Каменка, 28 лютага 2015 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. “Святая і збаўленая думка маліцца за памерлых”, – кажа Святое Пісанне.
Сёння мы сабраліся ў каменкаўскім касцёле, каб маліцца ў інтэнцыі святой памяці кс. прэл. Юзафа Грасевіча, які тут доўгія гады служыў. Гэта былі часы ганенняў на Касцёл, і таму яго служэнне заслугоўвае асаблівай ацэнкі і павагі.
Ксёндз прэлат Юзаф Грасевіч нарадзіўся ў 1904 г. на Беласточчыне. Пасля школы паступіў у Віленскі ўніверсітэт на факультэт паланістыкі. Атрымаўшы вышэйшую гуманітарную адукацыю, два гады працаваў па спецыяльнасці. Потым паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, пасля заканчэння якой атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.
Выконваў розныя святарскія функцыі ў Вільні, між іншым быў рэдактарам “Каталіцкага штотыднёвіка” і капеланам саюзу хрысціянскай моладзі. У той час пазнаёміўся са спаведніком св. Фаўстыны Кавальскай – візіянеркі Езуса Міласэрнага – бл. Міхалам Сапоцька. Ксёндз прэлат Юзаф Грасевіч заўсёды паўтараў, што час знаёмства з ксяндзом Сапоцькам быў правідэнцыяльны і меў рашучы ўплыў на яго жыццё.
Падчас Другой сусветнай вайны кс. Юзаф Грасевіч быў арыштаваны немцамі. Пасля яе завяршэння быў скіраваны на працу ў Бабруйск, але свецкая ўлада не дала дазволу на працу ў гэтым горадзе. У сувязі з гэтым ён быў накіраваны на працу ў парафію Св. Юрыя ў Новай Рудзе, дзе быў арыштаваны камуністычнымі ўладамі і вывезены ў канцэнтрацыйны лагер у Комі АССР. Пасля вызвалення працягнуў служэнне ў Новай Рудзе. У сувязі з малой колькасцю святароў павінен быў абслугоўваць некалькі парафій.
Касцёл у Новай Рудзе быў зачынены ў 1970 г. атэістычнымі ўладамі і ператвораны ў склад. Ксёндз Юзаф Грасевіч быў пераведзены ў парафію ў Крамяніцы. Атэістычная ўлада пераследвала ксяндза за арганізаваныя ім пратэсты супраць нішчэння прыдарожных крыжоў.
Потым кс. Юзаф быў пераведзены ў парафію Св. Антонія і Аб’яўлення Пана ў Каменцы. Там ён распачаў працу будаўніцтва манаскай супольнасці сясцёр Божай Маці Міласэрнасці, што на тыя часы было рэвалюцыйнай справай. Дзякуючы яго актыўнасці Каменка стала аазісам культу Божай міласэрнасці. Тут 1 сакавіка 2000 г. ва ўзросце 97 гадоў Бог паклікаў да сябе свайго вернага слугу.
Гэтыя кароткія біяграфічныя звесткі характарызуюць ксяндза прэлата Юзафа Грасевіча як адданага сына Касцёла, які да канца сваіх дзён верна служыў Богу і людзям у абставінах як ганенняў на Касцёл, так і свабоды веравызнання.
2. Будучы руплівым пастырам, абвяшчаючы Божае слова, асвячаючы людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і ў любові кіруючы Божым народам, кс. прэл. Юзаф Грасевіч асаблівую ўвагу звяртаў на развіццё культу Божай Міласэрнасці, а таксама станаўленне і развіццё манаскага Таварыства сясцёр Божай Маці Міласэрнасці.
3. Ён добра ведаў гісторыю паўстання першага абраза Езуса Міласэрнага і яго складаны лёс. Абраз быў намаляваны ў Вільні ў 1934 г. У 1935 г. ён упершыню быў выстаўлены для публічнага ўшанавання ў Вострай Браме, а ў 1937 г. быў усталяваны ў касцёле св. Міхала.
Адразу пасля вяртання з лагеру кс. Юзаф Грасевіч зацікавіўся яго лёсам. У 1948 г. пасля закрыцця касцёла св. Міхала ў Вільні абраз быў схаваны пад дахам прыватнага дома. У 1955 г. ён быў перанесены ў прыватнае памяшканне пробашча парафіі Святога Духа. Менавіта там убачыў яго кс. Юзаф Грасевіч. Адтуль у 1956 г. ён перавёз яго ў касцёл св. Юрыя ў Новай Рудзе і змясціў на сцяне паміж прэзбітэрыем і галоўнай навай. Абраз тут знаходзіўся на працягу 40 гадоў.
У парафіі ў Новай Рудзе кс. прэл. Юзаф Грасевіч увёў звычай малітвы Вяночка да Божай Міласэрнасці. Даведаўшыся аб гэтым, кс. Міхал Сапоцька, які тады быў выкладчыкам духоўнай семінарыі ў Беластоку, вельмі ўзрадаваўся, бо разумеў, што абраз знайшоў сумленнага апекуна.
Немагчыма таксама пераацаніць заслугі кс. прэл. Юзафа Грасевіча ў захаванні першага цудатворнага абраза Езуса Міласэрнага. Асаблівым чынам гэта праявілася пасля таго, як у 1970 г касцёл у Новай Рудзе. быў ператвораны ў склад. Стараннямі кс. Юзафа абраз у 1986 г. быў перавезены ў Вільню і пасля рэстаўрацыі ў 1987 г. змешчаны ў бакавым алтары касцёла Святога Духа. Перад ім у 1993 г. маліўся вялікі прыхільнік Божай Міласэрнасці св. Ян Павел II.
4. Вялікія заслугі кс. прэл. Юзафа Грасевіча і ў станаўленні і развіцці існуючага ў Беларусі Таварыства Маці Божай Міласэрнасці. Яшчэ перад Другой сусветнай вайной кс. Юзаф Грасевіч быў духоўным айцом новапаўсталага ў Вільні Таварыства Найсвяцейшай Панны Марыі Пераможцы, які атрымаў назву Інстытут “Marianum”. Мэтай Інстытуту было тое, каб яго члены – мужчыны і жанчыны – працавалі над сваім асвячэннем і ажыццяўлялі Божае Валадарства ў грамадстве. Тады ён нават падрыхтаваў адмысловы статут гэтай супольнасці.
Узнікненне, дзякуючы намаганням кс. прэл. Юзафа Грасевіча, Таварыства Маці Божай Міласэрнасці ў Беларусі сваімі каранямі зыходзіць з Вільні. Менавіта там Міласэрны Езус аб’яўляўся св. Фаўстыне Кавальскай. Там быў намаляваны першы абраз Езуса Міласэрнага і там упершыню выстаўлены для публічнага праслаўлення ў Вострай Браме. Там нарадзіўся і адтуль пачаў развівацца культ Божай Міласэрнасці, які ў наш час з’яўляецца найбольш папулярным у свеце, бо, як кажа св. Ян Павел II, Божая міласэрнасць – гэта адзіная надзея свету. І ў яго росквіце вялікая заслуга належыць кс. прэл. Юзафу Грасевічу.
Ксёндз прэлат Юзаф Грасевіч быў spiritus movens узнікнення і развіцця Таварыства Маці Міласэрнасці, галоўнай мэтай якога з’яўляецца апостальская дзейнасць для рэлігійнага адраджэння грамадства паводле закліку св. Пія Х: “Усё адрадзіць у Хрысце”. Яго стараннямі быў апрацаваны статут. Харызмай таварыства быў абраны культ Езуса Міласэрнага і Маці Міласэрнасці.
Вядомы быў кс. прэл. Юзаф Грасевіч і як народны паэт, які ў сваіх вершах усхваляў прыроду і праз яе вёў чалавека да Бога.
5. Бог дазволіў мне асабіста ведаць гэтага чулага, святога і адданага Касцёлу святара. Я бачыў, як шмат ён маліўся, як шмат увагі прысвячаў пастаяннай фармацыі святароў і закладзенаму ім Таварыству Божай Маці Міласэрнасці. Я зведаў яго давер Езусу Міласэрнаму. Калі здавалася, што ўжо нічога не зменіць сітуацыі Касцёла ў Беларусі, ён верыў і спадзяваўся, нават насуперак надзеі. І не памыліўся.
Калі б не было святароў фармату кс. прэл. Юзафа Грасевіча, то і не было б такога хуткага адраджэння Касцёла ў нашай краіне. Яны захавалі веру ў народзе і падрыхтавалі яго да выкарыстання новых магчымасцяў, якія дае свабода веравызнання.
Сёння дзякуем Богу за гэтага правідэнцыйнага пастыра. Дзякуем яму самому, за тое, што, нягледзячы на пераслед і цяжкасці святарскага служэння ў часы ганенняў на Касцёл, ён застаўся верны свайму святарскаму пакліканню.
Усемагутны і міласэрны Божа, давяраем Табе памерлага 15 гадоў таму ксяндза прэлата Юзафа Грасевіча і просім Цябе, увядзі яго ў радасць Твайго Валадарства, падобна таму, як ён падчас свайго зямнога жыцця вёў туды людзей. Амэн.
|