Мінск, касцёл свв. Сымона і Алены, 22 лістапада 2014 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры, удзельнікі семінара «Праблема бясплоднасці і шляхі яе вырашэння»!
1. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае св. Цэцылію, панну і мучаніцу. Яна жыла ў III стагоддзі і аддала сваё жыццё за веру ў Хрыста. У катакомбах св. Каліста знаходзіцца прысвечанае ёй месца, дзе святая Цэцылія прадстаўлена з адсечанай галавой. Адсечаная галава — гэта сімвал смерці. А чалавек створаны для жыцця.
Святая Цэцылія з’яўляецца апякункай касцёльнага спеву, і таму сёння свята спевакоў, з якім я іх віншую і жадаю Божага благаслаўлення. Наша жыццё павінна быць спевам, якім мы праслаўляем Бога. Наша жыццё таксама павінна быць святлом, каб асвятляць зямлю. Такім спевам і святлом было жыццё святой Цэцыліі.
2. Сённяшнія чытанні з суботы ХХХІІІ Звычайнага тыдня канцэнтруюцца на цемры і святле. Цемра нясе з сабой страх і вядзе да недаверу. Святло ж асвятляе наш жыццёвы шлях, адраджае давер і натхняе да пераадолення цяжкасцяў. Гэтым святлом ёсць святло Евангелля.
У першым чытанні з кнігі Апакаліпсіса св. Яна аліўкавыя дрэвы або галінкі з’яўляюцца сімвалам святла. З іх вырабляецца аліва, якая выкарыстоўваецца для лямпаў, каб яны давалі святло. Лямпы выкарыстоўваюцца для асвятлення не толькі памяшканняў, але і касцёлаў. Аднак у гэтым выпадку яны маюць таксама і іншае значэнне: з’яўляюцца сімваламі Божай ласкі, якую мы атрымліваем у Касцёле.
У рэспансарыйным псальме кароль Давід прызнае вялікую дабрыню Бога і моліцца аб дапамозе. Бог ведае нашы праблемы і спяшаецца з дапамогай, каб палегчыць нашае жыццё і вырашыць праблемы. Толькі нам неабходна даверыцца Яму і прасіць дапамогі.
Сённяшняе Евангелле нагадвае пра бяздзетнасць. Слухачы Езуса клапаціліся пра патомства ў сваім родзе, бо бяздзетнасць у габрэйскім народзе лічылася знакам адсутнасці Божага благаслаўлення. Нездарма радаваліся Альжбета і Захарыя, калі ў іх, ужо старых, нарадзілася дзіця — святы Ян Хрысціцель. У Старым Запавеце мы таксама можам знайсці і іншыя падобныя прыклады. Нараджэнне дзіцяці заўсёды з’яўляецца знакам Божай прыхільнасці і благаслаўлення.
У Евангеллі Езус кажа, што наш Бог не ёсць Богам памерлых, але Богам жывых. Чалавек створаны Богам па Яго вобразу і падабенству. Бацькі перадаюць гэты вобраз і падабенства сваім дзецям. Яны далей жывуць у сваіх дзецях і таму балюча перажываюць бясплоднасць і хочуць ад яе вызваліцца.
3. Праблема бясплоднасці з’яўляецца адной з найбольш актуальных у наш час. Адно з заданняў сям’і — працяг патомства. Аднак з-за розных хвароб нярэдка яно становіцца немагчымым для рэалізацыі, што стварае вялікую праблему для сужэнцаў.
Навука, якая бурна развіваецца, асабліва генетыка, прапануе свае, штучныя, шляхі вырашэння праблемы, як напрыклад штучнае апладненне “In Vitro”. Яны, аднак, супярэчаць Божаму плану, не згодныя з вучэннем Касцёла і таму не могуць быць прыняты веруючымі.
4. Што тады рабіць? Дзе знайсці выйсце? Хто дапаможа? Тая ж самая навука, толькі выкарыстаная згодна з вучэннем Касцёла. У часах ваяўнічага атэізму казалі, што навука — гэта святло, а рэлігія — цемра. Сучасны свет вельмі добра бачыць, куды ён можа зайсці, калі будзе абапірацца толькі на навуку і выкарыстоўваць яе не згодна з маральнымі прынцыпамі. Менавіта маральныя прынцыпы з’яўляюцца тым святлом, якое асвятляе шлях чалавека. Таму, калі навука і рэлігія дапамагаюць адзін аднаму, то чалавецтва атрымлівае задавальняючыя вынікі. Тое ж самае і ў галіне лячэння бясплоднасці.
Евангелле вучыць, што мы павінны даверыцца Богу і нястомна прасіць Яго дапамогі. Такі самы прынцып дзейнічае і ў вырашэнні праблемы бясплоднасці. Бог адных кліча быць інжынерамі, іншых настаўнікамі, яшчэ іншых святарамі ці законнікамі. Сярод пакліканых знаходзяцца ўрачы і вучоныя, у тым ліку ў галіне генетыкі. Менавіта яны павінны стаяць на пярэдняй лініі фронту лячэння бясплоднасці згодна з маральнымі прынцыпамі, каб у цемры бясплоднасці засвяціла святло новага жыцця і свет запоўніўся яго спевам.
Няхай апякунка сённяшняга дня, святая Цэцылія, выпрасіць у Бога ласку, каб семінар, які распачынаецца, стаў новым крокам у выкарыстанні новых, навукова абгрунтаваных і згодных з маральнымі нормамі метадаў лячэння хваробы бясплоднасці, каб сучасны свет згодна з Божым правам будаваў цывілізацыю жыцця. Амэн.
|