Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы пахавання ксяндза Рычарда Юніка

Рубяжэвічы, 4 снежня 2014 г.

Вашы Эксцэленцыі, глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, блізкія памерлага ксяндза Рычарда Юніка, браты і сёстры!

1. «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць», — кажа Езус.

З верай у вечнае жыццё мы збіраемся сёння ў рубяжэвіцкай святыні св. Юзафа, каб правесці ў апошні зямны шлях шматгадовага пробашча гэтай парафіі ксяндза Рычарда Юніка. Натуральна, што нашы сэрцы напоўнены смуткам, які заўсёды бывае ў такіх выпадках, нягледзячы на тое, што памерлы доўга і цяжка хварэў. Рэальнасць смерці з яе болем і сэнсам страты сёння стае перед намі. Але падобна да таго, як мы аб’яднаны стратай, мы таксама аб’яднаны і нечым іншым — а менавіта верай.

Супраць рэльнасці смерці сёння выступае рэальнасць веры. Трэба падкрэсліць «рэальнасць», а не «можа быць», «я так думаю» або нейкую іншую фантазію.
 
2. Наша вера адкрывае праўду аб жыцці i смерці, а таксама аб тым, што наступае потым. Толькі ў святле веры мы можам зразумець таямніцу смерці і тое, з якімі пачуццямі мы павінны яе ўспрымаць. Калі мы кажам аб наступаючым за смерцю новым жыццём, то не толькі таму, што такое меркаванне нас супакойвае, але перадусім таму, што гэта абвешчаная Богам праўда. Хрыстус перамог смерць. Смерць не была ў Божым плане. Яна — вынік граху. Таму смерць не ад Бога, а ад адварочвання ад Яго.

Многія людзі думаюць, што гісторыя чалавека замыкаецца ў трох словах: нараджэнне, жыццё, смерць. Для нас, хрысціян, гэтая гісторыя павінна замыкацца ў наступных чатырох словах: нараджэнне, жыццё, смерць, уваскрасенне. У святле праўды Уваскрасення Хрыста смерць не мае апошняга слова, яна не апошняя сторонка кнігі нашага жыцця. Будзе новая старонка, якая называецца старонкай вечнага жыцця.

Гэтай праўдзе вучыў людзей памерлы ксёндз Рычард Юнік, і з гэтай праўдай у сэрцах сёння мы развітваемся з ім з надзеяй спаткацца ў вечнасці.

3. Шлях ксяндза Рычарда да святарства не быў лёгкім. Падрыхтоўку да святарства, можна сказаць, ён распачаў у рубяжэвіцкай парафіі, дзе 14 гадоў працаваў арганістам. Потым патаемна праходзіў фармацыю ў Мядзведзіцы пад кіраўніцтвам ксяндза Вацлава Пянткоўскага. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1978 г. у Рызе. Ён быў першым пасвечаным пасля вайны святаром, які паходзіў з Пінскай дыяцэзіі. Калі ў 1978 г. памёр пробашч рубяжэвіцкай парафіі ксёндз Пётр Пупін, то ксёндз Рычард Юнік спачатку прыязджаў туды, а потым стаў яе пробашчам. Якое шчасце было ў вернікаў Рубяжэвічаў, калі парафія ізноў атрымала пастаяннага святара. Ва ўсім наваколлі не было святароў, а ў Рубяжэвічах быў, да яго ехалі вернікі з Мінска, Маладзечна, Стоўбцаў, Дзяржынска, Івянца і іншых парафій, дзе не было святара.

4. Гэта было вельмі сімвалічна, што ксёндз быў менавіта ў Рубяжэвічах. Слова «Рубяжэвічы» нагадвае пра рубеж, мяжу. А як вядома, на мяжы знаходзяцца пагранічнікі, якія сцерагуць сваю краіну. Ксёндз Рычард у духоўным сэнсе быў такім пагранічнікам, бо сцярог межы краіны веры. У часы ганенняў на Касцёл ён мужна змагаўся з ворагамі веры, бараніў яе і чыніў усё магчымае, каб ваяўнічы атэізм не завалодаў душамі людзей. Падтрымліваючы веру і распаўсюджваючы яе, ён будаваў жывы Касцёл. Быў прыкладам захоўвання рэзідэнцыі, так што ў кожны момант яго можна было знайсці на месцы. Вялікую ўвагу прысвячаў паралітургічным набажэнствам,  а таксама аднаўленню і ўмацаванню хрысціянскіх традыцый. Прапагандаваў здаровы безалкагольны стыль жыцця. Асабліва клапаціўся аб матэрыяльным стане гэтай прыгожай святыні і сам прымаў удзел у яе рамонтах.

Пры ўсім гэтым ён сам жыў вельмі сціпла ў маленькім доміку. Таму яму можна адрасаваць словы Святога Пісання, што клопат аб доме Божым пажыраў яго. Ён так моцна зросся з рубяжэвіцкай парафіяй, што калі вернiкi казалі слова «Рубяжэвічы», яно амаль аўтаматычна азначала ксяндза Юніка. І сёння ўдзячны яму Народ Божы напаўняе гэтую святыню, каб развiтацца з ім.

5. Святар, як і кожны іншы чалавек, не дасканалы, што асабліва падкрэслівае Папа Францішак, кажучы, што ўсе мы грэшнікі. Таму сёння ксяндзу Рычарду таксама, магчыма, патрэбна наша малітоўная дапамога, каб  міласэрны Бог прыняў яго ў сваё Валадарства.

Ён падчас свайго служэння вёў людзей да Бога і такім чынам да вечнага жыцця. Яго зямны час завяршыўся, і цяпер ён стаіць перед Богам як суддзёй. Як ён, служачы людзям, не шкадаваў свайго часу, каб толькі данесці ім Божае слова і збаўчую ласку, так і мы сёння не пашкадуем сваёй малітвы ў яго інтэнцыі, каб дзякуючы ёй ён убачыў Бога тварам у твар.

Святы апостал Павел вучыць, што хрысціянін жыве ў Хрысце і ў Ім памірае. Усё гэта адрознівае смерць веруючага чалавека ад смерці няверуючага. Мы злучыліся з Хрыстом у сакрамэнце хросту і жывём у Ім праз малітву і ўдзел у сакрамэнтах. Але калі мы жывём і паміраем у Хрысце, то ў Ім і ўваскрэснем.

6. Ксёндз Рычард, ты адышоў, бо цябе паклікаў Бог. Але ты пасля сябе пакінуў глыбокі след на гэтай зямлі. Гэта след веры ў людзей, якія атэістычным рэжымам былі асуджаны на яе страту. З гэтай верай мы развітваемся з табой з надзеяй потым, у вечнасці, прабываць разам.

У новых абставінах свабоды веравызнання і адначасова выклікаў секулярызму ізноў паўстае пытанне аб абароне веры і яе адражэнні, пытанне аб тым, хто будзе абвяшчаць Евангелле і вучыць людзей праўдам веры, хто прыйдзе на замену памерламу ксяндзу Рычарду Юніку. Таму пахаванне святара — гэта рэкалекцыі паклікання да святарства, каб і ў наш час знайшліся маладыя людзі, якія на Божы заклік «Пайдзі за Мной» адкажуць: «Вось я, Пане, пашлі мяне», каб у нас не было недахопу ў тых, хто будзе абвяшчаць вечна жывое і дзейснае Божае слова, цэлебраваць сакрамэнты, праз якія мы атрымліваем неабходную для збаўлення Божую ласку, і будаваць касцёльную супольнасць.

7. Першыя хрысціяне на магілах сваіх памерлых пісалі: «Жыві ў Хрысце». Сёння таксама i мы нашымі малітвамі з удзячнасцю напішам на магiле памерлага святара такія ж самыя словы: «Ксёндз Рычард, жыві ў Хрысце, бо жыццё ў Хрысце ёсць жыццём у радасці неба». Амэн.

Адноўлена 04.12.2014 16:04
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі