Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ва ўрачыстасць св. Юзафа

19 сакавіка 2015 г., Валожын, касцёл св. Юзафа

Сям’я – супольнасць любові

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае адно з найбольш папулярных святаў – урачыстасць св. Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі. Мы сабраліся ў аднайменным касцёле ў Валожыне, каб падчас Вялікага посту малітоўна адзначыць гэта свята і асвяціць новы бакавы алтар у гонар Езуса Журботнага.

2. Святы Юзаф займае асаблівае месца ў гісторыі збаўлення. Ён разам з Марыяй быў пасвечаны ў таямніцу Богаўцелаўлення. У сённяшнім Евангеллі мы пачулі словы, з якім пасланец Божы – анёл – заахвоціў Юзафа не баяцца прыняць Марыю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога і з Яе народзіцца Сын Божы.

Гэтыя словы з’яўляюцца ключавымі ў жыцці гэтага святога чалавека, які быў патомкам караля Давіда. У гэтых словах Нябесны Айцец даверыў простаму цесляру з Назарэта такую вялікую таямніцу, якой з’яўляецца таямніца Богаўцелаўлення.

3. Найперш гэта таямніца была даверана Марыі падчас Звеставання, якое, як мы добра ведаем, таксама мела месца ў Назарэце. У той час Марыя была заручана з Юзафам. Гэта азначае, што паводле Ізраэльскага закону Яна была яго сужонкай. Аднак яны яшчэ не жылі разам, аб чым Яна сама сказала арханёлу Габрыэлю падчас Звеставання.

Другім, каму была аб’яўлена гэтая таямніца, стаў святы Юзаф. У яго сям’і павінен быў нарадзіцца Езус, – як яму паабяцаў анёл. Імя Езус азначае «Бог збаўляе». Такім чынам святому Юзафу была адкрыта таямніца прыйсця ў свет Збаўцы. Юзаф прыняў гэту таямніцу сваёй верай. Таму таксама і яму можна адрасаваць словы, якія святая Альжбета сказала Марыі: «Благаслаўлёная, якая паверыла». Благаслаўлёная Марыя, але таксама благаслаўлёны і Юзаф, бо яны паверылі ў таямніцу Богаўцелаўлення, да якой вёў Выбраны Народ Стары Запавет.

Такі чынам, святы Юзаф стаў даверанай асобай боскай таямніцы, якая ўвайшла ў яго жыццё як рэчаіснасць і якая прыйшла ў яго дом праз Марыю. Ён да канца свайго жыцця застаўся верны гэтай таямніцы.

4. Сёння, калі мы разважаем аб святым Юзафе, мы павінны дзівіцца прастаце і адначасова глыбіні яго веры. Яму, простаму цесляру, Бог даверыў свайго адзінароднага Сына. Яму Бог таксама даверыў Яго Маці – Марыю. Яму даверыў Святую Сям’ю. І святы Юзаф не падвёў Бога.

Як вядома, Бог жыве ў сваім Касцёле, і таму святому Юзафу Касцёл давярае сябе ва ўсіх сферах яго жыцця і дзейнасці, асабліва ў адносінах да сям’і.

Усім вядома, што сучасная сям’я перажывае небывалы крызіс, які падважвае існаванне грамадства. Сям’я – гэта галоўная клетка кожнага грамадства і яго фундамент. Вядома, што без фундаменту нельга збудаваць дом. Таксама без сям’і не можа існаваць нармальнае грамадства. Крызіс сям’і падразае карані грамадства. Як дрэва з падрэзанымі каранямі засыхае, таксама і грамадства, у якім сям’я знаходзіцца ў крызісе, засыхае духоўна.

5. Таму сённяшняя ўрачыстасць св. Юзафа – гэта таксама і свята хрысціянскай сям’і ва ўсіх яе вымярэннях: этычным, грамадскім і рэлігійным. Гэта таксама і свята жыцця, якое нараджаецца ў сям’і, у ёй узрастае, удасканальваецца і рыхтуецца да самастойнасці і адказнасці за Касцёл і грамадства.

Касцёл вучыць, што сям’я павінна быць першай школай рэлігійнага выхавання; школай працы, любові, салідарнасці, чалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцяў. Ва ўсім гэтым найбольшая адназнасць ляжыць на бацьках.

Сям’я – гэта таксама супольнасць любові, дзе кожны яе член адчувае, што яго разумеюць, прымаюць і любяць.

Сям’я – гэта адкрытая на жыццё супольнасць, што асабліва важна ў наш час, калі чалавечым жыццём маніпулююць, калі яно купляецца і прадаецца, калі хутка могуць з’явіцца фабрыкі штучнага паўстання жыцця. У такіх абставінах хрысціянская сям’я павінна стаць месцам падтрымкі і абароны жыцця, як найбольш каштоўнага Божага дару.

Сям’я таксама павінна быць супольнасцю малітвы, дзе бацькі і дзеці моляцца разам. Такой практыкі нішто і ніхто не можа замяніць. Вельмі важнае значэнне мае сумесны ўдзел у нядзельнай святой Імшы, споведзь і святая Камунія. Калі святая Імша аб’ядноўвае парафію, то тым больш яна аб’ядноўвае сям’ю.

Будучы месцам зараджэння Божага дару жыцця, а таксама месцам узаемнай любові, пашаны, школай чалавечых каштоўнасцяў і малітвы, сям’я таксама павінна стаць месцам першай евангелізацыі для перадачы веры. У спаўненні гэтай функцыі фундаментальная роля належыць бацькам. Нішто і ніхто не можа іх замяніць. Рэлігійныя веды, якія дзеці атрымліваюць падчас катэхізацыі, павінны быць умацаваны сведчаннем бацькоў і прыкладам іх сапраўднага хрысціянскага жыцця. У гэтым сэнсе яны з’яўляюцца незаменным інструментам у Божых руках.

6. Сёння ў валожынскім касцёле асвячаецца алтар Езуса Журботнага. Гэта вельмі сімвалічна ў адносінах да сям’і, бо Езус плача над сучаснымі сем’ямі, якія знаходзяцца ў нябачным дасюль крызісе.

Разважаючы над крызісам сям’і і заданнямі, якія стаяць перад бацькамі, даверым нашы сем’і апецы нашага святога апекуна. Святы Юзэфе, выпрасі ў Бога ласку, каб сучасныя сем’і разумелі, што ў пакліканні да сямейнага жыцця і адказнага бацькоўства знаходзіцца шлях да будавання цывілізацыі жыцця, любові і салідарнасці, каб сям’я стала радасцю і надзеяй нашага грамадства. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі