Маладзечна, 24 лістапада 2014 г.
Футбол і Касцёл
Глыбокапаважаныя футбалісты, заўзятары, браты і сёстры!
1. Трэці раз Божы Провід дазваляе нам правесці чэмпіянат Беларусі па футболе сярод святароў, гэтым разам у Маладзечне. Калі дададзім, што ў лютым гэтага года ў Лідзе адбыўся падобны чэмпіянат Еўропы, то можна смела казаць, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі — гэта Касцёл маладых і здаровых спартыўных святароў-футбалістаў. Як кажа прыказка, у здаровым целе здаровы дух, а галоўным заданнем Касцёла ёсць аздараўляць дух чалавека.
Касцёл чыніць гэта не толькі праз абвяшчэнне Евангелля, цэлебрацыю сакрамэнтаў ці іншае служэнне, але таксама і праз спорт, які ўсё часцей уваходзіць у жыццё нашых рэлігійных супольнасцяў.Спорт, несучы ў жыццё хрысціянскія каштоўнасці выхавання, салідарнасці, узаемнай дапамогі, прабачэння і г.д., можа адыграць вялікую евангелізацыйную ролю. Апошнія Пантыфікі неаднойчы выказваліся ў падтрымку спорту, у тым ліку і футболу. У Ватыкане існуюць розныя спартыўныя клубы і ёсць свая футбольная каманда.
У нашым жыцці шмат паралеляў. Ёсць яны таксама паміж футболам і Касцёлам.
2. Кожная футбольная каманда мае свайго гаспадара, які ёй апякуецца. Ён устанаўлівае правілы яе існавання і дзеяння, выбірае трэнера, дае інструкцыі, ставіць заданне і спадзяецца, што яно будзе выканана, бо хоча мець каманду-пераможца.
Таксама і Касцёл мае свайго гаспадара, якім ёсць Хрыстус і які сказаў апосталу Пятру: «Ты скала, і на ёй Я збудую Мой Касцёл». Езус не сказаў, што гэта чыйсьці Касцёл, але Яго. Гэта азначае, што Касцёл належыць Езусу Хрысту і ў ім мы становімся святынямі Духа Святога.
У Касцёле, як і ў кожнай іншай арганізацыі, ёсць свае правілы. Іх дае нам Хрыстус. Вельмі добра аб гэтым нагадвае прарок Саламон, які кажа, што мы павінны баяцца Бога і захоўваць Яго закон. Гэта і ёсць самая вялікая мудрасць, якая месціцца ў адным сказе.
Хрыстус пасылае нам пастыраў. Ім, як духоўным трэнерам, Ён дае свае настаўленні, дапамагае і чакае, што мы выканаем Яго план. Як ад гульні кожнага футбаліста залежыць, ці выйграе каманда, таксама і паспяховае выкананне місіі Касцёла залежыць ад нас усіх.
Хрыстус жадае, каб Касцёл выйграў. Калі Езус перамог злога духа, дык чаму ж мы дазваляем яму выйграць так шмат баталій супраць нас? Калі футбольная каманда выходзіць на поле з думкаю, што не пераможа суперніка, то зазвычай так і бывае. Аднак у нашым жыцці мы павінны памятаць аб тым, што Хрыстус у Касцёле нам дапамагае і мы не маем права прайграць. Таму Касцёл павінен быць камандай-пераможцам.
3. Кожная футбольная каманда мае сваю стратэгію. У камандзе ёсць нападаючыя і абаронцы. Ад таго, як гульцы выконваюць свае функцыі, залежыць, будзе гульня выйграна ці прайграна.
Падобную стратэгію мае і Касцёл. Яна запісана ў Божым законе і вучэнні Касцёла, у якім таксама ёсць нападаючыя і абаронцы; тыя, якія нясуць Евангелле ў свет, і тыя, якія бароняць веру. У залежнасці ад таго, як мы будзем выконваць Божы план, спаборніцтва будзе выйграна або прайграна.
4. Усе футбалісты знаходзяцца ў адной камандзе.Яны дапамагаюць адзін аднаму выконваць свае функцыі і, калі трэба, замяняюць адзін аднаго. Калі гульцы не зыграныя і паміж імі няма згоды, то каманда мае сур’ёзныя праблемы і можа прайграць спаборніцтва.
Падобна і ў Касцёле. Мы павінны дапамагаць адзін аднаму ў духоўнай і матэрыяльнай патрэбе. Мы павінны ўмець дараваць адзін аднаму, бо мы таксама не дасканалыя.
5. У футбольнай камандзе гульцы выконваюць розныя функцыі. Адзін нападаючы, другі абаронца, трэці паўабаронца, чацвёрты галкіпер і г.д. Падчас гульні кожны павінен быць на сваім месцы, бо кожная пазіцыя жыццёва важная для ўсёй каманды, каб быць камандай-пераможцам.
Падобна і ў Касцёле мы займаем розныя пазіцыі і нясем розную адказнасць. Але кожны павінен выканаць тое, што яму даручана і да чаго ён пакліканы. Толькі тады Касцёл паспяхова выканае сваю місію быць сакрамэнтам паўсюднага збаўлення.
6. Футбольны матч гуляецца на стадыёне, дзе на футбольным полі адбываецца спаборніцтва, за якім назіраюць людзі і якое павінна быць цікавым.
Касцёл таксама падобны да футбольнага поля. У ім адбываецца спаборніцтва дабра са злом. Святар, як трэнер, навучае вернікаў з кнігі Евангелля, і яны павінны прымаць гэтае вучэнне і жыць паводле яго. Гэтага чакае ад нас Бог і свет, якому патрэбны сведкі Евангелля.
7. У футбольнай гульні ёсць апанент, гэта азначае супернік, які ўсімі сіламі стараецца перашкодзіць другой камандзе, каб тая не выйграла.
У Касцёле таксама ёсць падобны апанент. Гэта злы дух, які з усіх сіл імкнецца не дазволіць нам выйграць барацьбу за згоднае з Евангеллем жыццё. Таму Езус заклікае чуваць і не расслабляцца, бо д’ябал не спіць і, як рыкаючы леў, імкнецца як мага больш душаў зацягнуць у свае сеці.
8. Кожная футбольная каманда мае сваю ўніформу, каб яе можна было адрозніць ад іншых.
Мы, як члены Касцёла і веруючыя, таксама маем нашу ўніформу. Гэта адзенне Божай ласкі, па якой іншыя павінны пазнаць, да якой каманды мы належым.
9. Касцёльны футбол у Беларусі толькі распачынае сваю гісторыю і перад ім вялікі шлях да ўдасканалення. Футбольныя чэмпіянаты свету паказваюць, што маладыя, па футбольных мерках, каманды заваёўваюць усё лепшыя і лепшыя пазіцыі. Так ёсць, бо яны маюць добрага гаспадара, трэнера і зыграных гульцоў, якія ўтвараюць адну каманду.
Дарагія браты і сёстры! Мы, як духоўная футбольная каманда, аддадзімся ва ўладу нашаму гаспадару, Езусу Хрысту, станем паслухмянымі нашым святарам, як трэнерам, будзем прытрымлівацца стратэгіі, якой з’яўляецца Евангелле і вучэнне Касцёла, каб быць баявой, настроенай на перамогу над злым духам, камандай. Амэн.
|