Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету

Мінскі архікатэдральны касцёл, 23 лістапада 2014 г.

Збаўчы цяжар хрысціянскіх цнотаў

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння, у апошнюю нядзелю літургічнага года, Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Адзначаючы гэтую ўрачыстасць, мы павінны чуваць, каб належным чынам яе зразумець. Ведаем, што ў мінулае адышлі зямныя каралі і валадары. А калі дзесьці яшчэ і засталіся, то толькі намінальна і без якой-кольвек рэальнай улады. Таму сённяшняя ўрачыстасць — не настальгія аб каралеўскіх прэрагатывах, але погляд у будучыню. Кароль, якога нам прадстаўляе Божае слова — гэта не багаты валадар са сваім дваром, палацамі, багаццем. Не, гэта бедны кароль.  

Вядома, што і для такога караля, як і для іншых, ёсць шмат людзей, якія б хацелі спадабацца Яму, каб потым з гэтага мець выгоду. Аднак падчас выпрабаванняў для караля яны адварочваюцца ад Яго і нават супрацьпастаўляюцца Яму. Успомнім, як апосталы Ян і Якуб хацелі сядзець побач з Езусам у Яго Валадарстве. Аднак калі Езуса судзілі, то нікога з іх не было побач, бо ўсе разбегліся.

2. У XVIII стагоддзі французскі пісменнік Мантэск’ё напісаў аповед пра людзей, якія называліся трагладытамі. Яны забілі свайго караля, бо ён паходзіў з чужаземнай краіны і быў патрабавальны ў адносінах да іх. Царазабойства потым сказалася на іх жыцці так, што кожны думаў толькі пра самога сябе. І так працягвалася да таго часу, пакуль голад і хваробы не знішчылі ўсіх, акрамя дваіх чалавек і іх сем’яў, якія вялі цнатлівае жыццё. Пісьменнік кажа, што калі яны пакланяліся сваім багам, то не прасілі багацця, але здароўя, згоды і ўзаемнай любові.

Аб гэтым самым нам нагадвае і Евангелле. У Божае Валадарства ўвойдуць тыя, хто паверыў, што Езус ёсць чаканы кароль. Тыя, хто не прыняў гэтай праўды, а баяўся, што, можа, Ён сапраўдны кароль, на пачатку апранулі Яго як караля і назвалі такім, але потым забілі, бо не пачулі ад Яго таго, што хацелі пачуць. Ён быў для іх чужым і патрабуючым. Засталіся толькі тыя, хто палюбіў цнатлівае жыццё.

Менавіта яны пыталіся ў Езуса: «Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і не накармілі, голым і не апранулі, хворым ці ў вязніцы і не адведалі Цябе?» Так пыталіся Езуса ў справядлівыя. Людзі, якія жывуць паводле хрысціянскіх цнотаў, не шукаюць узнагароды за добрыя справы ні ў гэтым жыцці, ні ў будучым, бо яны ведаюць, што іх плата прыйдзе сама.

3. Шукаючы імгненнай узнагароды, мы заўсёды выказваем сваё незадавальненне, асабліва падчас эпохі крызісаў, і патрабуем хуткіх і амаль штодзённых. У той жа час мы забываемся, што дух самазадавальнення, які жыве ў кожным з нас, не з’яўляецца цнотай і абвінавачвае нас саміх і іншых.

Жыццё паказвае, што быць цнатлівым нялёгка. Гэта цяжар, які трэба несці. Але гэта цяжар, за які Хрыстус узнагароджвае дарам свайго Валадарства. Хрыстус кажа, што Яго Валадарства не з гэтага свету. Гэта не матэрыяльнае, але духоўнае Валадарства.

4. На працягу ўсяго літургічнага года Касцёл праз таямніцы збаўлення вядзе нас да сённяшняй урачыстасці. Мы выйшлі з рукі Божай і прызначаны для Божага Валадарства, дзе Валадаром ёсць Езус Хрыстус. Але, каб трапіць у Валадарства Хрыста, неабходна быць прызнаным годным гэтага. Каб атрымаць дыплом, трэба здаць адпаведныя экзамены, напісаць дыпломную працу і яе абараніць. Гэта свайго роду суд.

Усе сённяшнія чытанні нагадваюць нам пра суд. Пра суд Божы мы кажам і ў нашым вызнанні веры, бо пасля яго мы пойдзем у тое месца, якое заслужылі падчас свайго зямнога жыцця. На гэтым судзе галоўным фактарам будзе жыццё паводле цноты любові да бліжняга. Была яна ў нашым жыцці ці яе не было? Мы жылі толькі для сябе ці і для бліжніх? Бо любоў да бліжняга адкрывае дзверы Божага Валадарства.

5. Гэтай любові нас вучыць Касцёл, для чаго ён выкарыстоўвае розныя сродкі. Сярод іх медыя. Сёлета адзначаецца 20-годдзе каталіцкага часопіса «Ave Maria». Ужо два дзесяцігоддзі ён распаўсюджвае інфармацыю аб жыцці Касцёла ў Беларусі і свеце, нясе людзям святло Евангелля і на прыкладзе Марыі вучыць праўдам веры і любові да бліжняга, каб Яе Беззаганнае Сэрца затрыумфавала і мы ў ім адраджаліся духоўна. Гэты часопіс ужо адыграў вялікую ролю ў духоўным адраджэнні нашага народа і перад ім стаяць новыя задачы ў часы секулярызму і адыходу ад веры.

«Божа, заплаці вам за гэту працу». Так святы Ян Павел II успрыняў вестку аб выданні часопіса «Ave Maria». Сёння гэтымі словамі Вялікага Пантыфіка мы дзякуем рэдакцыі часопіса, аўтарам артыкулаў і духоўных разважанняў, спонсарам і ўсім, хто спрыяе яго выданню, а таксама карыстальнікам.

6. Божае Валадарства не знаходзіцца справа ці злева, яно не перад намі і не за намі, але ў нас. Няхай жа ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, заахвоціць нас больш сур’ёзна задумацца аб нашым жыцці, аб тым, што ў ім валадарыць: любоў да бліжняга, у якой праяўляецца любоў да Бога, ці эгаізм; духоўныя справы ці матэрыяльныя; імкненне да прыемнасцяў цела ці да духоўнага ўдасканалення. Няхай яна стане яшчэ адным крокам у падрыхтоўцы да галоўнага экзамену нашага жыцця — да Божага суду. Няхай у гэтай падрыхтоўцы сваю пазітыўную ролю адыграе часопіс «Ave Maria», каб мы дзякуючы яму з дня на дзень узрасталі духоўна, не баяліся цяжару хрысціянскіх цнотаў і шчасліва дасягнулі Божага Валадарства. Амэн.

Адноўлена 23.11.2014 15:42
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі