Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды Дня малітвы аб святасці кансэкраванага жыцця

5 лютага 2015 г., Слуцк

Быць святлом для сучаснага свету

Дарагія законнікі і законніцы!

1. Чарговы раз Каталіцкі Касцёл адзначае Дзень малітваў аб святасці кансэкраванага жыцця. У гэтым годзе ён мае выключнае значэнне, бо цэлебруецца ў Год кансэкраванага жыцця, які аб’явіў Папа Францішак.

Дзень малітвы аб святасці кансэкраванага жыцця быў устаноўлены святым Янам Паўлам II у 1987 г. і звязаны са святам Ахвяравання Пана, калі Марыя з Юзафам прынеслі Немаўлятка Езуса ў Ерузалемскую святыню, каб ахвяраваць Яго Богу згодна з законам Майсея.

2. У Ерузалемскай святыні ў той момант знаходзіліся старац Сімяон і прарочыца Ганна, якія пад натхненнем Святога Духа распазналі ў прынесеным Марыяй і Юзафам Дзіцяці доўгачаканага Збаўцу. Гэта было спатканне Старога Запавету, які прадстаўлялі Сімяон і Ганна, з Новым у асобе Езуса, а таксама ў пэўным сэнсе ў асобах Марыі і Юзафа.

З сённяшняга Евангелля можна зрабіць выснову, што Ерузалемская святыня, як месца Бога, у асобах Сімяона і Ганны чакала гэтай падзеі. У іх постацях выражана радасць Старога Запавету са спаткання са Збаўцам. Тады старац Сімяон, узяўшы на свае рукі Езуса, сказаў, што Ён з’яўляецца святлом для асвятлення язычнікаў (пар. Лк 2, 32).

3. Прадстаўнік Старога Запавету Сімяон гэтымі словамі выказвае ўпэўненасць у тым, што Езус – святло для асвятлення язычнікаў, прызначаны не толькі для Выбранага Народу, але і для ўсяго чалавецтва. У ім старасць свету, калі так можна выказацца, бярэ ў свае рукі вечную маладосць Бога. Адсюль яго радасць, якую ён выказвае словамі: “Вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў” (Лк 2, 30-31).

У той жа час, натхнёны Святым Духам, ён, звяртаючыся да Марыі, кажа: “Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць. А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў” (Лк 2, 34-35). Гэтыя словы Сімяона азначаюць, што над пануючай радасцю з нараджэння Збаўцы з’яўляецца крыж, бо цемра не захоча прыняць Святла. Аднак, як чытаем у Евангеллі паводле Яна, цемра не змагла агарнуць Святла, і яно перамагло (пар. Ян 1, 5).

4. Словы старца Сімяона “святло для асвятлення язычнікаў” з’яўляюцца настолькі значнымі, што ўвайшлі ў Літургію гадзін і чытаюцца штодзёна падчас малітвы завяршэння дня, званай Камплета. Гэта вельмі сімвалічна, бо такім чынам Касцёл успрымае апошнія словы Старога Запавету і абвяшчае спаўненне Божага абяцання, сцвярджаючы, што “святло для асвятлення язычнікаў” праз Касцёл сапраўды распаўсюдзілася па ўсёй зямлі.

Знамянальна і тое, што гэтыя словы Літургія гадзін паўтарае разам са словамі, якія Езус сказаў на дрэве крыжа: “Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой” (пар. Лк 23, 46). Літургія гадзін адначасова ў словах: “Ты нас адкупіў, Пане Божа верны” заклікае да радаснага разважання над таямніцай збаўлення. Такім чынам Касцёл абвяшчае, што збаўленне свету, якога чалавецтва чакала, якое прадказвалі прарокі і якое старац Сімяон аб’явіў у Ерузалемкай святыні, споўнілася.

5. Сёння мы з запаленымі свечкамі, якія сімвалізуюць Святло Хрыста, ідзём на Яго спатканне і вітаем Яго з верай, якую вызналі падчас хросту. У нашай традыцыі гэтыя свечкі называюцца грамнічнымі. Мы іх нясём дадому і запальвaем падчас небяспекі і ў хвіліну смерці. Гэта не што іншае, як знак аддання сябе ў Божую апеку, каб Ён бараніў нас ад зла і ўвёў у сваё Валадарства.

6. Як Год кансэкраванга жыцця, так і сённяшняе свята павінны звярнуць нашу ўвагу на дар, якім Бог нас адарыў, і заданне, якое даў законнікам і законніцам, а таксама членам інстытутаў свецкіх і таварыстваў апостальскага жыцця. Хрыстус паклікаў вас, дарагія законнікі і законніцы, каб праз шлюбы чысціні, беднасці і паслухмянасці ў харызмах сваіх заснавальнікаў вы яшчэ мацней наследавалі Хрыста.

У наш час эрозіі маральных каштоўнасцяў, калі дамінуюць секулярызм, матэрыялізм і геданізм, выключнае прысвячэнне кансэкраваных асобаў Хрысту з’яўляецца знакам альтэрнатыўнага, у параўнанні з логікай сучаснага свету, жыцця. Так ёсць, бо ваша жыццё натхняецца Евангеллем і вы ведаеце, каму даверыліся (пар. 2 Цім 1, 12), - а менавіта Езусу Хрысту. Таму заўсёды заставайцеся вернымі абранаму жыццёваму шляху і евангельскім радам, дзякуючы чаму сталіся Хрыстовымі.

7. Запаленыя на пачатку сённяшняга набажэнства свечкі, з якімі мы ўвайшлі ў касцёл, выказваюць чуванне перад прыйсцем Пана і з’яўляюцца сведчаннем у сучасным свеце аб Святле Хрыста, якое не заходзіць. Здаецца, што сам Езус сёння звяртаецца да ўсіх нас са словамі: “ Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах” (Мц 5, 16). Таму няхай наш давер Хрысту будзе крыніцай святла і надзеі для ўсіх тых, з кім мы сустрэнемся.

8. Святы Айцец Францішак у сваім Апостальскім Пасланні на Год кансэкраванага жыцця ўказвае на наступныя яго мэты (пар. АПГКЖ, I, 1-3):

- З удзячнасцю глядзець на мінулае. Адносна адраджэння і жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі неабходна сказаць, што без кансэкраванага жыцця яно не было б магчымым.
- Перажываць з запалам сучаснасць так, каб Хрыстус быў вашым жыццём (пар. Піл 1, 21) з мэтай выканаць даручаную вам Божым Провідам місію.
- Прыняць будучыню з надзеяй, нягледзячы на ўсе цяжкасці, бо ў Бога, якому даверыліся кансэкраваныя асобы, няма нічога немагчымага (пар. Лк 1, 37; 2 Цім 1, 12).

Акрамя вышэй пералічаных мэтаў Года кансэкраванга жыцця, Папа выказвае свае спадзяванні адносна яго (пар. АПГКЖ, II, 1-5):

- Несці радасць у свет.
- Праз выконванне прароцкай функцыі абудзіць сучасны свет з духоўнага сну.
- Cпрыяць будаванню касцёльнай супольнасці.
- Ісці на перыферыі свету, каб усім людзям абвяшчаць Евангелле (пар. Мк 16, 15), а таксама абменьвацца досведам, каб учыніць кансэкраванае жыццё больш эфектыўным.

Папа таксама нагадвае аб перспектывах Года кансэкраванага жыцця (пар. АПГКЖ, III, 1-5):

- Законныя асобы павінны разам са свецкімі развіваць ідэалы, дух і місію атрыманага дару паклікання.
- Увесь Касцёл павінен уключыцца ў святкаванне Года кансэкраванага жыцця, якое з’яўляецца яго інтэгральнай часткай.
- Развіваць адносіны з манаскім жыццём іншых хрысціянскіх Касцёлаў і супольнасцяў, а таксама іншых рэлігій.
- Пастыры Касцёла павінны падтрымліваць кансэкраванае жыццё.

9. Як бачна, Папа Францішак пакладае вялікую надзею на ўдзел кансэкраванага жыцця ў справе надання дынамізму жыццю Касцёла і адказу на выклікі нашага часу. Асабліва важным з’яўляецца яго жаданне з дапамогай законнікаў і законніц абудзіць свет, які на самой справе знаходзіцца ў стане духоўнай летаргіі.

Дарагія законнікі і законніцы, члены інстытутаў свецкіх і таварыстваў апостальскага жыцця! Усе мы добра ведаем, што раніцай прамяні сонца нас абуджаюць. Кансэкраваныя асобы пакліканы быць святлом для асвятлення сучаснага язычніцтва. Няхай тады дзякуючы вашаму служэнню святло, якое вы несяце ў гэты свет, дапаможа яго абудзіць з духоўнага сну.

Марыя ж, якая да канца выканала волю Бога, няхай выпрасіць для вас у свайго Сына ласку радаснага сведчання аб Ім сваім жыццём і быцця святлом для асвячэння сучаснага свету, каб ён жыў у святле праўды Евангелля. Амэн.    

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Францішак, Апостальскае Пасланне на Год кансэкраванага жыцця (АПГКЖ).

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі