Мінскі архікатэдральны касцёл, 31 снежня 2014 г.
Наступны год Божай ласкі
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Гэтай святой Імшой мы завяршаем чарговы 2014 каляндарны год. Мы сабраліся ў нашай катэдры, каб праз прызму вучэння Евангелля паглядзець на яго і прасіць благаслаўленя на новы час нашага жыцця, які распачынаецца.
Сёння мы пытаемся ў сябе: якім быў для нас, для нашай краіны і ўсяго свету год, які завяршаецца? У беларускіх школах прынята дзесяцібальная шкала ацэнак. Як паводле яе мы маглі б ацаніць гэты год?
Калі пытаюся ў дзяцей, як яны вучацца, то найчасцей адказваюць: “нармальна”, што азначае атрымліваюць сямёркі ці васьмёркі, рэдка хто скажа, што вучыцца на дзявяткі, не кажучы ўжо пра дзясяткі.
2. А што мы можам сказаць? Якую ацэнку можам самі сабе паставіць?
Магчыма, мы можам ацаніць гэты год васьмёркай ці нават дзявяткай. Іншымі словамі, магчыма, можам сказаць, што сапраўды 2014 год быў вельмі добрым, бо нам спадарожнічаў поспех у працы, вучобе, сямейных справах, дзейнасці Касцёла, грамадскім жыцці, развіцці эканомікі, навукі і культуры, змаганні за мір і г.д.
Аднак, калі пакладзем руку на сэрца, то з усёй сур’ёзнасцю гэты год не можам так ацаніць. Аб гэтым сведчаць сумныя падзеі ў суседняй Украіне, эканамічны і фінансавы крызіс, які ўсё больш уплывае і на Беларусь, нарастаючы пераслед хрысціян у многіх краінах свету, не бачны дасюль крызіс сям’і, дэвальвацыя Божага дару жыцця, эпідэмія хваробы эбола, якая пажынае сваё смяротнае жніво і ад якой няма лекаў, і многае іншае.
3. Таму, можа, мы ацэнім год, які завяршаецца, ацэнкай у пяць балаў і скажам, што ён быў чарговым, вельмі падобным да мінулых гадоў і нічога асаблівага не прынёс. Мы проста штодня хадзілі на працу, вучыліся ў школе ці ўніверсітэце, выходзілі замуж і жаніліся, словам, жылі прывычным жыццём.
4. А можа, мы можам ацаніць гэты год як вельмі дрэнны і паставіць яму двойку (хаця нават у школе такой ацэнкі не ставяць). Ці мы не саромеемся гэтага пражытага часу? Калі б яго можна было паўтарыць, то ці не дзейнічалі б мы інакш? Напэўна, так, напэўна, мы б пастараліся жыць лепш.
5. Сёння мы таксама павінны даць адказ на фундаментальнае пытанне аб нашых адносінах да Бога і нашай веры, бо крыніца кожнага крызісу – гэта крызіс веры. Ці наша вера ў гэтым годзе квітнела? А можа, яна была толькі прахалоднай і мы прытрымліваліся хрысціянскіх традыцый без адпаведнага духу? У гэтую хвіліну мы павінны спытаць у сябе:
- як у нашым жыцці праяўлялася ласка быцця Божым дзіцём, якім мы сталі падчас хросту? - ці заўсёды мы дзейнічалі з любоўю да Бога і бліжняга? - ці ўмелі прабачыць бліжняму, як нам прабачае Бог?
6. Сёння, калі мы стаім на парозе Новага года, давайце засяродзім сваю ўвагу на парабале аб смакоўніцы, якая была пасаджана ў вінаградніку і ажно тры гады не пладаносіла (пар. Лк 13, 6-9). Разгневаны гаспадар загадаў яе ссячы. Аднак вінаградар пачаў прасіць яго пакінуць яе на наступны год і такім чынам даць ёй новы шанец, — можа, яна прынясе плён.
Гэтая парабала адносіцца да кожнага з нас. Смакоўніца – гэта мы, я і ты, дарагі брат і сястра. Езус кажа аба мне і аб табе. Ён заахвочвае нас даць адказ на пытанне: «Ці я, як член Касцёла, які карыстаецца з яго багаццяў, сваім жыццём прыношу духоўны плён? А можа, толькі займаю ў ім месца і марную дадзеную мне нагоду да духоўнага ўдасканалення?»
У такой сітуацыі Езус не пакідае нас без надзеі, бо вінаградар кажа гаспадару: «Пакінь смакоўніцу яшчэ на год, я буду даглядаць яе, можа, яна прынесе плён. Калі не, то ссячэш яе».
Гэтымі словамі Езус завяршае гісторыю аб смакоўніцы, схіляючы сваіх слухачоў задумацца аб міласэрнасці вінаградара. Яны добра разумелі, што Ён не проста так кажа пра смакоўніцу, але на самой справе кажа пра нас і міласэрнага Бога.
7. Мы атрымалі ад Бога магчымасць духоўна ўдасканальвацца ў Касцёле. Але вельмі часта мы яе не выкарыстоўваем, застаёмся пасіўнымі хрысціянамі і таму не прыносім духоўнага плёну. Калі завяршаецца чарговы каляндарны год, то Бог таксама глядзіць на нас, Ён вельмі добра бачыць, што адносіны з Ім не заўсёды былі такімі, якімі павінны быць. Ён бачыць, што мы не заўсёды былі ўдзячнымі і міласэрнымі адносна іншых людзей.
Нягледзячы на гэта, бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог дае нам новы шанец выправіцца, каб быць плённымі хрысціянамі.
8. Што для гэтага трэба?
Адказ дае Езус: «Хто прабывае ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць добры плён; вы нічога не можаце зрабіць без Мяне». Ключ да плённага хрысціянскага жыцця — гэта лучнасць з Езусам. Ён адзін, хто дае нам магчымасць быць такімі, якімі мы павінны быць. Нам неабходна быць з Ім, каб прыносіць багаты плён. Без Яго наша жыццё будзе ацэнена менш, чым на пяцёрку па шкале ад аднаго да дзесяці.
Кожны дзень злы дух спакушае нас разарваць нашы адносіны з Богам, у выніку чаго мы становімся падобнымі да бясплоднай смакоўніцы. У той жа час Бог не пакідае нас адных. Ён аддаў за нас сваё жыццё, каб мы мелі жыццё ласкі. Ён чыніць нам усё — мы ж Яму нічога. Таму ў Хрысце мы можам стаць плённымі.
9. Дарагія браты і сёстры, праз гадзіну Бог у нашы рукі ўкладзе новы сшытак. Пакуль што ён пусты. Падзякуем у гэтую хвіліну Богу за тое, што разам з Ім распачынаем пісаць першую старонку нашага жыцця ў новым годзе. Праз заступніцтва Багародзіцы Марыі, якую сёння ўзгадваем, папросім Яго, каб кожная старонка гэтага жыццёвага дзённіка 2015 г., як новы шанец, была запісана жыццём у Божай ласцы і добрымі ўчынкамі, і такім чынам каб ён быў плённым і Бог ацаніў яго на дзясятку. Амэн.
|