Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на III Нядзелю Вялікага посту, Год В

8 сакавіка 2015 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Божыя запаведзі фармуюць наша сумленне

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Першае сённяшняе чытанне прадстаўляе нам дзесяць Божых запаведзяў, якія мы, напэўна, добра ведаем і, можа, нават часта паўтараем, не задумваючыся аб іх значэнні ў нашым штодзённым жыцці. На самой справе – гэта не што іншае, як дарожныя знакі на нашым жыццёвым шляху, каб яно было шчаслівым.

Мы вельмі часта наракаем, што законы нядобрыя. Божы закон – гэта самы дасканалы закон, але чалавек яго не выконвае, і ў гэтым крыецца прычына яго няшчасця.

2. Мы любім хадзіць у цырк, дзе са здзіўленнем глядзім на трукі артыстаў і дзікіх жывёлаў, якія настолькі прыручаныя і натрэніраваныя, што выконваюць усе каманды дрэсіроўшчыка.

У апошнія часы ў нашых дамах і памяшканнях бачна ўсё больш сабак. Гэта новая мода. Вядома, што сабака – сябар чалавека. Аднак сабака застаецца зверам і патрабуе адпаведнага выхавання, каб мог служыць чалавеку. Калі ў доме ёсць сабака, то ён павінен быць адпаведна навучаны, як яму трэба сябе паводзіць, і павінен слухаць тыя каманды, з якімі гаспадар звяртаецца да яго. Усё гэта азначае, што як дзікія звяры ў цырку, так і сабакі дома павінны прытрымлівацца канкрэтных правіл, якім яны былі навучаны.

3. У нашым жыцці таксама існуюць правілы паводзін. Смецце мы выкідваем не на вуліцу, але ў сметніцу. Абед мы ядзім не стоячы, але седзячы за сталом. Гэтым і іншым правілам паводзін мы навучыліся ад сваіх бацькоў і старэйшых.

Дыетолагі кажуць, што трэба есці больш садавіны і гародніны. Але ў той жа час мы бачым, што ў магазінах прадаюцца разынкі ці вішні ў шакаладзе. Звычайна мы гаворым, што гэта садавіна. Такім чынам мы самі сябе падманваем, бо ядзім іх з шакаладам.

Сёння вельмі папулярныя чыпсы. Іх ядуць усе, думаючы, што ядуць бульбу. Але гэта не чыстая бульба. Нехта сказаў, што чыпсы – гэта ўменне прадаць адну бульбачку па цане трох.

У фастфудах, якія сёння вельмі папулярныя, мы ядзім ненатуральную ежу і гэтым таксама падманваем саміх сябе.

4. А як выглядаюць справы адносна захавання маральных правіл паводзін у нашым жыцці? Адкуль мы ведаем, як павінны сябе паводзіць? У сваім жыцці мы паступаем згодна з канкрэтна вызначанымі Богам ці грамадствам правіламі ці, можа, стараемся абхітрыць іншых, як чалавек, які есць вішні ў шакаладзе, кажучы, што есць вішні, і гэтым самым хочучы заспакоіць сваё жаданне есці шакалад? Ці такім чынам мы не падманваем саміх сябе?

Нават калі б мы жылі на пустынным востраве, куды вера ніколі не была б прынесена, мы б ведалі базавыя нормы паводзін і адрознівалі б дабро ад зла. Усё гэта мы называем натуральным законам, які ўпісаны ў нашы серцы Створцам і які дапамагае прыняць правільнае рашэнне. Нават калі б мы жылі там, куды яшчэ не дайшла вера, голас сумлення дапамагаў бы нам прымаць маральна правільныя рашэнні.

5. Мы, аднак, маем вялікі прывілей расці як дзеці Божыя ад моманту нашага хросту, бо не нарадзіліся і не раслі на бязлюдным пустынным востраве, куды вера яшчэ не дайшла. Быццё дзецьмі Божымі – гэта такая вялікая ласка, што мы не можам знайсці словаў, каб выказаць нашу ўдзячнасць Богу за Яго шчодрасць учыніць нас членамі Яго сям’і.

Гэта вялікі дар і адначасова абавязак - дзейнічаць згодна з Божай воляй. Аднак вельмі часта мы забываемся аб тым, што з’яўляемся дзецьмі Божымі, і становімся не сапраўднымі, але штучнымі хрысціянамі. У мітусні штодзённых спраў мы спяшаемся праз жыццё, не думаючы, кім з’яўляемся і куды ідзём.

6. Таму сёння мы павінны спытаць сябе: ці жывём мы як дзеці Божыя? Натуральны закон і часткова сфармаванае сумленне не з’яўляюцца дастатковымі, каб жыць як дзеці Божыя. Мянялы грошай і гандляры жывёламі з сённяшняга Евангелля памыляліся, бо чынілі гэта ў святыні, якая павінна быць домам Нябеснага Айца і месцам малітвы. Дзякуй Богу, Езус выправіў сітуацыю і павыганяў са святыні гандляроў.

На наша сумленне вялікі ўплыў мае грамадства, асабліва сродкі масавай інфармацыіі, якія сталі галоўным выхаваўцам моладзі. У выніку наша сумленне можа быць забруджаным. З дэфармаваным сумленнем мы можам прыняць двухзначныя правілы жыцця, падобна як спажыванне вішняў у шакаладзе, калі мы падманваем саміх сябе, каб толькі заспакоіць свае жаданні.

З нядобра сфармаваным сумленнем мы становімся мяняламі грошай і гандлярамі жывёлай у святыні нашага жыцця, думаючы, што ўсё ў парадку. На самой жа справе нам патрэбны Бог, каб паказаць, што ў нашым жыцці правільна, а што блага, каб мы маглі адрозніваць дабро ад зла. Каб фармаваць правільнае сумленне, Бог пакінуў нам дзесяць запаведзяў, паводле якіх мы павінны жыць.

- Мы павінны праслаўляць аднаго Бога, а не чыніць богам рэчы, грошы, артыстаў, вядомых спартсменаў, імкненне да задавальненняў, секс, аўтамабіль і г.д.
- Мы не можам ужываць імя Бога дарэмна, бо як дзеці Божыя павінны адносіцца да яго з павагай і пашанай.
- Мы павінны захоўваць нядзелю і святочны дзень як Божы дзень, прымаючы ўдзел у святой Імшы, адпачываючы фізічна і духоўна.
- Мы павінны шанаваць сваіх бацькоў і старэйшых, настаўнікаў, выкладчыкаў, кіраўнікоў і г.д.
- Мы павінны берагчы жыццё, як самы вялікі Божы дар, ад зачацця аж да натуральнай смерці. Гэта вельмі вялікая і актуальная праблема нашага часу, бо жыццё чалавека становіцца таварам, яго можна прадаць і купіць, ім можна маніпуляваць.
- Сексуальнасць з’яўляецца вялікім Божым дарам і ёю трэба карыстацца згодна з Божай воляй. Таму мы не можам дапускаць чужалоства і разбэшчанасці. Неабходна клапаціцца аб духоўнай перадсужэнскай чысціні і захоўваць сужэнскія абяцанні.
- Кожны чалавек і грамадства мае сваю маёмасць, і яе неабходна шанаваць. Таму нельга красці і падманваць.
- Мы шануем праўдамоўных людзей, і таму нам нельга гаварыць няпраўду. Мы павінны быць людзьмі праўды, бо Бог ёсць праўда.
- Бог стварыў сям’ю як адзіны і непарушны саюз. Таму нельга пажадаць жонкі ці мужа іншай асобы. Што Бог злучыў, чалавек не можа разлучыць.
- Мы не можам быць зайздроснымі і жадаць чыёйсьці маёмасці. Наадварот, неабходна дзякаваць Богу за тое, што нехта атрымаў Яго благаслаўленне.

7. Мы атрымалі дзесяць Божых запаведзяў, каб ведаць, як жыць. Яны не абмяжоўваюць нашу свабоду, але, наадварот, паказваюць, як жыць у свабодзе дзяцей Божых, каб быць шчаслівымі ў гэтым жыцці і дасягнуць шчаслівай вечнасці. Сваімі запаведзямі Бог асвячае наша сумленне, каб яно было правільным і не вяло нас па жыцці сумнеўнымі шляхамі і паводле двайных стандартаў.

Як калісьці Бог праз Майсея даў нам свой закон, таксама і сёння Ён дае яго нам праз Касцёл і яго вучэнне, каб мы былі людзьмі добра сфармаванага сумлення.

Цяпер, калі мы перажываем Вялікі пост, дазволім Богу так фармаваць яго, каб мы сапраўды былі Божымі дзецьмі, якія дазваляюць Езусу ў сакрамэнце пакаяння выкінуць з нашых душаў усялякі хлам. Калі Ён змог павыганяць са святыні гандляроў і мянялаў грошай, то таксама зможа ачысціць нашы душы, каб былі святынямі Духа Святога. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі