Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на V Звычайную нядзелю, Год В

8 лютага 2015 г., Мінск, парафія Божага Цела

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сённяшняе Евангелле ізноў прадстаўляе Езуса, які дзейнічае ў Капарнауме – нявялікім рыбалавецкім порце на Галілейскім возеры. Гэта найніжэйшае возера ў свеце адносна ўзроўню мора, паверхня якога знаходзіцца ў 210 м ніжэй за паверхню мора. Возера мае 23 км у даўжыню і 11 – у шырыню. А найбольшая яго глыбіня складае 45 м. Яно забяспечвае  трэцюю частку патрэбнага для Ізраэля. Без яго Святая Зямля была б сапраўднай пустыняй.

Галілейскае возера і горад Капарнаум займаюць асаблівае месца ў гісторыі збаўлення. Там Езус паклікаў апосталаў. Там навучаў і лячыў. Там учыніў шмат цудаў.

2. Езус сваім навучаннем у сінагозе ў Капарнауме, лячэннем людзей ад розных хваробаў і выгнаннем злога духа з апантаных выклікаў вялікае здзіўленне ў людзей. Цуды, якія здзяйсняў Езус, былі знакам таго, што Божая любоў прысутнічае ў свеце.

Яго вучні цешыліся з таго, што Ён стаўся мясцовым героем і быў вельмі папулярны сярод людзей. Яны верылі, што гэта таксама паспрыяе росту і іх папулярнасці і адкрые перад імі новыя перспектывы. Таму, калі на наступны дзень раніцай яны знайшлі Яго на пустынным месцы на малітве, то прапанавалі Яму вярнуцца туды, дзе Яго дзеянне было вельмі эфектыўным. Езус, аднак, прапанаваў ім пайсці ў іншае месца, каб і там абвяшчаць Добрую Навіну.

3. Гэта нагадвае аб тым, што план Езуса адрозніваўся ад плану апосталаў. Місіяй Хрыста было абвяшчаць Евангелле ўсім народам, а не толькі там, дзе гэтае абвяшчэнне было больш лёгкім.

Ён прыйшоў у гэты свет, каб прынесці духоўнае благаслаўленне ўсім народам. Менавіта таму Ён хадзіў з горада ў горад, з аднаго месца ў іншае, каб толькі як мага больш людзей пачула Божае слова. Ён выкарыстоўваў сваю энергію, каб несці людзям Божую праўду і радасць. Яго мэтай было вучыць, служыць, даваць і раздзяляць радасць і бяду людзей.  

Паколькі ніхто не можа быць збаўлены без веры, галоўным заданнем Касцёла з’яўляецца абвяшчэнне Божага слова, з якога нараджаецца вера. І мы ўсе нясем адказнасць за тое, каб словам і прыкладам абвяшчаць Евангелле. Гэта не заўсёды лёгка і не заўсёды ўдаецца, але гэта наша місія, ад якой мы, як хрысціяне, не можам адмовіцца.

4. Ведаючы, што Яго заданнем ёсць нястомна абвяшчаць Божае Валадарста, Езус павінен быў быць заўсёды гатовым да яго выканання. Для гэтага Ён не мог жыць без малітвы, бо Яго служэнне патрабавала шмат духоўнай энергіі. Напрыклад, Евангелле распавядае нам аб тым, што калі да Езуса дакранулася хворая жанчына, з Яго выйшла энергія.

Таму пустыннае месца, куды Ён пасля гэтага пайшоў, на самой справе не было пустыняй, але месцам, дзе Ён мог аддацца без абмежаванняў малітве. Ён пайшоў туды не для таго, каб уцячы ад цяжкасцяў жыцця, але каб аднавіць свае духоўныя сілы для будучай дзейнасці. Мы таксама паступаем падобна. Пасля цяжкай працы адпачываем і набіраемся новых сіл.

5. Тое ж самае правіла дзейнічае і ў духоўным жыцці. Езус, калі так можна выказацца, зараджаўся новай энергіяй. І мы павінны чыніць гэтак жа, каб маглі выканаць прызначанае нам Божым Провідам заданне. Наша штодзённая актыўнасць забірае не толькі фізічныя, але і духоўныя сілы, і іх неабходна регенераваць, для чаго неабходна нанова духоўна падзарадзіцца.

Мы штодзённа падзараджаем нашы мабільнікі, бо іх батарэйкі сядаюць. Мы таксама падзараджаем акумулятары нашых партатыўных камп’ютараў, каб яны заўсёды былі ў працоўным стане. Таксама калі нашы духоўныя акумулятары разраджаюцца, то іх неабходна падзарадзіць.

Езус нам пакінуў прыклад, што гэта мы можам учыніць на малітве. Як машына не паедзе без бензіну, так і мы не зможам прыносіць духоўны плён без духоўнага бензіну. Каб заправіць машыну бензінам, мы едзем на заправачную станцыю. Каб заправіцца духоўнай энергіяй, мы павінны спяшацца ў касцёл на малітву, а таксама павінны маліцца штодзённа раніцай і вечарам, каб нашы бакі духоўнага бензіну былі поўнымі.

6. Якія высновы мы павінны зрабіць з сённяшняга Божага слова?

Найперш, мы павінны быць інструментамі ў Божых руках. Езус працягвае сваю збаўчую місію ў Касцёле, але чыніць гэта праз людзей – біскупаў, святароў і свецкіх. Мы адказныя за гэту місію. Падчас Другой сусветнай вайны Варшава была вельмі моцна разбурана. Пасля вайны яна адбудоўвалася. Адбудоўваліся таксама і касцёлы. Пад руінамі аднаго з іх знайшлі фігуру Езуса без рук і ног. Пробашч хацеў іх дарабіць, але людзі сказалі, што яны будуць гэтымі рукамі і нагамі. І так засталося да сённяшняга дня, што вельмі вымоўна.

Папа Францішак часта падкрэслівае, што мы не павінны быць абыякавымі ў адносінах як да матэрыяльных, так і да духоўных бедаў чалавека, да хваробаў цела і душы. Але для гэтага патрэбна Божая энергія, не толькі каб у нас і ў іншых усё было добра, але і каб мы ўсе былі святымі.

Далей, нам неабходна жыць не толькі для сябе, але і для іншых, як гэта чыніў Езус. Ён прыйшоў служыць, а не каб Яму служылі. У Яго жыцці быў час на малітву, на аздараўленне іншых і на паяднанне іх з Богам. Мы таксама павінны з усёй сур’ёзнасцю прыняць гэты выклік, раздзяляючы з іншымі любоў, міласэрнасць, спачуванне і прабачэнне. Гэта надасць нашаму жыццю  дынамізм і запал жыць на хвалу Бога і для нашага збаўлення.

Усё гэта нялёгка, аднак з Божай дапамогай магчыма. Аднойчы малы хлопчык ішоў са сваім бацькам па полі і ўбачыў вялікі камень. Ён спытаў тату, ці здолее перамясціць яго на іншае месца. Бацька яму адказаў, што калі будзе старацца з усіх сіл, то зможа. Хлапец стараўся, як толькі мог, аднак нічога з гэтага не атрымалася. І ён з плачам сказаў бацьку, што не можа. На што бацька яму адказаў, што, аднак, калі ён будзе старацца, то зможа. Для гэтага ён павінен папрасіць яго дапамагчы яму. Таксама і мы не будзем баяцца звярнуцца да Бога з просьбай дапамагчы, і станецца сапраўдны цуд перамены нашага жыцця, а праз нас – жыцця іншых людзей. Амэн.

Адноўлена 08.02.2015 18:21
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі