцёл у гонар Святой Тройцы. Адсюль і бярэ сваю назву добра вядомае ўсім мінчукам Траецкае прадмесце. Пазней, у 1809 г., ён, аднак, быў знішчаны пажарам, і 150 гадоў таму з’явіўся гэты касцёл на адной з горак нашага горада, які з поўным правам можна назваць «нашчадкам» першага мінскага касцёла.
2. Адкуль узялася назва «Залатая Горка?» Ёсць некалькі версій.
Першая. У даўнія часы людзі тут хавалі свае скарбы, якія потым часта знаходзілі, што і прывяло да такой назвы.
Другая. Паводле адной легенды, людзі складалі свае ахвяры на будову касцёла і такім чынам утварылася невялікая горка грошай. Таму людзі назвалі гэтае гарыстае месца Залатой Горкай.
Трэцяя. Назва з’явілася ад слоў «залатая восень». Увосень гэтая тэрыторыя, дзе было шмат дрэў, пакрывалася прыгожым залацістым лісцем.
Чацвёртая. З Лагойскага тракту на гэтае высокае месца прыязджалі на пастой купцы, у якіх было золата.
Якой ёсць праўда, ведае Бог і гісторыя. Аднак рэчаіснаць такая, што на Залатой Горцы ёсць касцёл, а гэта больш за золата. Ён невялікі, але, як кажа прыказка, «мал золотник, да дорог».
3. «З радасцю ўвойдзем у дом Пана» (пар. Пс 122 (121), 2).
Паўтара стагоддзі таму нашы продкі з радасцю спявалі гэтыя словы рэфрэну псальма, які мы ўжываем у сённяшняй святой Імшы. Сёння нашы сэрцы таксама перапоўнены радасцю, бо касцёл на Залатой Горцы перажыў цяжкія часы ганенняў і пэўны час выкарыстоўваўся як зала камернай музыкі Белдзяржфілармоніі, але ў рэшт рэшце ізноў з’яўляецца месцам спаткання чалавека з Богам.
4. Мне асабіста гэты касцёл вельмі блізкі. На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў Мінску дзейнічаў толькі адзін касцёл — Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках. Ранняй вясной 1990 г. нам перадалі касцёл святых Сымона і Алены, так званы Чырвоны касцёл, які да гэтага выкарыстоўваўся як Дом кіно і патрабаваў грунтоўнай рэстаўрацыі. Ужо распачаліся цэлебрацыі святых Імшаў на трэцім паверсе ў катэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
Мы патрабавалі перадачы нам касцёла на Залатой Горцы. 12 кастрычніка 1991 г. я правёў чарговыя перамовы ў Міністэрстве культуры, тады яшчэ Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Пасля доўгіх і нялёгкіх перамоваў было дасягнута пагадненне аб тым, што па нядзелях і ў вольны ад канцэртаў час у касцёле будзе цэлебравацца святая Імша. На наступны дзень Папа Ян Павел II перавёў мяне ў Расію. Я выехаў у Маскву, аднак сэрца радавалася, што мінскім католікам удалося ўвайсці ў гэты гістарычны касцёл. І хаця прайшло шмат часу і нямала вады ўцякло, бо трэба было чакаць аж 15 гадоў, каб касцёл быў перададзены парафіі, але тая падзея дала пачатак гэтаму працэсу.
5. Сёння, пасля 150 гадоў багатай і адначасова трагічнай гісторыі гэтай святыні, мы ізноў з радасцю ўваходзім у яе брамы, каб там сустракаць Бога і Яго славіць, каб паглыбляць сваю хрысціянскую ідэнтычнасць, вяртацца да нашых хрысціянскіх каранёў і спадчыны, што вельмі важна ў часы ваяўнічага і часамі нават агрэсіўнага секулярызму.
Дрэва з падрэзанымі каранямі засыхае. Таксама і чалавек, які адрываецца ад каранёў свайго духоўнага жыцця, яго страціць. У абставінах сучаснай бездухоўнай культуры нам неабходна песціць сваю хрысціянскую спадчыну, як падмурак нашага духоўнага ўваскрашэння, каб у яе цемры ўбачыць святло нязменнай Божай праўды і надзею.
6. На нашу фармацыю аказваюць уплыў многія фактары. Сярод іх вылучаецца збаўчае пасланне Евангелля як крыніца надзеі, спагады, дабрачыннасці і боскага натхнення. Евангелле фармуе нашу свядомасць такім чынам, каб паказаць нам, кім мы з’яўляемся і кім павінны быць. Хрыстус — наша дарога, праўда і жыццё (пар. Ян 14, 6). Таму нам няма чаго саромецца нашай веры, якую мы атрымалі ў спадчыне Евангелля.
Мы будуем касцёлы і іх рамантуем, каб яны нагадвалі нам, кім мы на самой справе ёсць і кім павінны быць. Яны прыпамінаюць нам аб неабходнасці жыць у прысутнасці Бога. Яны дапамагаюць засяродзіцца на Богу і таксама вучаць аб тым, што Бог заўсёды памятае пра нас і любіць нас.
Мы прыходзім у касцёл, каб праз Хрыста умацаваць нашу хрысціянскую самасвядомасць, бо, як кажа святы апостал Павел, «вы ж — Хрыста, а Хрыстус — Бога» (1 Кар 3, 23). У гэтым крыецца праўда, кім мы з’яўляемся і дзе знаходзіцца наша шчасце: мы з’яўляемся Хрыстовымі, і яно ў Ім.
Мы таксама прыходзім у касцёл, каб станавіцца духоўна новымі. Тут мы будуемся ў жыллё Бога (пар. Эф 2, 22). Мы з’яўляемся не наведвальнікамі касцёла, але яго членамі. Яго цагліны ў нашым целе, яго прыгажосць у нашых цнотах, яго слава ў нашым жыцці.
Калі гэтая праўда адносіцца да кожнага касцёла, то тым больш яна адносіцца да касцёла на Залатой Горцы, які адзначае свае 150-я народзіны. Гэта помнік нашай веры, малітвы і хрысціянскай традыцыі на нашай зямлі. Але ён не музейны помнік. Ён жыве і з’яўляецца месцам спаткання чалавека з Богам у сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі, у Божым слове, катэхізацыі, дабрачыннасці, канцэртах духоўнай музыкі, музычным фестывалі «Залатагорская ліра» і г.д. Адсюль распачынаецца велічная эўхарыстычная працэсія на Божае Цела. Тут у Вялікі пост праходзіць інсцэнізаваны Крыжовы шлях.
Сёння касцёл на Залатой Горцы пачынае пісаць новую старонку сваёй гісторыі. Няхай яна будзе запісана залатымі літарамі Божай ласкі, якая прыходзіць да людзей у ім. Няхай дапамагае нам, людзям ужо XXI стагоддзя, вяртацца да Адзінага ў Тройцы Бога і з дня на дзень узрастаць у нашай веры, надзеі і любові. Няхай святы Рох, нябесны яе апякун, бароніць нас ад розных эпідэмій, у тым ліку ад эпідэміі дэхрысціянізацыі, каб мы сваім жыццём паўтаралі словы святога апостала Пятра: «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага» (Ян 6, 68). Амэн.
|