Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на ўрачыстасць Аб’яўлення Пана

Гродна, пабернардынскі касцёл, 6 студзеня 2015 г.

Богаяўленне – свята рэлігіі і навукі

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння ў перыяд Божага Нараджэння Каталіцкі Касцёл адзначае адно з найбольш папулярных святаў – урачыстасць Аб’яўлення Пана, якая папулярна называецца святам Трох Каралёў. У яслях, да якіх мы прыходзім у апошнія два тыдні, каб адараваць Немаўлятка Езуса, з’явіліся тры новыя персанажы. Да Езуса, Марыі і Юзафа далучылілся тры каралеўскія асобы, які прынеслі нованароджанаму Збаўцу дары – золата, як Валадару, кадзіла, як Богу, і міра, як чалавеку. На самой справе гэтыя асобы былі астраномамі, якія даследвалі рухі нябесных цел. Аднак хрысціянская традыцыя іх называе каралямі.

2. Адна гісторыя распавядае аб тым, як тры фермеры грэліся каля каміна і спакойна размаўлялі паміж сабой. Аднак нечакана двое з іх распачалі спрэчку аб тым, якая рэлігія праўдзівая. Трэці, найстарэйшы, спакойна прыслухоўваўся да спрэчкі.

Тыя, якія спрачаліся, не маглі вырашыць праблему і звярнуліся да старэйшага сябра. Ён крыху падумаў і сказаў, што ёсць тры спосабы дайсці ў горад да маслазавода ад таго месца, дзе яны знаходзіліся. Можна ісці проста праз пагорак. Хаця гэты шлях найкарацейшы, ён найбольш цяжкі, бо трэба падымацца ў гору. Можна пайсці справа ад пагорка. Гэтая дарога не вельмі доўгая, але яна дрэнная, няроўная і выбоістая. Можна пайсці з левага боку. Гэтая дарога даўжэйшая, але самая простая. Старэйшы сябар памаўчаў і дадаў: “Дырэктар маслазавода не спытаецца ў вас, якой дарогай вы прывезлі яму малако, але спытаецца аб яго якасці”.

3. Евангельскія аповеды прадстаўляюць нам дзве групы людзей, якія першымі прыйшлі ў Бэтлеем прывітаць Езуса. Гэта бэтлеемскія пастушкі і Тры Каралі, якіх сёння мы ўспамінаем у літургіі.

Вестку аб нараджэнні Збаўцы свету пастушкі атрымалі ад нябесных пасланцаў – анёлаў. Яны сказалі ім аб прышэсці ў свет доўгачаканага Збаўцы. Пастушкі пайшлі ў Бэтлеем і сапраўды знайшлі там Немаўля Езуса.

Тры Каралі даведаліся аб нараджэнні Збаўцы, даследуючы рухі зорак на небе. Новая зорка ім нічога не сказала. Будучы тымі, хто шукаў праўды, яны, напэўна, ведалі Святое Пісанне, хаця і не належалі да Выбранага Народу. Таму натуральна, што яны павінны былі інтэрпрэтаваць з’яўленне новай зоркі паводле яго, каб даведацца, што яна азначае і куды вядзе. Тры Каралі ці Мудрацы былі язычнікамі і абагаўлялі рухі нябесных цел. Таму, даследуючы рух новай зоркі, якая з’явілася на небасхіле, яны ў ёй убачылі Божы знак.

4. Як вышэй узгаданыя фермеры мелі шмат шляхоў, каб давезці малако з фермы да маслазавода, таксама існуе і мноства шляхоў, на якіх Бог можа нам аб’явіцца.

Таму гісторыя аб Трох Каралях з’яўляецца вельмі важнай і нагадвае аб універсальнасці збаўлення ў Езусе Хрысце. Гісторыя Трох Каралёў – гэта гісторыя аб’яўлення Бога паганам. Езус прыйшоў збавіць не толькі Выбраны Народ, але і ўсё чалавецтва, у тым ліку паганаў.

5. Евангелле дапамагае нам пазнаць тое, што людзі розных станаў і рэлігійных традыцый рознымі спосабамі даведаліся аб нараджэнні Збаўцы. Пастушкі - ад анёлаў, Тры Каралі – дзякуючы новай зорцы, першасвятары і кніжнікі - са Святога Пісання. Як бачна, ёсць шмат шляхоў да пазнання той самай праўды аб нараджэнні Збаўцы: абвяшчэнне анёлаў, зорка і Пісанне.

Трэба мець на ўвазе, што не ўсе рэлігійныя традыцыі аднолькавыя. Каліі Тры Каралі прыйшлі ў Ерузалем, зорка знікла з іх вачэй і яны павінны былі звярнуцца да першасвятароў і кніжнікаў, каб даведацца, што Езус нарадзіўся ў Бэтлееме. Гэта азначае, што ў пошуку Бога не дастаткова мець толькі натуральныя знакі, але патрэбны і звышнатуральныя. Тром мудрацам, акрамя натуральнага святла зоркі, патрэбна было і звышнатуральнае святло Святога Пісання, каб знайсці Езуса.

6. Ва ўсёй гэтай гісторыі застаецца пытанне: хто знайшоў Езуса? Ірад, кніжнікі і першасвятары не знайшлі Яго, хаця ведалі Святое Пісанне. А Тры Каралі, якія не належалі да Выбранага Народу і даверыліся новай зорцы, знайшлі. Чаму? Таму, што кіраўнікі габрэйскага народу, хаця і ведалі аб’яўленую праўды, не жылі паводле яе. Яны ў сваім жыцці не ішлі за святлом Святога Пісання. Тры Каралі, якія на пачатку следавалі толькі за зоркай, потым следавалі ў адпаведнасці з указаннямі Пісання.

Мараль гэтай гісторыі ў тым, што поспех у дарозе да Бога знаходзіцца не толькі ў пазнанні праўды, але і ў жыцці ў святле пазнанай праўды.

Як хрысціяне мы верым, што наша рэлігія праўдзівая. Але што яна нам дасць, калі мы не будзем жыць паводле яе? Сённяшняя ўрачыстасць вучыць нас, што часам язычнікі хутчэй могуць прыйсці да Бога, чым мы, якія ведаем Божы закон, але не жадаем жыць у яго святле.

7. Сённяшняя ўрачыстасць таксама з’яўляецца святам місій, дзякуючы якім Божае слова даносіцца да язычнікаў.

Місіі існуюць ад часоў нараджэння Хрыста. Пастушкі, даведаўшыся аб нараджэнні Збаўцы, пайшлі распавядаць аб гэтым іншым людзям. Тры Каралі таксама панеслі гэтую навіну ўжо не толькі іншым людзям, але і іншым народам. Апосталы атрымалі наказ Езуса ісці і абвяшчаць Евангелле ўсім народам. Гэтага абвяшчэння патрабуе сучасны свет, які адыходзіць ад Бога і страчвае веру ў Яго. Для новага эфектыўнага абвяшчэння Евангелля неабходна выкарыстоўваць розныя метады, таксама і навуку. Нездарма вялікі вучоны Альберт Эйнштэйн казаў, што навука без рэлігіі кульгавая, а рэлігія без навукі – сляпая (https://docs.google.com/document/d/1HMpLdLpK5lvekjQabBVNryaXYxF7zKz5Gf_wvA6kf-Y/preview?pli=1).

Тры Каралі былі астраномамі і ў новай зорцы ўбачылі Божы знак. Мы таксама павінны ў розных здарэннях сучаснага свету і навуковых дасягненнях бачыць знакі, якія паставяць нас на шлях да Бога. Заўсёды, аднак, гэтыя дасягненні неабходна ўзбагачаць святлом Евангелля, каб дайсці да нашага Бэтлеема і там знайсці Езуса – адзінага Збаўцу свету, знайсці Яго, каб Ягонай праўдай жыць і яе абвяшчаць, каб свет пазнаў Евангелле і, жывучы ім, будаваў новае жыццё на зямлі і дасягнуў збаўлення. Амэн.   

Адноўлена 06.01.2015 14:48
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі