Мінскі архікатэдральны касцёл, 6 снежня 2014 г.
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. Абвяшчаючы прынцыпы Божага Валадарства, Езус кажа, што прыйшоў не адмяніць Закон, але яго выканаць (пар. Мц 5, 17).
Пры гэтым Ён жадае паказаць навізну гэтага закону, а менавіта тое, што найбольшай і першай запаведдзю ў ім ёсць любіць Бога ўсім сэрцам, усёю душою і ўсім розумам, а другая падобная да яе — любіць блiжняга як самого сябе (пар. Мц 22, 37-39).
Вучэнне Езуса становіцца выклікам для Яго слухачоў, якiя прызвычаiлiся да прынцыпу «Вока за вока, зуб за зуб» (пар. Лев 24, 20). Ён кажа ім жыць кардынальна іншым жыццём, чым жывуць мытнікі і грэшнікі. Падобная праблема iснавала заўсёды. Таксама і сёння заклік жыць хрысціянскім жыццём патрабуе ад нас жыць інакш, чым прапануе сучасная культура.
2. Сёння мы сабраліся ў мінскай катэдры, каб прыняць удзел у падзеі прэзбітэрскага пасвячэння дыякана Вiталiя Стрыгі. Некалькі хвілін таму мы пачулі скіраваны да яго заклік выйсці наперад. Ён, як кандыдат у святарскі стан, быў запрошаны прадставіцца гатовым да канца жыцця выконваць абавязкі святара. Гэты заклік з’яўляецца заклікам самога Хрыста, які праз Касцёл прызнае яго годным да выконвання святарскіх абавязкаў. Пакліканне да святарства нараджаецца ў касцёльнай супольнасці і святар выконвае свае абавязкі ў ёй, будучы яе духоўным настаўнікам і сам адначасова атрымліваючы ад яе духоўную падтрымку.
3. Святарскае служэнне не нараджаецца з мандату касцёльнай супольнасці, але з волі Хрыста. Святар — гэта не дэлегат парафіі і сам сабе не вызначае святарскіх функцый. Часам можна пачуць словы «маё святарства», што не адпавядае праўдзе, бо святарства — гэта не прыватная ўласнасць і не прывілей. Быць святаром азначае быць слугою Хрыста.
Дзякуючы сакрамэнту святарства кандыдат атрымлівае моц дзейнічаць ад імя Хрыста. Ён анталагічна яднаецца з Ім і ад Яго атрымлівае ўладу раздаваць Яго дары. Гэтае адзінства з Хрыстом павінна падтрымлівацца і ўзрастаць у штодзённым жыцці.
4. Дыякан Вiталiй, ты пакліканы дзейнічаць «In persona Christi» — ад імя Езуса і Яго моцай, асабліва цэлебруючы Эўхарыстыю і іншыя сакрамэнты. Таму ты пакліканы ідэнтыфікавацца з Хрыстом, каб быць Яго слугою ў Яго жыццядайнай ахвяры. Дзейнічаць ад імя Хрыста азначае, што святар не ставіць сябе самога ў цэнтры свайго служэння: ён толькі слуга, які вядзе не да себе, але да Хрыста.
Гэтае служэнне выконваецца праз вернасць Хрысту і Касцёлу, а таксама праз паслухмянасць касцёльнай уладзе. Без гэтага святарскае служэнне будзе пустым і бясплённым.
5. Святар пакліканы быць добрым пастырам, і ўсё сваё жыццё ён павінен вучыцца такім быць, не толькі беручы ўдзел у праграме сталай фармацыі, будучы экспертам у пастырскай дзейнасці ці імкнучыся да папулярнасці, але стараючыся быць падобным да Езуса — Добрага Пастыра.
Святар — гэта пастыр і настаўнік. Ён пакліканы абвяшчаць Евангелле словам і прыкладам свайго жыцця. Для гэтага ён перадусім павінен разважаць над законам Божым, верыць у тое, што чытае, навучаць таму, у што верыць, і выконваць тое, чаму навучае. Для таго, каб святар быў верным прапаведнікам Божай праўды, ён найперш сам павінен быць яе верным сведкам.
Святар не абвяшчае свайго слова і свайго вучэння, але Хрыста. Быць слугою Божага слова азначае ахвярна абвяшчаць Добрую Навіну. Без гэтай ахвярнасці наша абвяшчэнне будзе толькі прэзентацыяй нас саміх і нашых асабістых амбіцый, а не данясення да людзей Божага слова. Нездарма Другі Ватыканскі Сабор прыгадвае святарам аб іх абавязку вывучаць Святое Пісанне, бо, як кажа святы Аўгустын, пакуль святар найперш не пачуе Божага слова ў сваім сэрцы, то яго словаў не пачуюць слухачы (пар. DV 25).
6. Дыякан Вiталiй, ты пакліканы да таго, каб, дзякуючы твайму святарскаму служэнню, універсальнае права любові да Бога і бліжняга было прынята ўсімі тымі, каго ты спаткаеш на сваім святарскім шляху. Ты павінен будзеш несці гэты закон да тых, хто аб ім ніколі не чуў, і да тых, хто ад яго адмовіўся, каб яны жылі паводле вучэння Хрыста. Хрысціянскае жыццё — гэта не збор правіл, якія ўскладзены на чалавека, але Пасланне аб Хрысце, які імкнецца спаткаць нас, грэшных, з любоўю, разуменнем і прабачэннем.
7. Быць святаром у наш час — нялёгкае заданне. Гэта сапраўдны выклік. Пакліканне да святарства — гэта пакліканне нястомна абвяшчаць Евангелле такім чынам, каб яно закранула сэрцы ўсіх людзей нашага часу.
Святароў усё яшчэ мала, а заданняў з кожным днём становіцца ўсё больш. У сувязі з гэтым узнікае спакуса стаць святарскімі працаголікамі, якія без аглядкі заняты рознымі патрэбнымі і не заўсёды патрэбнымі, а часам і тымі, якія нават не маюць нічога супольнага з душпастырствам, актыўнымі справамі, думаючы, што такім чынам будуць вырашаны ўсе праблемы. Пры гэтым мы забываемся, што, так дзейнічаючы, можам заблудзіцца і расчаравацца, калі нашы высылкі не прынясуць поспеху.
Святарскае служэнне патрабуе малітвы, паглыблення ведаў і асабліва ведання Святога Пісання, каб лепей пазнаць Езуса, які з’яўляецца галоўным каталізатарам святарскай працы. Без гэтага мы будзем прапаноўваць свету Касцёл, пабудаваны паводле чалавечага, а не Божага плану; Касцёл, які будзе не боска-чалавечай, а чыста чалавечай інстытуцыяй.
8. Таму, дарагі сыне Віталій, у асаблівы дзень твайго жыцця да канца даверся Богу і праз узбагачанае малітвай і пастаяннай фармацыяй служэнне будзь сведкамХрыста і да Яго вядзі тых, каго спаткаеш на сваім святарскім шляху, каб Ён ім быў адзінай дарогай, праўдай і жыццём (пар. Ян 14, 6). Амэн.
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
1. Другі Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Божае Аб’яўленне «Dei Verbum» (DV).
|