Парафія Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах, 1 сакавіка 2015 г.
Перамяніцца ў Пану
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Евангелле II Нядзелі Вялікага посту распавядае нам аб Перамяненні Езуса на гары Табор. Езус узяў з сабой на гэтую гару апосталаў Пятра, Яна і Якуба і перад імі перамяніўся, так што Яго аблічча ззяла, як сонца, а адзенне было белае, як снег. Ён таксама размаўляў з Іллёй і Майсеем, а з неба голас нябеснага Айца сказаў, што Езус – Яго ўмілаваны Сын, якога неабходна слухаць. Апосталы былі так заварожаны ўбачаным, што Пётр сказаў, што добра ім быць на гэтай гары, і прапанаваў збудаваць тры шатры – адзін для Езуса, другі для Іллі і трэці для Майсея.
Апосталам было добра быць на гары Табор, бо з імі быў Езус і яны ўбачылі Яго нябесную славу, да якой мы ўсе пакліканы.
Нам таксама добра тут быць, бо знаходзімся на бараўлянскай горцы, дзе Езус перамяняе нас, што адпавядае як сёлетняй пастырскай праграме Касцёла ў Беларусі, тэма якой навяртанне, так і праграме Вялікага посту – гэтага часу ласкі і навяртання.
2. У 1977 г. з Савецкага Саюза ў Злучаныя Штаты Амерыкі эміграваў вядомы комік Якаў Смірноў. Ён быў вельмі ўражаны стылем амерыканскага жыцця аж да таго, што ўвайшоў у гісторыю як аўтар славутай фразы аб Амерыцы: “Што ж гэта за краіна!” Яго гумар складаўся з супастаўлення складанага жыцця ў камуністычнай краіне з ідэалогіяй спажывецтва Злучаных Штатаў.
Прыехаўшы ў Амерыку, ён не быў падрыхтаваны да кардынальна іншага стылю жыцця, да колькасці і разнастайнасці тавараў і прадуктаў у магазінах. Свой першы досвед жыцця ў Амерыцы ён апісвае наступным чынам: “Падчас майго першага наведвання магазіна я ўбачыў сухое малако. Неабходна было толькі даліць вады, і атрымлівалася звычайнае малако. Потым я ўбачыў сокі ў парашку, дабаў вады і маеш сок. І нарэшце, я ўбачыў дзіцячую пудру і падумаў сабе: “Што ж гэта за краіна! Вазьмі парашок, далей ваду і з’явіцца дзіця?!”
3. Вядомы гумарыст смяяўся з гэтых цудаў тагачаснага амерыканскага жыцця, цудаў ператварэння парашку ў малако ці ў сок, якія і ў нас сталі штодзённасцю. Мы ж, аднак, павінны ўспрымаць Перамяненне Хрыста на гары Табор як заклік да нашай духоўнай перамены, да цуду змены нашага жыцця, да таго, каб пакінуць старога чалавека і стаць новым, Хрыстовым.
Сцэна Перамянення Пана традыцыйна заклікае да змены жыцця. Некаторыя ўспрымаюць гэта літаральна і думаюць аб імгненнай, нават цудоўнай змене. Дастаткова толькі прыйсці раз у касцёл, заказаць Імшу, паставіць свечку і г.д., і Бог учыніць цуд. Так думаючы, мы прыпадабняем касцёл да прадуктовага магазіна і становімся парашковымі хрысціянамі. Трэба толькі купіць гэты парашок святасці, дадаць у яго вады - і мы адродзімся да новага жыцця.
4. У рэальнасці такі парашок не існуе, і вучнямі Хрыста не нараджаюцца, але становяцца. Яны паволі растуць праз іх хрысціянскую фармацыю, розныя выпрабаванні, цярпенні і спакусы. Штодзённае жыццё паказвае, што далёка не ўсе дзеці, якія рэгулярна прымаюць удзел у катэхізацыі, потым, калі вырастуць, становяцца добрымі вернікамі і рэгулярна ходзяць у касцёл. Чаму? Прычын, напэўна, шмат. Але адно ясна, што шлях да дасканаласці доўгі і патрабуе пастаяннай фармацыі, малітвы, ахвяры, перамогі над спакусамі і г.д.
Калі апостал Пётр пярэчыў Езусу, што Ён не можа цярпець і быць укрыжаваным, то Хрыстус яму сказаў, што той думае чыста па-чалавечы, а не па-Божаму. Гэта азначае не ставіць на першае месца Божае Валадарства, да якога мы ўсе пакліканы. Гэта пакліканне і шлях да духоўнай дасканаласці распачынаецца хростам і потым умацоўваецца іншымі сакрамэнтамі, малітвай, рознымі духоўнымі практыкамі і дабрачыннасцю.
5. Сёння ў Бараўлянах цэлебруецца сакрамэнт канфірмацыі, які яшчэ называецца сакрамэнтам хрысціянскай сталасці. Ён мае вельмі вялікае значэнне ў нашым духоўным жыцці і ўдасканаленні. Хрысціянін павінен быць сталым, гэта азначае такім, які будуе сваё жыццё на хрысціянскіх маральных нормах і не паддаецца спакусам ліберальнага свету.
Вядома, што адным з самых вялікіх аўтамабільных канцэрнаў у свеце з’яўляецца “Форд”. Даўным-даўно здарылася, што адзін з працаўнікоў гэтага завода час ад часу пазычаў розныя запасныя часткі да аўтамабіля і потым забываўся іх вяртаць. Такім чынам ён іх проста краў. Але сталася так, што ён прыняў хрост і, пачаўшы жыць паводле Божага закону, зразумеў, што далей так не можа паступаць, і вярнуў гэтыя запчасткі на фабрыку. Тады яе загадчык паслаў тэлеграму Форду ў Еўропу, дзе той знаходзіўся, падрабязна распавёўшы ў ёй аб тым, што сталася. Форд імгненна адказаў: “Не шкадуйце вады і ахрысціце ўсіх працаўнікоў фабрыкі”. Форд добра ведаў, што веруючы чалавек не будзе рабіць зла, не будзе красці, і хацеў, каб такімі былі людзі, якія там працуюць.
6. Як вучні Езуса мы павінны памятаць аб абяцаннях хросту; памятаць аб тым, што мы не свабодныя паступаць згодна з нашай грэшнай прыродай, але свабодныя падпарадкаваць нашу волю Божай волі і ўладзе Хрыста. Гэта нялёгка, бо хаця і ведаем, што такое дабро, аднак у той жа час робім зло. Каб супрацьстаяць спакусам злога духа і жыць згодна з абяцаннямі хросту, неабходна быць духоўна моцнымі.
Прыкладам нам можа служыць святы Казімір, якога хутка, 4 сакавіка, будзем успамінаць. Крэда яго жыцця былі словы: “Лепей памерці, чым зграшыць”. Адкуль ён браў для такога жыцця сілы? Найперш з малітвы. Ён быў вялікім прыхільнікам Божай Маці і шмат маліўся да Найсвяцейшага Сакрамэнту. Ён таксама шмат увагі прысвячаў дапамозе бедным.
7. Сёння бараўлянская парафія перажывае сваю Пяцідзясятніцу, новае Спасланне Святога Духа. З Дзеяў Апосталаў мы ведаем, што калі Дух Святы сышоў на апосталаў, яны кардынальна перамяніліся. Вячэрнік для іх стаў гарой Табор, гарой перамянення, калі з баязлівых яны ператварыліся ў адважных вестуноў і абаронцаў Евангелля.
У наш час Касцёл і свет патрабуе не папяровых і штучных хрысціян, не парашковых, але тых, якія, у сакрамэнце хросту стаўшы Хрыстовымі, імі і з’яўляюцца ў жыцці.
Дарагія браты і сёстры, асабліва тыя, хто прымае сакрамэнт Святога Духа на гэтай бараўлянскай гары перамянення, не закрывайцеся на Яго дзеянне, падыміце ветразі сваёй душы і дазвольце Яму напоўніць іх, каб Ён вёў вас дарогай хрысціянскай дасканаласці і сталасці. Амэн.
|