Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў VI Звычайную нядзелю, Год В, падчас Імшы з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі

15 лютага 2015 г., Мінск, парафія Найсвяцейшай Тройцы

«Ты атуляеш мяне радасцю збаўлення»

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма сённяшняй святой Імшы нагадвае пра радасць, якая ідзе ад Бога і вядзе да збаўлення. Аб ёй асаблівым чынам нагадвае сённяшняе Евангелле, якое распавядае аб ачышчэнні пракажонага і з’яўляецца як быццам супрацьпастаўленнем першаму чытанню з кнігі Левіта. У ёй Бог праз Майсея і Аарона кажа людзям, каб захварэўшыя на праказу прыйшлі да святара, які павінен гэта пацвердзіць, каб потым яны былі ізаляваны ад грамадства і жылі ў адасобленасці ад іншых. Хворы на праказу называўся нячыстым.

Евангелле ж распавядае аб ачышчэнні хворага на праказу, які з такой просьбай звярнуўся да Езуса. Ён просіць Яго словамі: «Калі хочаш, то можа мяне ачысціць». Пракажоны верыць у тое, што Хрыстус можа яму дапамагчы, і Езус сапраўды дапамагае і ачышчае яго цела ад гэтай страшнай хваробы.

Езус не пабаяўся дакрануцца да пракажонага, хаця гэта было забаронена ў Старым Запавеце. Дакранаючыся да яго, Езус знаходзіўся ў небяспецы таксама быць абвешчаным нячыстым і пракажоным. Але Ён дакрануўся, каб праз гэта ідэнтыфікавацца з бедным чалавекам і дапамагчы яму, бо Ён стаўся ва ўсім, акрамя граху, падобным да чалавека.

2. Праказа з’яўляецца сімвалам грахоўнай хваробы. Як праказа дэфармуе цела чалавека, падобна і грэх дэфармуе душу, якая замест таго, каб быць святыняю Духа Святога, становіцца месцам прабывання злога духа.

Калі ў Старым Запавеце гаворыцца аб тым, што святар павінен пацвердзіць хваробу праказы, то ў Новым Езус вучыць, што святар павінен пацвердзіць ачышчэнне ад яе.

Мы павінны з гэтага зрабіць дзве высновы. Першая — што святар навучае праўдам веры і маральным нормам, каб чалавек ведаў, як ён жыве: згодна з Божым законам ці насуперак яму. Гэта азначае, што такім чынам святар пасрэдна як быццам сцвярджае духоўную чысціню чалавека або яго грахоўную праказу. Другая выснова — гэта тое, што святар ад імя Езуса адпускае грахі, што азначае, што толькі ён можа пацвердзіць, што мы ачышчаны з грахоўнай праказы.

3. Сённяшняе Евангелле заклікае нас верыць у бязмежную Божую міласэрнасць, якая гарантуе нам адпушчэнне нашых грахоў, калі мы аб гэтым просім. Гэта азначае, што Божая міласэрнасць ачышчае нас. Нават калі б нашы грахі былі чырвоныя, як кроў, яны пабялеюць, як снег. Дзякуючы сакрамэнту пакаяння мы ачышчаемся з праказы граху і становімся чыстымі, бо сам Езус праз святара дакранаецца да нас, каб ачысціць.

4. Заўважым, Езус дакрануўся — і стаўся цуд. Вучоныя заўважылі, што дзеці растуць больш здаровымі, калі маюць пастаянны кантакт са сваёй маці. Гэта асабліва бачна ў многіх афрыканскіх краінах, дзе дзіця заўсёды знаходзіцца разам з маці — падчас адпачынку і працы. Афрыканскія маці не кладуць дзіця ў каляску, але носяць на спіне або перад сабой, і такім чынам дзіця заўсёды мае кантакт з маці. Пастаянны фізічны кантакт афрыканскіх дзяцей з маці спрыяе таму, што яны растуць больш здаровымі, чым еўрапейскія.

Кантакт з Езусам праз святара таксама чыніць нас духоўна здаровымі, каб мы маглі супрацьстаяць спакусам.

5. Адна гісторыя распавядае пра пустэльніка, які заўсёды казаў, што мае вельмі шмат спраў і таму вельмі заняты. Людзі дзівіліся гэтаму, бо ён жыў адзін. Аднойчы яны папрасілі яго патлумачыць, чым ён так моцна заняты. Пустэльнік сказаў, што павінен прыручыць двух арлоў і двух ястрабаў, кіраваць шлях двух зайцаў, дагледзець змяю, асядлаць асла і навучыць пакоры льва. «А дзе ж ваш заапарк? Дзе знаходзяцца ўсе гэтыя жывёлы, бо мы не бачым ніводнай?» — пыталіся людзі.

Тады пустэльнік патлумачыў, што два арлы — гэта двое вачэй, дзякуючы якім чалавек можа бачыць прыгажосць свету, але якія таксама схільныя да затрымання позірку на амаральных справах, падобна як арол, які хапае здабычу і ўжо не выпускае яе са сваіх кіпцюроў. Хаця дар зроку з’яўляецца вельмі вялікім, без яго цяжка жыць і ён павінен выкарыстоўвацца для дабра, тым не менш неабходна пакласці нямала высілкаў, каб апанаваць свой позірк так, каб ён не быў прычынай граху.

Два ястрабы — гэтыя драпежныя птушкі — нашы рукі. Яны прызначаны для эфектыўнай дзейнасці чалавека і яго шчасця. Аднак, у той жа час, яны, як ястрабы, часта хапаюць і не адпускаюць, нярэдка паводле прынцыпу: што маё, тое маё, а што тваё — таксама маё, як казаў вядомы персанаж Астап Бэндэр. Таму перад кожным з нас стаіць пытанне, як іх прыручыць чыніць толькі дабро.

Два зайцы — гэта нашы ногі, якія могуць ісці як у добрым, так і ў няправільным напрамку. Таму перад чалавекам стаіць заданне кіраваць нашым жыццёвым шляхам паводле Божай волі.

Змяя — гэта наш язык, якога не можа ўтрымаць нават плот з 32 зубоў. Дар мовы вельмі вялікі і прыдатны, але адначасова мы вельмі часта грашым языком. Гэта абмовы, плёткі, сцверджанне няпраўды і г.д. Таму прывучыць язык, каб наша мова адпавядала Божай волі, вельмі цяжка, але да гэтага неабходна імкнуцца.

Далей ідзе асёл. Гэта наша цела, без якога мы не можам абысціся і якое адначасова становіцца спакусай для іншых. Таму яго неабходна асядлаць, каб выкарыстоўвалася згодна з Божай воляй.

І нарэшце, цар звяроў — леў, якім ёсць наша сэрца. Яно цэнтр нашай сілы, месца мужнасці, шчодрасці і міласэрнасці, але таксама можа быць крыніцай нянавісці і помсты, як у льва. Таму мы павінны клапаціцца аб навяртанні сэрца.

6. Кожны з нас падобны да гэтых птушак i жывёлаў і кожны мае заданне ўтаймоўваць іх, каб служылі дабру, не дэфармавалі нашага духоўнага жыцця і не чынілі хворымі на духоўную праказу.

Мы ведаем, што слабыя і самі без Божай дапамогі не пераможам зла. Нездарма Езус кажа, што без Яго нічога не зможам учыніць. Ён прыходзіць да нас у Святым Пісанні, у сакрамэнтах і ў дзейнасці Касцёла. Сёння ў сакрамэнце канфірмацыі Ён спасылае Святога Духа, каб умацаваў нас сваімі дарамі і ўчыніў здольнымі супрацьстаяць злому духу і яго спакусам, каб мы не хварэлі на духоўную праказу, а былі чыстымі душой і такім чынам імкнуліся да святасці. Амэн.

Адноўлена 15.02.2015 15:40
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі