Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на III Нядзелю Адвэнту

Ракаў, 14 снежня 2014 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. III Нядзеля Адвэнту называецца нядзеляй «Gaudete», што з лацінскай мовы азначае «Радуйцеся». Гэтымі словамі распачынаецца сённяшняя святая Імша. Касцёл заклікае нас радавацца, бо Божае Нараджэнне ўжо блізка і наша збаўленне, якое паходзіць ад Езуса Хрыста, таксама блізка. Аб радасці нагадвае таксама і ружовы колер літургічных адзенняў.

Да радасці заклікае нас сённяшняе Божае слова. У першым чытанні прарок Ісая прадстаўляе візію Збаўцы, які пасланы Богам несці людзям палёгку, гэта азначае радасць. У другім чытанні апостал Павел заклікае адмовіцца ад зла, маліцца і заўсёды радавацца. У Евангеллі святы Ян Хрысціцель заклікае падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу. Вядома, што па благой дарозе мы не даедзем далёка, можам нават паламаць машыну.

Рэспансарыйны ж псальм — гэта словы Марыі з Яе славутага гімна «Magnificat», у якім Яна праслаўляе Бога за вялікія рэчы, якія Ён учыніў Ёй і праз Яе ўсяму чалавецтву.

Таму, сапраўды, III Нядзеля Адвэнту павінна быць нядзеляй радасці, бо свята Божага Нараджэння заклікае нас да нараджэння Хрыста Яго ласкай у нашых сэрцах.

2. Сённяшняе Евангелле раcпавядае аб тым, што святы Ян Хрысціцель быў пасланы Богам, каб сведчыць пра Святло, якое прыходзіць, гэта значыць пра Збаўцу. Яго місіяй было падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу і быць Яго сведкам сярод грахоўнай цемры таго часу.

Мінула 2000 гадоў. Нягледзячы на тое, што ўвесь гэты час праўда аб збаўленні абвяшчалася ўсім людзям, тым не менш сучасны свет — гэта свет духоўнай цемры, і ён патрабуе расчысціць дарогу Хрысту, які прыходзіць праз служэнне Касцёла, і быць Яго сведкамі. Гэта місія сучаснага хрысціяніна.

Падобна да таго, як святло новага дня нясе нам радасць, таксама і прыйсце Хрыста, які ёсць ніколі не гаснучым сонцам, з’яўляецца прычынай нашай радасці. Мы, як хрысціяне, павінны быць сведкамі Хрыста і Евангелля нашымі словамі і справамі, у добры час і падчас выпрабаванняў. Адным словам, мы заўсёды павінны несці хрысціянскае сведчанне праз наша транспарэнтнае хрысціянскае жыццё. Гэтым самым мы пакліканы паказаць Хрыста іншым людзям, падобна таму як гэта рабіў святы Ян Хрысціцель, указваючы людзям на Хрыста і кажучы, што Ён Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету.

3. Што мы павінны рабіць, каб падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу і самім быць Яго сведкамі? Адказ дае святы Ян Хрысціцель: навяртайцеся і рэфармуйце сваё жыццё.

Да навяртання і рэфармавання нашага жыцця вядзе нас Касцёл, найперш праз сваіх святароў.

Сёння ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай і св. Дамініка ў Ракаве мы ўспамінаем салезіяніна кс. Яна Такарскага, які 20 гадоў у цяжкія часы ганенняў на Касцёл служыў людзям у Ракаве. Ксёндз Ян Такарскі нарадзіўся ў 1900 г. каля Тарнава ў Польшчы. Потым стаў членам салезіянскай супольнасці і распачаў падрыхтоўку да святарства ў Кракаве. Аднак падчас Другой сусветнай вайны ён апынуўся ў Вільні, дзе ў 1941 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.

Пасля вайны ў 1948 г. кс. Ян Такараскі быў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў лагераў і 5 гадоў пазбаўлення грамадзянскіх правоў. Быў вызвалены з лагераў у 1954 г. Большасць арышту правёў у Інце ў Рэспубліцы Комі. Цяпер там існуе каталіцкая парафія, якую мне давялося наведваць падчас служэння ў Расіі. Пасеянае ім 60 гадоў таму на тых паўночных тэрыторыях Божае слова сёння дае свае ўсходы.  

Пасля вызвалення з лагеру кс. Ян Такарскі адзін год працаваў у Красным, а потым увесь час да сваёй смерці ў 1974 г. — у Ракаве. У 1957 г. яму ўдалося вярнуць капліцу на могілках, якую ён адрамантаваў і там адбываліся набажэнствы.

4. Такім чынам, дзякуючы ахвярнаму служэнню кс. Яна Такарскага, Ракаў стаў аазісам духоўнага жыцця ў пустыні атэізму. Сюды ехалі людзі з Мінска і іншых гарадоў і вёсак, бо тут быў святар, які да канца свайго жыцця абвяшчаў Божае слова, тым самым перадаючы веру людзям і яе ўмацоўваючы; цэлебраваў сакрамэнты, у якіх вернікі атрымлівалі патрэбную для збаўлення Божую ласку; і, наколькі дазвалялі ўмовы таго часу, будаваў парафіяльную супольнасць.

Сваім верным і ахвярным служэннем ён мужна заклікаў людзей падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Пану і быць Яго сведкамі ў тыя нялёгкія часы выпрабаванняў. Дзякуючы яго служэнню вера засталася на гэтай зямлі і сёння адраджаецца. Як салезіянін, ён сваім жыццём рэалізаваў дэвз заснавальніка таварыства салезіян св. Яна Боско: «Дайце мне душы, а ўсё іншае забярыце». Клопат пра душы людзей і іх збаўленне ў абставінах ваяўнічага атэізму быў галоўным у яго жыцці.

5. Сёння, у 40-ю гадавіну яго смерці, Мінска-Магілёўскі Касцёл і парафія Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай і св. Дамініка ў Ракаве дзякуе кс. Яну Такарскаму і моліць Бога, каб быў міласэрны да яго. Мы павінны памятаць аб тых, хто быў перад намі. Павінны памятаць аб святарах, у тым ліку аб тых, якія прайшлі цяжкія выпрабаванні ў канцэнтрацыйных лагерах. Іх прыклад павінен заахвочваць нас заставацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню і сведчанню, каб радасць Евангелля была ўдзелам кожнага чалавека.

Адзін чалавек у нядзелю апынуўся ў незнаёмым горадзе і хацеў схадзіць у касцёл на набажэнства, але не ведаў, куды ісці. Ён спытаў паліцэйскага, і той паказаў яму на каталіцкі касцёл. Чалавек спытаў у яго, чаму каталіцкі, калі ў горадзе ёсць малітоўныя дамы іншых канфесій. Паліцэйскі адказаў, што ён сам няверуючы, але бачыць выходзячых з касцёла людзей вельмі шчаслівымі і радаснымі. Менавіта таму ён і паказаў дарогу да каталіцкага касцёла.

Ксёндз Ян, ты мужна прайшоў праз сваё чалавечае і святарскае жыццё, несучы радасць са спаткання з Богам.

Давяраючы цябе Божай міласэрнасці, мы выказваем надзею, што ты знаходзішся ў краіне вечнай радасці. Благаславі нас, благаславі ракаўскую парафію, благаславі ўсіх, хто сюды прыходзіць маліцца, каб у іх душах панавала радасць прыходзячага Пана. Амэн.

Адноўлена 13.12.2014 23:39
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі