Мінск, касцёл св. Сымона і св. Алены, 28 снежня 2014 г.
Сям’я — радасць і надзея
Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагія сем’і!
1. Сёння, у першую нядзелю пасля Божага Нараджэння і адначасова ў апошнюю нядзелю каляндарнага года, Каталіцкі Касцёл адзначае свята Святой Сям’і. Гэтым самым Касцёл хоча падкрэсліць праўду аб тым, што Хрыстус прыйшоў у гэты свет у сям’і і таму сям’я павінна быць месцам прабывання Бога.
2. Ужо на самым пачатку гісторыі чалавецтва Бог стварыў сям’ю, як адзіны і непарушны саюз мужчыны і жанчыны, якія павінны жыць разам, дапамагаць адно аднаму, нараджаць патомства і яго выхоўваць.
Гэты саюз у наш час перажывае не бачны дагэтуль крызіс, які праяўляецца ў растучай колькасці разводаў і абортаў; незахаванні сужэнскай вернасці; адыходзе ад традыцыйнай мадэлі сям’і, калі гомасексуальныя саюзы атрымліваюць тыя ж самыя правы, што і нармальная сям’я; практыкаванні так званых пробных сужэнстваў, калі мужчына і жанчына жывуць разам як без дзяржаўнай рэгістрацыі, так і без касцёльнага шлюбу, і г.д.
У апошнія часы ўсё больш рапаўсюджваецца так званая гендэрная ідэалогія, сутнасць якой заключаецца ў адрозненні паміж біялагічным полам і сацыяльным. Гэта азначае, што хтосьці з’яўляецца мужчынай ці жанчынай не з факту яго біялагічнай прыроды, але з культурных фактараў і выхавання. Кажучы іншымі словамі, мужчына з’яўляецца жанчынай, бо такой сябе адчувае. А адчувае таму, што яму, калі быў яшчэ малым хлопчыкам, далі ў якасці забаўкі не машынку, а ляльку.
У кастрычніку гэтага года ў Ватыкане адбыўся Сінод Біскупаў, прысвечаны сям’і. Рэляцыі біскупаў з усяго свету паказалі, што крызіс сям’і можна раздзяліць на тры наступныя віды: крызіс тоеснасці Богам створанага інстытуту сям’і, крызіс пракрэацыйнай місіі сям’і і крызіс яе выхаваўчай місіі.Таму сучасная сям’я – гэта не што іншае, як духоўны Чарнобыль, гэта як быццам эпідэмія духоўнай эболы. Праблему крызісу сям’і належыць шукаць у крызісе веры, які ахапіў свет.
Касцёл вучыць, што сям’я з’яўляецца галоўнай клеткай кожнага грамадства і яго падмуркам. Таму мы пакліканы шукаць лекі ад гэтай хваробы, каб будаваць цывілізацыю жыцця, а не смерці.
3. Дзе шукаць паратунку?
Адказ дае Касцёл: у Святой Сям’і. Касцёл заахвочвае нас глядзець на Святую Сям’ю, на Езуса, Марыю і Юзафа, каб чэрпаць з яе натхненне, браць прыклад і адвагу. Марыя і Юзаф працавалі цяжка, дапамагалі адно аднаму, разумелі адно аднаго і апекаваліся Езусам, каб Ён мог гарманічна развівацца як з чыста чалавечага, так і з боскага пункту гледжання. Гэтага вельмі не хапае сучасным сем’ям, якія найбольш клапоцяцца аб матэрыяльным і інтэлектуальным выхаванні сваіх дзяцей, але забываюцца пра духоўнае і чалавечае.
Калі аднойчы благаслаўлёны Папа Павел VI, яшчэ будучы арцыбіскупам Мілана, праводзіў пастырскую візітацыю, то наведаў адну старую жанчыну і пацікавіўся, як яна жыве. Жанчына адказала, што ёй усяго хапае на жыццё, яна мае дастаткова грошай і ежы, добрае і цёплае памяшканне. «Ці шчаслівая вы?» – спытаў арцыбіскуп. «Не, — адказала жанчына. — Мой сын і яго жонка мяне не наведваюць, увесь час я знаходжуся адна і паміраю не ад хваробы ці матэрыяльнай нястачы, але ад самотнасці».
Як бачна, матэрыяльнага дабрабыту і цяпла далёка не дастаткова для шчасця. Людзі патрабуюць чагосьці большага, а менавіта нашай прысутнасці, нашага часу, нашай любові. Да гэтага іх неабходна выхаваць. І гэта адно з галоўных заданняў бацькоў.
4. Прыказка кажа, што яблык ад яблыні далёка не падае. Які бацька, такі і сын. Калі бацькі не выхаваюць адпаведным чынам сваіх дзяцей, то не могуць потым наракаць, што яны непаслумяныя і не жывуць паводле Божага закону. Моладзь больш за ўсё ўспрымае прыклад бацькоў, якія для яе з’яўляюцца непадважным аўтарытэтам. Нават катэхеза не будзе імі ўспрынята, калі яны не будуць бачыць бацькоў, якія жывуць згодна з Божым законам. Калі ж бацькі даюць сваім дзецям добры прыклад хрысціянскага жыцця і паслухмянасці Божаму закону, то і дзеці будуць паступаць падобна.
5. Сённяшняе Евангелле прадстаўляе сцэну ахвяравання Немаўлятка Езуса ў Ерузалемскай святыні. Гэты евангельскі эпізод нагадвае пра клопат Марыі і Юзафа аб выкананні Божага закону. Іншы евангельскі эпізод распавядае аб наведванні гэтай святыні Святой Сям’ёй. Калі Езус застаўся там і Марыя з Юзафам доўга шукалі Яго, Ён ім адказаў, што павінен быць у справах Яго нябеснага Айца.
Ці сучасныя бацькі кожны дзень моляцца, кожную нядзелю і свята спяшаюцца разам з дзецьмі ў касцёл на набажэнствы, ці часта прыступаюць да сакрамэнту пакаяння і святой Камуніі, ці даюць ім прыклад хрысціянскага жыцця?
На жаль, на гэтыя пытанні сучасныя сем’і вельмі часта не могуць даць станоўчага адказу. У выніку маем тое, што маем. Нашы дамы і памяшканні, замест таго, каб быць месцамі, дзе жыве сям’я як хатні Касцёл, становяцца гатэлямі, куды бацькі і дзеці прыходзяць толькі каб пераначаваць. Няма дыялогу паміж бацькамі і дзецьмі. Усе занятыя сваімі справамі і жывуць як быццам у сваім уласным гетта.
Калісьці сумесны стол, абед ці вячэра, збіралі сям’ю разам. Цяпер, у эпоху фастфудаў, ён амаль што знік. А калі яшчэ час ад часу існуе, то пасля спажывання ежы ўсе разбягаюцца па сваіх кутках: маці на кухню, бацька да тэлевізара, а дзеці да камп’ютараў.
Марыя з Юзафам ахвяравалі Езуса Богу ў Ерузалемскай святыні. Дзе і каму сучасныя бацькі ахвяроўваюць сваіх дзяцей? Гандлёва-забаўляльныя цэнтры сталі новымі касцёламі. Але там мы не спаткаем Бога. Яны не Бэтлеем, і ў іх Бог не нараджаецца. Таму сённяшняе свята яшчэ раз звяртае ўвагу бацькоў на іх адказнасць за выхаванне маладога пакалення ў духу любові да Бога і бліжняга.
6. Важным у выхаванні маладога пакалення з’яўляецца атмасфера, якая валадарыць у сям’і. Ні ў якім выпадку сям’я не можа быць месцам суду аднаго над адным, але месцам жыцця паводле хрысціянскіх цнотаў. Калі муж і жонка сварацца паміж сабой, як адвакаты ў судзе, то сям’я становіцца судом, у якім ніхто не выігрывае. У той жа час, калі яны ўмеюць прызнаць свае памылкі і дараваць адно аднаму, сям’я становіцца небам на зямлі.
Даверым сёння нашы сем’і Езусу, Марыі і Юзафу, каб Святая Сям’я духоўна прысутнічала ў іх жыцці, каб нашы беларускія сем’і былі хатнімі Касцёламі, месцам нараджэння і прыняцця новага жыцця, выхавання маладога пакалення згодна з прынцыпамі Евангелля, школай евангелізацыі і падрыхтоўкі да самастойнага жыцця, а таксама радасцю і надзеяй нашай Бацькаўшчыны. Амэн.
|