Мінскі архікатэдральны касцёл, 24 студзеня 2015 г.
Дарога і вада – сімвалы адзінства
Дарагія браты і сёстры, прадстаўнікі розных хрысціянскіх дэнамінацый.
1. Евангелле, якое мы толькі што пачулі, нагадвае пра гісторыю сустрэчы Езуса з самаранскай жанчынай каля студні Якуба (пар. Ян 4, 1-42). Ідучы з Юдэі ў Галілею, Езус павінен быў ісці праз Самарыю. Яго шлях праходзіў каля славутага калодзезя Якуба, да якога ў той час прыйшла самаранка, каб набраць вады. Вядома, што габрэі і самаране не падтрымлівалі адносін паміж сабой.
Гэты евангельскі аповед нагадвае аб дарозе, якая ў пустыні прывяла Езуса да студні, і аб вадзе, якой Ён папрасіў у самаранкі, каб напіцца. У выніку чаго стаўся сапраўдны цуд, бо самаранка паверыла ў тое, што Езус ёсць сапраўдны Месія, і пачала распавядаць аб гэтым іншым людзям.
2. Як бачна, сёлетняя малітва аб еднасці хрысціян канцэнтруецца вакол двух сімвалаў: дарогі і вады. І гэта вельмі сімвалічна. Дарога яднае ўсіх, хто ідзе або едзе па ёй. Людзі рознага паходжання, колеру скуры, веравызнання, культуры і г.д. карыстаюцца адной і той жа дарогай, і гэты факт іх аб’ядноўвае. Калі на дарозе, не дай Бог, здарыцца няшчасце, ніхто не пытаецца пацярпелага аб яго веравызнанні, нацыянальнасці ці палітычных поглядах, але ўсе стараюцца яму дапамагчы. Гэта проста па-чалавечы.
Вада патрэбна для жыцця. Там, дзе ёсць вада, ёсць і жыццё. У гэтым сэнсе вада аб’ядноўвае ўсіх людзей. Яна яшчэ больш аб’ядноўвае хрысціян, бо, нягледзячы на нашу розную канфесійную прыналежнасць, мы ўсе з’яўляемся хрысціянамі, і гэта самае галоўнае. Таму вада - сімвал хрысціянскай еднасці, аб якой сёння молімся.
3. Калі дарога і вада з’яўляюцца сімваламі еднасці, то мы сёння павінны спытаць саміх сябе: “Якой ёсць наша дарога да еднасці? Простай ці крывой? Роўнай ці выбоістай? Пазначанай Божымі ці толькі чалавечымі знакамі?” Мы таксама павінны спытаць сябе: “Якую ваду мы можам ахвяраваць нашым братам і сёстрам з іншых канфесій, каб будаваць еднасць? Чыстую Божай ласкай ці забруджаную грахом?”
На шляху да еднасці знаходзіцца студня з вадой. Гэта сімвал той вады, якой прагне Езус, і адначасова той, якую Ён прапануе. Вада, якую чэрпае жанчына-самаранка, з’яўляецца вадой, якая заспакойвае смагу ў пустыні. Вада ж Божай ласкі, якую дае Езус, з’яўляецца вадой жыцця, у якой мы ўсе, хрысціяне, былі ахрышчаны.
4. Езус, змучаны падарожжам праз пустыню, просіць у самаранкі, каб дала Яму піць (пар. Ян 4, 7). Бог, які ў Езусе Хрысце не пацураўся прыняць удзел у нашым чалавецтве, просіць піць. Адначасова той самы Бог ахвяруе кожнаму з нас жывую ваду: “Вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае” (Ян 4, 14).
Сустрэча Езуса з самаранкай заахвочвае нас разам спрабаваць ваду з Божай студні і ахвяраваць штосьці іншым людзям. У разнароднасці мы ўзаемна ўзбагачаемся. Таму Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян з’яўляецца часам супольнага звароту да Бога з просьбай аб еднасці, а таксама часам сустрэчы і дыялогу. Гэта новая магчымасць пазнання багацця і каштоўнасцяў іншых канфесій і просьба да Бога аб еднасці.
5. “Кожны, хто п’е гэтую ваду, вяртаецца”, – кажа бразільская прыказка, якую ўжываюць людзі пры развітанні. Ажыўляючая шклянка вады ў гарачым клімаце Бразіліі з’яўляецца знакам гасціннасці і запрашэннем да дыялогу.
Таму сёлетняя тэма Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян падкрэслівае, што пазнанне і разуменне нашай асабістай тоеснасці праз прызму прыналежнасці да таго ж самага і адзінага хрысціянства перакрэслівае боязь пазнання іншых, бо тады тоеснасць іншых з’яўляецца не пагрозай, а ўзбагачэннем, і мы з радасцю вяртаемся адзін да аднаго. Такі шлях вядзе да ўзаемнага дапаўнення.
Словы Езуса Хрыста “дай Мне піць” дазваляюць думаць аб камплементарнасці, бо піццё вады з чыёйсьці студні – гэта крок да пазнання спосабу быцця іншага чалавека, які паслядоўна вядзе да абмену дарамі, што ўзбагачае ўсіх. Падобна ёсць у эканоміцы і палітыцы, што знаходзіць сваё ажыццяўленне ў працэсах глабалізацыі. Сёння патрэбна міжхрысціянская глабалізацыя, каб сумесна бараніць і абвяшчаць хрысціянскія каштоўнасці.
6. Езус просіць дапамогі ў самаранкі, да народу якой належыць студня. Самаранка знаходзіцца ў сябе, на сваёй зямлі. Езус жа з’яўляецца чужаземцам. Самаранка мае чарпак, якім можа зачэрпнуць ваду. Езус яго не мае і таму просіць дапамогі ў яе. У выніку гэтага жанчына пераадольвае ў сабе дух варожасці адносна габрэяў.
На першы погляд нічога не змянілася. Езус як быў габрэем, так ім і застаўся. Самаранка таксама застаецца самаранкай. Аднак змяняюцца адносіны паміж самаранкай і Езусам, і жанчына просіць Яго даць ёй жывой вады, якую Ён прапануе. Як бачна, усё змянілася кардынальным чынам. Таму гэтая гісторыя вучыць нас, як людзі розных культур, традыцый, менталітэтаў, рэлігій узаемна маюць патрэбу адзін у адным.
Як хрысціяне, мы павінны памятаць, што кожная сустрэча і абмен досведам з іншымі могуць нас перамяніць і дапамагчы зазірнуць у глыбіню студні, каб зачарпнуць з яе жыццядайнай вады Божай ласкі, якая нас аб’ядноўвае.
7. Калі пасля выйсця з Егіпта габрэйскі народ апынуўся ў пустыні, яму не хапіла вады. Габрэі прасілі Майсея: “Дай нам піць”. Майсей звярнуўся да Бога, які сказаў яму ўдарыць кіем у скалу, з якой выцячэ вада (пар. Зых 17, 1-6). Тут Бог выкарыстаў Майсея, каб напаіць людзей у пустыні. У сённяшнім Евангеллі просьба аб вадзе была ўзгадана два разы. Найперш Езус, як габрэй, просіць вады ў свайго ворага – самаранкі – і яе атрымлівае. Потым ролі памяняліся, і ўжо самаранка, нягледзячы на тое, што Езус быў габрэем, просіць у Яго жывой вады.
Таксама і нам, вызнаўцам розных хрысціянскіх традыцый, неабходна перамагчы саміх сябе, ісці той самай дарогай евангельскай любові і звярнуцца адзін да аднаго з просьбай: “Дай мне піць”, і станецца цуд узаемнага паразумення і збліжэння. Амэн.
|