Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на IV Звычайную нядзелю, Год “В”

1 лютага 2015 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Здзіўленне

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Галоўнай думкай усіх сённяшніх чытанняў з’яўляецца Божы аўтарытэт і Ягоная моц, якія праявіліся праз прарокаў Старога Запавету, апосталаў і Езуса. Першае чытанне распавядае нам аб тым, што аўтарытэт прарока паходзіць ад Бога, які прамаўляе праз яго. Выбраны Народ падыходзіць да Абяцанай Зямлі, але Майсей не можа ў яе ўвайсці. Ён павінен памерці раней, бо ў свой час засумняваўся ў Богу. Аднак Бог не пакідае народ без кіраўніка, аб чым Майсей паведамляе яму, бо Бог з народу ўстановіць прарока, якога людзі будуць слухаць.

У другім чытанні апостал Павел выконвае ад Бога атрыманую ўладу вучыць людзей маральным нормам.

Евангелле прадстаўляе Езуса ў сінагозе, дзе Ён, як практыкуючы габрэй, не толькі далучыўся да суботняй малітвы, але і тлумачыў значэнне Святога Пісання. Людзі, якія знаходзіліся там, вельмі хутка заўважылі, што Ён навучаў не як кніжнікі, але як той, хто мае ўладу. Прарокі Старога Запавету навучалі людзей, маючы на гэта Божы наказ. Езус жа выкарыстоўваў свой аўтрытэт вучыць, вызваляць ад злога духа і лячыць.

У часы Езуса сінагогі былі ў кожным значным горадзе, дзе габрэйская супольнасць была дастаткова вялікай і складалася больш чым з дзесяці сем’яў. Звычайна гэта было прамавугольнае памяшканне, збудаванае такім чынам, каб вернікі былі звернуты ў напрамку Ерузалема. У такой сінагозе ў Кафарнауме і навучаў Езус; навучаў так, што ўсе здзіўляліся.

2. Сённяшняе Евангелле распачынаецца і завяршаецца аповедам аб уладзе Хрыста. Пасярэдзіне ж знаходзіцца аповед аб выгнанні злога духа, кажучы сучаснай мовай, аб экзарцызме, які асаблівым чынам пацвярджае звышнатуральную моц Езуса.

Евангелле распавядае нам аб тым, што менавіта цуды, якія чыніў Езус, асабліва вызваленне з палону нячыстага духа, сталі найбольш значным фактарам росту колькасці Яго паслядоўнікаў.

Чалавек з Евангелля, якім авалодаў нячысты дух, нягледзячы на тое, што ў сваёй супольнасці лічыўся маргіналам, добра разумеў, кім быў Езус, і ў Ім вызнаў Бога, кажучы, што Ён Святы Божы. Варта заўважыць тое, што ён прызнаў у Ім Сына Божага значна раней, чым гэта зрабіў апостал Пётр! Бедны і ўсімі зняважаны чалавек пытаецца ў Езуса: “Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас?”

Езус жа звяртаецца да злога духа і загадвае яму выйсці са зняволенага. І нячысты дух з моцным крыкам выходзіць. Гэты евангельскі эпізод нагадвае пра тое, што Езус мае моц над злым духам і можа вызваліць ад яго.

3. Сваёй крыжовай смерцю і ўваскрасеннем Езус нас збавіў, але барацьба са злым духам не завяршылася, яна працягваецца і праяўляецца ў супрацьстаянні паміж дабром і злом, паміж праўдай і няпраўдай, паміж жыццём і смерцю.

Хрыстус прыйшоў, каб вызваліць нас з-пад улады дэмана, і мы павінны карыстацца гэтай магчымасцю, якую атрымліваем у Яго Касцёле. Калі мы, як хрысціяне, прысвячаем сябе чамусьці меншаму, чым наша боскае прызначэнне, то размінаемся з мэтай нашай веры, што вядзе да знявольвання злым духам.

4. Аднойчы адзін чалавек заблудзіўся ў афрыканскім бушы. Потым яму ўдалося знайсці маленькую вёску, дзе ён папрасіў, каб яму дапамаглі выйсці з буша. Адзін з яе жыхароў згадзіўся, і яны пайшлі праз буш. Не было бачна ніякай дарогі, нават сцяжынкі. Чалавек пачаў сумнявацца, ці яны выйдуць з буша. Ён спытаў мясцовага жыхара, ці ёсць тут дарога. На што пачуў адказ: “Я тут дарога”.

Падобна адказвае нам Хрыстус, які кажа пра сябе, што Ён дарога, праўда і жыццё. Нам трэба толькі даверыцца яму, і Ён вызваліць нас з палону злога духа.

5. На працягу многіх стагоддзяў людзі верылі вялікаму грэчаскаму філосафу Арыстоцелю, што цяжэйшае цела падае на зямлю з большай хуткасцю, чым лёгкае. Аўтарытэт Арыстоцеля быў так вялікі, што ніхто не дадумаўся ўзяць два прадметы – цяжкі і лёгкі – і пусціць іх з высокага месца, каб праверыць, ці быў Арыстоцель правы. І толькі, як кажа адна легенда, у 1589 г. Галілео Галілей са славутай нахіленай Пізанскай вежы адначасова пусціў уніз прадметы вагай у 10 і 5 пудоў. Яны прызямліліся ў адзін і той жа час. Гэта азначала, што хуткасць падзення на зямлю не залежыць ад вагі прадмета. Аднак аўтарытэт Арыстоцеля быў так вялікі, што нават вучоныя таго часу не хацелі верыць фактам і працягвалі сцвярджаць, што грэчаскі мысляр меў рацыю.

6. Гэтая гісторыя вельмі добра ілюструе сучасную сітуацыю. Свет бачыць, колькі людзей памірае з-за пандэміі нашага часу, якой з’яўляецца СНІД. Аднак, нягледзячы на гэта, неўпарадкаванае сексуальнае жыццё, якое з’яўляецца прычынай гэтай жудаснай хваробы, распаўсюджваецца і нават абагаўляецца. А колькі людзей памірае з-за раку печані ці лёгкіх, але людзі не перастаюць піць і паліць.

Неабходна ўзысці на вяршыню ўмоўнай Пізанскай вежы, пусціць уніз 10- і 1- пудовыя аргументы і паглядзець, які з іх даляціць да зямлі першы. Гэта было б доказам таго, хто мае рацыю, а хто – не.

Аднак пры гэтым трэба прыгадаць гісторыю Галілея, калі людзі яму не паверылі. Падобна ёсць і з грахоўным жыццём. Усе так жывуць, і я буду жыць так. Усе плывуць па цячэнні секулярнага і грэшнага свету, і я буду чыніць падобна. Навошта высоўвацца з шарэнгі, навошта ствараць сабе новыя праблемы? Лепей хаця ў грахоўнай няволі, але спакойна.
 
7. Нешта кардынальна іншае адбылося ў жыцці тых, хто слухаў і бачыў Езуса. Апантаны злым духам чалавек быў вызвалены з яго няволі і стаўся свабодным. А прысутныя пры гэтым людзі дзівілся і пыталіся адзін у аднаго: “Што гэта? Новае вучэнне, якое мае моц? Ён і духам нячыстым загадвае, і яны слухаюць Яго”.

Даверымся і мы Езусу, а Ён нас здзівіць. Вывядзе з грахоўнага палону і ўчыніць свабоднымі, каб мы, жывучы ў свабодзе дзяцей Божых, на евангельскіх каштоўнасцях будавалі сваё жыццё і прыйшлі ў шчаслівую вечнасць. Амэн.   
 

Адноўлена 01.02.2015 18:31
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі