Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы з нагоды адкрыцця музея святой памяці кс. Уладзіслава Чарняўскага

Вішнева, 24 студзеня 2015 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае св. Францішка Сальскага, які жыў у XVI-XVII стагоддзях і быў біскупам Жэневы. Ён адзначыўся глыбокай верай і яе абаронай у часы бурнага распраўсюджвання рэфармацыі, калі вельмі вялікі ўплыў на выбар веры мелі пратэстанты.

Сёння ў Вішневе мы ўспамінаем шматгадовага пробашча гэтай парафіі, святой памяці ксяндза Уладзіслава Чарняўскага. Ён амаль 50 гадоў служыў тут Богу, Касцёлу і людзям у часы атэістычнай рэфармацыі, адзначаючыся моцнай верай, яе абаронай перад націскам багаборчага рэжыму, вялікім клопатам аб яе захаванні і перадачы маладому пакаленню ў вельмі складаных умовах тых часоў.

Ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі ў святле вучэння Другога Ватыканскага Сабору добра прачытаў знакі часу і стараўся на іх адказваць. Гаворка ідзе аб выкарыстанні нацыянальных моваў у набажэнствах. Для гэтага ён шмат увагі прысвяціў перакладу Бібліі і галоўных частак святой Імшы на беларускую мову, што дало новыя магчымасці для душпастырства.

Такім чынам, ксяндза Уладзіслава Чарняўскага мы ў пэўным сэнсе можам назваць беларускім Францішкам Сальскім, якога сёння ўспамінае Касцёл у літургіі.

2. Памяць аб святару Уладзіславе Чарняўскім жыве ў людзей. Яшчэ адным сведчаннем гэтага з’яўляецца адкрыццё прысвечанага яму музея ў Вішнеўскім сельсавеце. Гэта вельмі важна, бо сельсавет якраз з’яўляецца тым месцам, дзе сустракаюцца многія людзі. Дзякуючы музею, яны будуць лепей ведаць як гісторыю жыцця ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, так і гісторыю рэлігіі на нашых землях, у тым ліку і Каталіцкага Касцёла.

Ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі з’яўляецца часткай гэтай гісторыі. Адкрыццё музея яго памяці – гэта знак павагі да яго і прызнання яго заслугаў у галіне духоўнай апекі і выхавання людзей на прынцыпах Евангелля ў вельмі складаных умовах атэістычнага рэжыму.

Выказваю ўдзячнасць усім, хто паспрыяў паўстанню музея, мясцовым уладам, парафіі і асобным людзям. Музей – гэта не толькі месца гістарычнай памяці аб мінулых падзеях ці асобах. Ён павінен мець дынамічнае вымярэнне, павінен быць школай, якая выхоўвае будучыя пакаленні.

Спадзяюся, што ён будзе спрыяць не толькі захаванню памяці аб святару Уладзіславе Чарняўскім, але таксама і таму, каб у атмасферы бязвер’я, якое распаўсюджваецца, людзі маглі адказаць на гэты выклік нашага часу словамі святога апостала Пятра: “Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага”, - падобна як у атэістычныя часы адказвалі нашы продкі.  

3. У першым сённяшнім чытанні (пар. Гбр 9, 2-3. 11-14) аўтар Паслання да Габрэяў нагадвае аб скініі, якую збудавалі габрэі. Скінія падзялялася на дзве часткі. У першую мог уваходзіць святар, які здзяйсняў рытуальныя абрады. У другую, якая называлася “Святое Святых”, дзе знаходзіўся залаты алтар і арка Запавету, мог уваходзіць толькі першасвятар і толькі адзін раз у год, каб скласці ахвяру крыві цяльцоў і баранаў за грахі свае і грахі людзей.

Аднак калі прыйшоў сапраўдны Першасвятар – Езус Хрыстус – то Ён увайшоў у “Святое Святых”, месца, зробленае ўжо не рукамі людзей, але створанае самім Богам. Ён увайшоў у наша жыццё і ўвайшоў не з крывёю казлоў і цяльцоў, але са сваёй крывёй, якой нас збавіў і якой ачышчае нас з грахоўнага бруду.

Сённяшняе Евангелле (пар. Мк 3, 20-21) на першы погляд з’яўляецца не вельмі зразумелым. Езус чыніў людзям дабро. Але калі прыйшоў дадому, то з-за вялікага наплыву людзей, якім Ён заўсёды служыў, не меў нават часу, каб паесці. Родныя ж, бачачы гэта, пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён страціў розум.  

На самой справе Езус поўнасцю прысвячаў сябе служэнню іншым людзям да такой ступені, што часта не меў часу на ежу, так што нават Яго родныя не маглі гэтага знесці.

А як з намі? Мы адкуплены крывёю Езуса. Ён корміць нас сваім Целам – Эўхарыстыяй. Мы пакліканы прымаць удзел у Яго збаўчай місіі. Гэта мы павінны чыніць найперш праз захоўванне Божага закону і хрысціянскае сведчанне.

Ці нашы блізкія і сучасны свет разумеюць гэта? Напэўна, не заўсёды, бо ў сучасным свеце ўсё больш і больш праяўляецца ідэалогія эгаізму, спажывецтва і секулярызму. У той жа час мы павінны клапаціцца аб іншых, аб іх матэрыяльным і духоўным стане, аб іх жыцці паводле прынцыпаў Евангелля.

4. Прыклад нам пакінуў святой памяці ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі. Ён да канца прысвяціў сябе служэнню іншым, і сёння мы бачым плёны яго амаль што паўстагоддзевай ахвярнай працы ў Вішневе, куды ехалі людзі зблізку і здалёк, каб спаткацца са святаром і духоўна аднавіцца. Вішнеўскі касцёл у тыя часы сапраўды быў скініяй Бога, “Святая Святых” у акіяне бязбожжа, які затапіў нашу зямлю.

Такім ён павінен заставацца і сёння. Побач з касцёлам знаходзіцца вядомая ўсім крынічка. Гэта вельмі сімвалічна, бо ў Касцёле жыве Хрыстус, які з’яўляецца крыніцай духоўнага жыцця. Вада з крынічкі ажыўляе наша цела. Вада Божай ласкі, якую атрымліваем у Касцёле, ажыўляе нашу душу. І гэтай вадой доўгія дзесяцігоддзі ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі паіў людзей.

Прыклад ахвярнага служэння ксяндза Уладзіслава Чарняўскага ў тыя часы ў вішнеўскім касцёле няхай падбадзёрыць нас да імкнення да крыніцы жывой вады, якой ёсць Хрыстус, каб Ён заспакоіў нашу смагу па сапраўдным духоўным жыцці. Няхай ён заахвоціць нас да абароны хрысціянскай веры і яе сведчання ў сучасным секулярным свеце, каб ён рэфармаваўся ў духоўны аазіс. Амэн.

Адноўлена 24.01.2015 16:22
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі