11 лютага 2015 г., мінскі архікатэдральны касцёл
Люрд – рака Божай ласкі
Дарагія браты і сёстры!
1. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае Маці Божую Люрдскую і адначасова адзначае чарговы Сусветны дзень хворых, устаноўлены св. Янам Паўлам II у 1992 г. Гэтае марыйнае свята ў Францыі называецца святам Люрдскай Нотр-Дам, па аналогіі са славутай парыжскай базылікай Маці Божай Нотр-Дам.
Назва гэтага дня бярэ свой пачатак ад аб’яўленняў Божай Маці св. Бернардэце Субіру, якія мелі месца ў 1858 г. у Масабейскім гроце ля падножжа Французскіх Пірынеяў. Тады Марыя 18 разоў аб’явілася 14-гадовай беднай дзяўчынцы, пачынаючы з 11 лютага. Бернардэта Субіру так моцна была заварожана прыгажосцю дамы, якая з’явілася ёй, што спыталася, кім Яна з’яўляецца. У адказ пачула, што Яна Беззаганнае Зачацце. Гэта было не што іншае, як пацвярджэнне самога неба аб дагмаце Беззаганнага Зачацця, аб’яўленага благаслаўлёным Папам Піем IX у 1854 г.
Падчас аднаго з аб’яўленняў Марыя сказала Бернардэце Субіру ва ўказаным ёй месцы разграбсці зямлю, і адтуль пачала цячы вада. Падчас іншага аб’яўлення Божая Маці папрасіла дзяўчынку пайсці да святара і перадаць Яе просьбу збудаваць у гэтым месцы капліцу і праводзіць працэсіі да грота аб’яўленняў. Праз 4 гады, у 1962 г., біскуп дыяцэзіі Тарб пацвердзіў верагоднасць Люрдскіх аб’яўленняў. На тым месцы была пабудавана базыліка і з 1873 г. распачаліся рэгулярныя пілігрымкі на гэтае благаслаўлёнае месца. Папа Леў XIII зацвердзіў спецыяльную святую Імшу ў гонар Маці Божай Люрдскай, а Пій X распаўсюдзіў гэтае свята на ўвесь свет.
2. Люрд стаў найбольш папулярным месцам пілігрымак, куды штогод прыбывае каля 5 мільёнаў пілігрымаў і дзе многія хворыя спазнаюць ласку выздараўлення.Ужо было пададзена каля 7 тысяч просьбаў аб прызнанні цуду. Усе яны даследуюцца спецыяльнай касцёльнай камісіяй, і Касцёл цудоўнымі прызнаў ужо каля 70 такіх выпадкаў.
3. Напэўна, не адзін спытаецца: што з’яўляецца прычынай цудоўных выздараўленняў? Многія, можа, скажуць што прычынай з’яўляецца хімічны склад вады. Аднак хімічныя аналізы Люрдскай вады не выявілі нічога надзвычайнага. Вада як вада, аднак яна вельмі папулярная, бо звязана з месцам, дзе людзі атрымліваюць многія ласкі. Адсюль напрошваецца простая выснова, што прычынай цудаў ёсць Бог, які дзейнічае прадстаўніцтвам Марыі.
Трэба таксама сказаць, што калі мы нагадваем аб цудах выздараўлення ў Люрдзе, то павінны казаць не толькі аб выздараўленні цела, але і душы. Калі мы можам палічыць прызнаныя Касцёлам цуды выздараўлення цела, то адносна душы ведае толькі Бог і сам чалавек.
4. Люрд сёння з’яўляецца найбольш вядомым у свеце Марыйным санктуарыем. Людзі едуць туды, каб выпрасіць ласку здароўя для цела і душы, бо там цячэ рака аздараўляючай Божай ласкі.
Сённяшні ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда нагадвае нам пра аздараўляючае служэнне Касцёла. Ён нагадвае там таксама і аб тым, што мы павінны клапаціцца аб хворых. Таму сёння мы таксама павінны дзякаваць урачам і ўсім медработнікам за іх клопат аб хворых, за тое, што яны дзень і ноч знаходзяцца на варце чалавечага здароўя. Мы павінны таксама дзякаваць святарам, якія ад імя Езуса Хрыста і імя Касцёла лечаць душы людзей ад хваробы граху.
5. Звычайна Святы Айцец на Сусветны дзень хворых звяртаецца да Касцёла і свету са спецыяльным пасланнем. Тэма сёлетняга паслання Папы Францішка ўзята з кнігі Ёва: «Я быў вачыма сляпому і нагамі кульгаваму» (Ёв 29, 15) у перспектыве мудрасці сэрца.
У сваім пасланні Папа падкрэслівае, што мудрасць сэрца не з’яўляецца тэорыяй, абстракцыяй ці вынікам розуму, але інспіраванай Святым Духам дзейнасцю людзей, адкрытых на патрэбы і цярпенні іншых. Таму мудрасць сэрца – гэта найперш служэнне іншым, каб сляпым быць вачыма, а кульгавым – нагамі. Мудрасць сэрца – гэта трыванне пры патрабучых і хворых, бо час, праведзены з хворым – гэта святы час. Мудрасць сэрца – гэта выйсце з самога сябе, каб быць блізка да іншага, аб чым вельмі часта забываецца сучасны свет, накіраваны на эгаізм. Мудрасць сэрца – гэта таксама салідарнасць з іншымі без іх асуджэння.
Папа Францішак таксама падкрэслівае, што людзі, якія церпяць на розныя хваробы, могуць стаць жывымі сведкамі веры, якая дазваляе суіснаваць з цярпеннямі, хаця чалавек і не можа гэтага зразумець да канца.
6. У Люрдзе Марыя заклікала да малітвы на ружанцы, да пакуты і навяртання. У гэтым мы бачым збежнасць аб’яўленняў Божай Маці ў Люрдзе з аб’яўленнямі ў Фаціме, да 100-годдзя якіх мы рыхтуемся. Праблема малітвы і навяртання заўсёды застаецца праблемай жыцця чалавека, асабліва ў наш час. Мінулы год у пастырскай праграме Касцёла ў Беларусі быў прысвечаны малітве, а гэты – навяртанню.
Мы ведаем, што сёння ў Мінску адбываецца сустрэча Прэзідэнтаў Францыі, Расіі і Украіны, а таксама Канцлера Германіі па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу. Гэта даволі сімвалічна, бо ў Сусветны дзень хворых у Мінску падымаюцца спробы вырашыць гэты зацяжны канфлікт, які на самой справе з’яўляецца праяўленнем духоўнай хваробы нашага часу, калі замест любові да бліжняга дамінуе пагарда, нянавісць, непашана да правоў іншага чалавека і г.д.
7. У перспектыве, якую прапануе Люрд, і праз прызму навучання Касцёла і Папы Францішка, даверым сёння сябе, нашых хворых і церпячых, а таксама Украіну Божай Маці Люрдскай, каб праз Яе прадстаўніцтва Бог учыніў новы цуд аздараўлення нашага цела і нашай душы, а ў нашых паўднёвых суседзяў запанаваў мір, каб мы ўсе маглі развівацца гарманічна на хвалу Бога і для нашага збаўлення. Амэн.
|