Мінск, касцёл св. Сымона і св. Алены
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
У сённяшнім Евангеллі чацвярга ХХХІІ Звычайнага тыдня Езус, адказваючы на пытанне фарысеяў, калі прыйдзе Божае Валадарства, кажа, што яно прыйдзе як маланка, якая мільгае з аднаго краю неба да другога.
Што супольнага мае маланка з прыйсцем Божага Валадарства? Габрэі ў часы Езуса Хрыста з няцярплівасцю чакалі знаку, які б нагадваў аб прышэсці Месіі і Божага Валадарства. Яны не прынялі Езуса як доўгачаканага Месію, таму, задаючы такое пытанне, фарысеі хацелі выпрабаваць Езуса. Езус, аднак, здзівіў іх сваім адказам, што Божае Валадарства ўжо сярод іх. Трэба заўважыць, што Езус казаў аб прыйсці Божага Валадарства як падзеі, якая ўжо адбылася і адначасова якая будзе мець месца напрыканцы часоў.
«Дзень Пана» у Старым Запавеце разумеўся як дзень, калі Бог праявіць сваю магутнасць і славу і знішчыць усіх ворагаў Ізраіля. Гэты дзень таксама азначаў дзень Божага суду над Ізраілем і ўсімі народамі. У гэты дзень усе тыя, хто навярнуўся, будуць збаўлены, а тыя, хто не ўчыніў гэтага, будуць пакараны.
Чаму Езус упадабняе маланку да «Дня Панскага»? У сухім клімаце Палесціны буры здараліся рэдка і ў асноўным былі сезоннымі. Яны з’яўляліся нечакана, пакрываючы зямлю цемраю. Маланка з вялікім гукам нечакана асвятляла небасхіл, так што людзі са страхам уцякалі. Аб гэтым мы добра ведаем, бо баімся маланак і перуноў. Езус вучыў сваіх слухачоў, што Месія таксама прыйдзе нечакана, каб правесці Божы суд. Тады Яго ўсе ўбачаць, падобна як бачаць маланку падчас буры.
Кажучы аб будучым прыйсці Месіі, Езус адначасова нагадвае аб тым, што Ён ужо прыйшоў і што Божае Валадаврства не знаходзіцца справа ці злева, але што яно сярод нас і прысутнічае ў асобе самога Езуса, якога Яго Нябесны Айцец паслаў збавіць свет ад граху і карупцыі.
Наша надзея заякарана ў Божым Валадарстве, а не ў валадарствах гэтага свету. У Езусе мы бачым як магутнасць, так і хвалу Божага Валадарства. Яго боская моц перамагае сілы зла і граху. Езус добра ведаў, што адзіны шлях да перамогі зла — гэта крыж. На ім Ён перамог смерць і грэх. Яго перамога на крыжы чыніць нас дзецьмі Божымі і грамадзянамі Яго Валадарства.
Таму сёння, калі мы з кожным днём набліжаемся за завяршэння літургічнага года, трэба спытаць сябе: у чым заякарана наша надзея? У справах сучаснага свету ці ў Богу? Адказ на гэтае пытанне з’яўляецца адказам на тое, ці Божае Валадарства ёсць у нас.
Калі злы дух не прысутнічае ў нас і ў нашых душах больш не валодае грэх, то Божае Валадарства ёсць у нас. Толькі адна рэч можа быць у нас саміх — гэта пазнанне або непазнанне праўды і любоў да жыцця ў Божай ласцы або ў граху, з дапамогай якіх мы рыхтуем нашы сэрцы, каб быць Валадарствам Хрыста ці злога духа.
Божае Валадарства праяўляецца ў праведным жыцці, міры і радасці. Калі мы жывём праведным жыццём, абвяшчаем супакой і Божую радасць, то тады сапраўды Божае Валадарства ёсць у нашых сэрцах. У той жа час, калі мы жывём духам няпраўды, канфліктаў і меланхоліі, якія забіваюць у нас жыццё духа, то мы ўжо не належым да Божага Валадарства, але да валадарства злога духа. Гэта знакі таго, да каго мы належым.
Няхай нас, святароў і кансэкраваных асобаў, сённяшнія чытанні заахвоцяць высветліць у саміх сябе, да каго мы належым, каб, будучы ўдзельнікамі Божага Валадарства, мы вялі іншых да яго. Амэн.
|