18 лютага 2015 г., мінскі архікатэдральны касцёл
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сёння Папяльцовай серадой Каталіцкі Касцёл распачынае Вялікі пост. Слова “Папялец” паходзіць ад слова “попел”, які азначае знішчэнне. Падчас набажэнства Папяльцовай серады святар выкарыстоўвае попел са спаленых галінак мінулагодніх пальмаў. Але папялец мы можам убачыць і ў звычайным жыцці. Свет нядаўна адзначаў 70-годдзе вызвалення Асвенцыма, дзе падчас Другой сусветнай вайны ў крэматорыях былі спалены мільёны людзей. Менавіта Асвенцым стаўся самым вялікім папяльцом ХХ стагоддзя. Вуліцы Нью-Ёрка 11 верасня 2001 г. таксама сталіся небачным да гэтага папяльцом. Сёння такім папяльцом з’яўляецца ўкраінскі горад Дэбальцова, дзе, нягледзячы на мінскія пагадненні, працягваецца крывавая бойня. Мы з жахам глядзім на гэтыя падзеі нашага часу і просім Бога берагчы чалавецтва ад падобных папяльцоў.
2. Для нас дастаткова каліва попелу, якой святар сёння пасыпае нашы галовы, бо яно змушае нас задумацца аб нашым жыцці і яго перспектыве ў вечнасці. Абрад пасыпання галоваў попелам павінен нас схіліць да таго, каб час Вялікага посту, як час ласкі і навяртання, не быў страчаны.
Адным з імкненняў сучаснага чалавека з’яўляецца імкненне да матэрыяльнага дастатку. Мы хочам мець як мага больш і больш, ніколі не ведаючы меры. У той жа час Вялікі пост заахвочвае звярнуць нашу ўвагу на духоўны стан нашага жыцця.
Аднойчы ў санкт-пецярбургскім Эрмітажы двое сяброў сузіралі шэдэўры сусветнага мастацтва. Адзін з іх глядзеў і не мог адарвацца ад адной з карцін. Другі ж у той час блукаў па розных выявах, з нецярпеннем чакаючы, калі яго сябар пойдзе далей, і кажучы яму: “Ідзём, шкада часу”. Але той не згаджаўся, кажучы: “Я не магу адарваць ад гэтай карціны сваіх вачэй”. Гэта была славутая выява марнатраўнага сына, які вярнуўся ў дом айца.
3. Кожны з нас з’яўляецца такім марнатраўным сынам, і бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог чакае нас. Вялікі пост – гэта найбольш спрыяльны час, каб вярнуцца да Яго. І на шляху да навяртання знаходзіцца Папяльцовая серада, якая дапамагае нам усвядоміць нясталасць нашага жыцця і ператварэнне нашага цела ў прах. Бог з праху зямлі стварыў чалавека, і ў прах ён вернецца. Гэта праўда, якой ніхто не можа пярэчыць, бо ўсе мы памрэм і нашы целы ператворацца ў прах.
Пост рапачынаецца абрадам пасыпання галоваў попелам, каб мы маглі задумацца аб сваім жыцці, асабліва ў святле словаў Хрыста: “Навяртайцеся і верце ў Евангелле”. Попел прамаўляе і кажа нам аб тым, што ў вечнасць мы не забярэм з сабой матэрыяльных каштоўнасцяў, але толькі тое, што не ператвараецца ў попел, гэта азначае духоўныя справы. Таму нам, падобна як таму маладому чалавеку ў Эрмітажы, на пачатку Вялікага посту неабходна стаць перад выявай вяртання марнатраўнага сына, каб вярнуцца на шлях навяртання. Нам нельга жыць абыякавасцю да Божага закону і казаць сабе, што “неяк там будзе”.
Пры гэтым трэба памятаць, што Бог патрабуе не нашых слоў, але сведчання, асабліва адносна нашага хрысціянскага паклікання. Многія з нас прымаюць удзел у Эўхарыстыі, але потым уцякаюць перад цяжкасцямі, падобна як учынілі апосталы, якія пасля Апошняй Вячэры ўцяклі, бо ўбачылі Хрыста церпячага. Многія з нас ігнаруюць свае маральныя праблемы, кажучы, што нічога страшнага не сталася. Але гэта падобна да прыкрыцця снегам балагану на падворку ці вуліцы. Снег на самой справе яго не зменіць, бо прыйдзе вясна, снег растане і непарадак ізноў будзе бачны.
4. Мы часта бачым, як працаўнікі дарожных службаў рамантуюць дарогі. Таксама мы нясём бруднае адзенне ў пральню. Хворага чалавека лечыць урач, і г.д.
Мы былі створаны па вобразу і падабенству Божаму. Але ці так ёсць? Можа, у нашых сэрцах знаходзіцца прыстасаваны да нашых патрабаванняў бог? Можа, ён нам паслухмяны, а не мы яму? Час 40-дзённай пакуты, які распачынаецца сёння, павінен стаць часам пазнання сябе і карэкціроўкі нашага жыцця. Чым раней мы заўважым трэшчыну ў сцяне дома, тым менш будзе шкоды і тым таннейшы рамонт. Падобна ёсць і з душой чалавека. Чым раней убачым грахоўную шчыліну і распачнем яе рамонт, тым больш ён будзе якасны, таннейшы і не прынясе вялікіх шкодаў.
5. Попел з’яўляецца там, дзе штосьці спальваецца. Але ёсць яшчэ попел духоўны, які з’яўляецца ў наступстве грахоўнага пажару. Аднак у Божым плане попел не апошняе слова. Як міфічная птушка фенікс адражаецца з попелу, таксама і мы з дапамогай Божай ласкі павінны адрадзіцца да новага духоўнага жыцця. Няхай каліва попелу дапаможа нам зрушыць нашы сумленні.
Раней, калі яшчэ не было шампуняў, валасы на вёсцы мылі распушчаным у ваде попелам са спаленага дрэва. Такі натуральны раствор мыў лепей за шампунь і як натуральны сродак умацоўваў валасы. Няхай гэтая ўласцівасць попелу ў пераносным сэнсе стане часткай нашага духоўнага жыцця падчас Вялікага посту, каб мы ачысціліся і сталі больш моцнымі духоўна. Амэн.
|