Мінскі архікатэдральны касцёл, 25 снежня 2014 г.
Каляды – дзіва над дзівамі!
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сардэчна вітаю вас і віншую з радасным і збаўчым святам Божага Нараджэння, якое кожны год нанова і нанова здзіўляе нас, бо ў бэтлеемскай стайні нарадзіўся сам Бог. Гэта не што іншае, як Божы сюрпрыз.
Нечаканы візіт важнай персоны для нас з’яўляецца вялікім сюрпрызам. Бог у вобразе чалавека завітаў на нашу зямлю. Ці гэта не самы вялікі сюрпрыз усяму чалавецтву?
У жыцці мы перажываем шмат нечаканых сюрпрызаў. Мы добра ведаем, што сюрпрызы могуць быць розныя: адны добры, іншыя дзіўныя, некаторыя жудасныя і трагічныя, некаторыя вясёлыя. Сюрпрызы з’яўляюцца часткай нашага жыцця, яны нечаканыя і непрадказальныя.
У гэтым сэнсе Каляды – сюрпрыз, які з’яўляецца вельмі адметным. Усе мы памятаем, якое здзіўленне ахоплівала нас у дзяцінстве, калі мы спяшаліся на пастэрку! Яно застаецца з намі праз усё жыццё, бо гэта не чалавечы, але Божы сюрпрыз.
2. Адзін прафесар кожны вечар дапазна сядзеў за сталом і апрацоўваў лекцыі наступнага дня. Яму штодзённа прыносілі пошту, і ён яе праглядаў. Аднойчы ён заўважыў часопіс, які яму прынеслі памылкова. Адкрыў яго і ўбачыў артыкул пра патрэбы на місіях у Конга. Пачаў чытаць і даведаўся, што патрабаванні там сапраўды вельмі вялікія і няма людзей, якія маглі б іх вырашыць. Артыкул так яго ўзрушыў, што ён напісаў у сваім дзённіку: “Я завяршыў сваю прафесарскую дзейнасць і ахвярую сябе служэнню патрабуючым у Конга”.
Гэты невялікі артыкул, які зусім выпадкова трапіў на стол прафесара, стаў для яго Божым сюрпрызам, які змяніў яго жыццё.
3. Сёння мы перажываем самы вялікі сюрпрыз, які калі-небудзь меў месца ў гісторыі чалавецтва: сюрпрыз таямніцы Богаўцелаўлення. Божае абяцанне паслаць у свет Збаўцу ажыццявілася. Але гэта стала магчымым дзякуючы згодзе Марыі з Божай воляй. Таму сюрпрыз Божага Нараджэння быў папярэджаны сюрпрызам Звеставання.
Разважаючы аб таямніцы Богаўцелаўлення, мы павінны памятаць аб тым, што яна змагла ажыццявіцца дзякуючы згодзе Марыі з Божай воляй. Такім чынам справу збаўлення чалавека Бог зрабіў залежнай ад самога чалавека.
4. Сёння мы ўспамінаем тую гістарычную падзею, якая змяніла лёсы чалавецтва і стала пераломным пунктам у яго гісторыі. Чалавек не мог сам сябе выратаваць з грахоўнай няволі. Яму на дапамогу павінен быў прыйсці той, хто мае ўладу над злым духам, - а менавіта сам Бог.
Як узгаданы вышэй прафесар пакінуў утульную ўніверсітэцкую аўдыторыю і паехаў у Афрыку, каб ратаваць патрабуючых, таксама і Сын Божы пакінуў утульнае неба і адправіўся на не заўсёды ўтульную зямлю. Ён прыйшоў да сваіх, але яны Яго не прынялі. Замест таго, каб нарадзіцца ў годным нябеснага госця месцы, Ён нарадзіўся ў простым хляве сярод хатніх жывёлаў.
Гэтым самым Бог хоча паказаць, што не ідзе вызначанымі Яму людзьмі аўтастрадамі, але вядучымі да грахоўных людзей дарогамі. Гэта той цуд і той сюрпрыз, які Бог падрыхтаваў чалавецтву. Таму Бог сярод грэшных людзей – гэта рэвалюцыйнае пасланне Божага Нараджэння.
5. Пачынаючы ад бэтлеемскага гроту, Бог спадарожнічае грэшнаму чалавеку, раздзяляе яго радасці і смутак, дапамагае яму і дае надзею. Ён не саромеецца духоўнай прыніжанасці чалавека. Наадварот, Ён уваходзіць у яе, выбірае чалавечую прыроду сваім інструментам і чыніць цуды там, дзе на гэта ніхто не спадзяецца. Такім чынам Ён дае нам магчымасць адчуць Яго блізкасць.
Ці гэта нас не здзіўляе? Ці не павінны мы за гэты дар дзякаваць Богу? Ці не павінны гэтым дарам дзяліцца з іншымі, асабліва з тымі, хто яшчэ не пазнаў Бога?
6. Божае Нараджэнне не завяршылася 2000 гадоў таму ў Бэтлееме, але яно працягваецца. Бог і сёння шукае нашых сэрцаў і стукае ў іх, каб там нарадзіцца. Для гэтага неабходна паступіць так, як паступіла Марыя: згаджацца з Божай воляй. Тады Бог учыніць нам новы сюрпрыз, учыніць нават калі мы далёка аддаліліся ад Яго. Ён заўсёды спяшаецца са сваёй дапамогай. Усё залежыць толькі ад нас саміх. Нездарма святы Аўгустын кажа: “Божа, Ты стварыў мяне без мяне, але не можаш збавіць без мяне”.
Дазволім, таму, каб Уцелаўлёны Бог і наш Збаўца Езус Хрыстус наведаў нас і пасяліўся ў нашых сэрцах, каб адарыў нас сваёй збаўчай ласкай.
Гісторыя Касцёла ведае шмат такіх сюрпрызаў, калі чалавек, які нават пераследаваў рэлігію, станавіўся глыбока веруючым. Добрым прыкладам можа служыць гісторыя навяртання святога Паўла. Ён, яшчэ будучы Саўлам, пераследаваў хрысціян. Але ля брамы Дамаска, куды ён накіроўваўся, каб нішчыць хрысціянскую веру, яго напаткаў сюрпрыз, які змяніў яго жыццё. Ён упаў з каня і аслеп, але духоўна празрэў. У выніку чаго стаў выбраным начыннем Хрыста і Апосталам народаў, які нёс Евангелле язычнікам.
7. Дарагія браты і сёстры!
Ужо больш за 2000 гадоў Уцелаўлёны Бог з чалавечым тварам і сэрцам спадарожнічае нам, каб раздзяляць нашы радасці і смутак, каб схіляцца над намі і нас ратаваць, каб даць нам новую надзею, нават насуперак надзеі. Сапраўды, гэта вельмі каштоўны і прыемны сюрпрыз!
Сардэчна віншую ўсіх вас са святам Божага Нараджэння! Віншую сваіх адзінаверцаў, католікаў. Віншую іншых хрысціян, якія таксама сёння святкуюць гэтае свята. Віншую праваслаўных, якія перажываюць пост і працягваюць падрыхтоўку да святаў Раства Хрыстова! Віншую ўсіх людзей добрай волі!
8. Мы ўсе адказныя за наш асабісты лёс і лёс нашай Бацькаўшчыны. У новых умовах нашага жыцця мы перажываем розныя крызісы, якія турбуюць усіх нас. Сярод іх не апошняе месца займае нарастаючы крызіс духоўнасці, які праяўляецца ў адыходзе ад хрысціянскіх каштоўнасцяў. Без Божай дапамогі мы не можам справіцца з ім. Неабходна Яго інтэрвенцыя. Неабходны Ягоны сюрпрыз, каб нашы сэрцы сталі Бэтлеемам нашага часу.
Таму ўчынім усё магчымае, каб свята Божага Нараджэння не абмяжоўвалася толькі да традыцыі адорваць адзін аднаго каляднымі падарункамі, схадзіць у госці ці запрасіць кагосьці да сябе, можа, нават схадзіць у касцёл, бо туды сёння ідзе шмат народу, бо там прыгожыя яслі, бо так чынілі нашы продкі. Калі гэтая традыцыя не будзе ўзбагачана духоўным элементам, калі мы не будзем старацца дазволіць Езусу сваёй ласкай нарадзіцца ў нашых душах, то яна будзе бездухоўнай і мы не дазволім, каб Бог учыніў новы сюрпрыз у нашым жыцці.
У гэты радасны дзень Божага Нараджэння мы звяртаемся да Цябе, Божае Дзіцятка, падымі сваю руку і благаславі ўсіх нас, каб сюрпрыз Богаўцелаўлення стаў часткай нашага жыцця. Амэн.
|