29 сакавіка 2015 г., мінскі архікатэдральны касцёл
"Гасанна" і "ўкрыжуй"
Дарагія браты і сёстры!
1. Як кожны год, так і сёння ва ўспамін урачыстага ўваходу Езуса ў Ерузалем, мы адзначаем Пальмовую нядзелю, якая з’яўляецца брамай у Вялікі тыдзень, калі мы перажываем пасхальную таямніцу нашага збаўлення. Сёння Касцёл заахвочвае нас да малітоўнай пілігрымкі падчас гэтага апошняга перыяду Вялікага посту, каб разважаць аб цярпеннях, крыжовай смерці і Уваскрасенні Хрыста, дзякуючы чаму мы былі збаўлены.
2. Сённяшняе набажэнства мы распачынаем благаслаўленнем пальмаў (ва ўмовах нашага клімату – вербаў) і працэсіі з імі. Яно сімвалізуе прызнанне Езуса Месіяй і адначасова з’яўляецца правобразам уваходу Сына Божага ў Рай. Габрэі чакалі, што Месія – Збаўца Ізраэля – прыйдзе на Пасху. У той час Юдэя знаходзілася пад рымскай акупацыяй, і яны чакалі нацыянальнага збаўцы ад іншаземнага валадарства.
Для лепшага разумення і перадачы атмасферы той гістарычнай падзеі падчас працэсіі мы выкарыстоўваем восліка, на якім знаходзіцца Хрыстус. Пальмы ў нашых руках з’яўляюцца сімвалам перамогі. Людзі ведалі, што Езус уваскрасіў Лазара, і таму вельмі ўрачыста Яго спатыкалі. Езус, паказваючы, што уваходзіць у Ерузалем з пажаданнем міру, уязджае ў яго на восліку (на Усходзе ўязджаць у горад на восліку з’яўляецца сімвалам міру, а на кані – сімвалам вайны). Менавіта таму габрэі віталі Езуса воклічам: “Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!”
Аднак Евангелле падчас Імшы нагадвае аб чымсьці кардынальна іншым, а менавіта аб тым, што тыя ж самыя людзі праз пяць дзён патрабавалі ў Пілата ўкрыжаваць Езуса. Замест радаснага воклічу: “Гасанна Сыну Давіда!” яны ўсклікалі: “Укрыжуй Яго!”
Задумаемся толькі: тыя ж самыя людзі змянілі свае адносіны да Езуса. Як і чаму так магло стацца? Такі ўжо ёсць чалавек – адначасова здольны да праслаўлення і да здрады.
3. Адметнасцю сённяшняга набажэнства ёсць тое, што Мука Пана чытаецца з удзелам вернікаў, а не толькі святаром. Гэта азначае, што ўсе ўдзельнікі набажэнства бяруць чынны ўдзел у перажыванні цярпенняў Хрыста. Гэта добрая нагода спытаць сябе саміх, ці мы часам не паўтараем слоў Евангелля: “Вызвалі разбойніка Барабу і ўкрыжуй Хрыста!” Мы часта паводзім сябе як натоўп. Плывём па цячэнні грэшнага свету і гэтым самым асуджаем Хрыста на смерць. Іронія ў тым, што гэта мы чынім, сціскаючы ў сваіх руках пальмовыя галінкі. Можа, нам не падабаецца такое меркаванне, але на самой справе мы не адрозніваемся ад натоўпу ў Ерузалеме. Мы пачынаем дзейнічаць, як анёлы, спяваць “Гасанна”, а завяршаем, як натоўп, які жадае смерці Хрыста.
4. Можа, мы і не найгоршыя з людзей, якія калі-небудзь жылі на свеце. Аднак, каб наш шлях Вялікага тыдня меў сэнс, мы павінны мець у ім сваё месца. Каб быць часткай Касцёла, як Містычнага Цела Хрыста, неабходна быць разам з Ім на крыжы. Як члены Касцёла мы павінны прызнаць сваю грэшнасць і існуючы ў нас патэнцыял для дабра.
Касцёл, як Божы Народ, да якога мы належым разам з яго галавой Езусам Хрыстом, не адрозніваецца ад таго, які быў прэзентаваны падчас укрыжавання Езуса. Ён вісеў паміж дваіх зладзеяў, двух грэшнікаў, у якіх таксама заставаўся патэнцыял дабра. Адзін з іх выкарыстаў яго і звярнуўся да Езуса з просьбай: “Узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства”.
Ці гэтыя словы не павінны пазначыць наш жыццёвы шлях, асабліва падчас Вялікага тыдня? Мы, па прыкладу навярнуўшагася зладзея, таксама павінны ўсклікаць: “Езу, узгадай мяне, калі я нясу свой крыж. Няхай ён, дзякуючы Твайму крыжу, стане жыццядайным, перамяняючым і збаўчым”. 5. Сімвалічна, што чытанне Мукі Пана адбываецца падчас Эўхарыстыі. У ёй мы атрымліваем сілы, каб адкрыцца на Езуса і на Яго Крыж. Таму ў гэтым сакрамэнце цярпенні, смерць і Уваскрасенне Хрыста ўключаюцца ў наша жыццё. Эўхарыстыя, у якой мы разважаем пра таямніцу смерці і Уваскрасення Хрыста, чыніць нас здольнымі мужна несці крыж нашага жыцця, паміраць для граху і ўваскрасаць да новага жыцця.
6. Таму з верай распачнём наша падарожжа Вялікага тыдня, прызнаючы, што нашы жыццёвыя крыжы – гэта каштоўны цяжар, які мае збаўчае значэнне. Калі мы прымаем крыж з верай і прызнаннем яго неабходнасці ў нашым жыцці, то ў ім мы знаходзім сэнс жыцця і надзею. Кожны крыж, дзякуючы Крыжу Хрыста, вядзе ў свет Божай збаўчай любові і ласкі. Амэн.
|