Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Аляксандра Кашкевіча на Пальмовую нядзелю

Гродна, 29 сакавіка 2015 г.

Шаноўныя браты ў святарстве, дыяканы, семінарысты,
паважаныя законныя сёстры,
дарагая моладзь нашага горада і Гродзенскай дыяцэзіі,
узлюбленыя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

Пальмовая нядзеля, якую сёння мы святкуем, уводзіць нас у настрой Вялікага тыдня.

Мы ўжо знаходзімся вельмі блізка да самых балючых, самых цяжкіх хвілін у жыцці нашага Збаўцы, Езуса Хрыста. Падзеі Вялікага тыдня, асабліва апошніх трох дзён, паказваюць нам, колькі цярпенняў прыняў на сябе Пан Езус для нашага збаўлення.

Сёння мы ўспамінаем урачысты ўезд Пана Езуса ў Ерузалем, за некалькі дзён перад Яго Мукай, Смерцю і Уваскрасеннем. У гэтай падзеі спаўняецца прароцтва Захарыі: “Не бойся, Дачка Сіёнская! Вось Валадар твой прыходзіць, седзячы на восліку”.

Пан Езус абвяшчае свету, што Ён з’яўляецца абяцаным Месіяй, чаканым спрадвеку Валадаром Ізраэля. Так гэты ўезд зразумелі натоўпы, якія прыбылі ў Ерузалем на свята Пасхі. Яны спатыкаюць Езуса з пальмовымі галінкамі ў руках, засцілаюць свае плашчы і, поўныя радасці, усклікаюць: “Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны, які прыходзіць у імя Пана!”

Пан Езус, які ўязджае ў Ерузалем – гэта сапраўдны Валадар. Па праўдзе, Ён не мае нічога з улады і раскошы валадароў гэтага свету, не акружае Яго ганаровая варта, не абвяшчаюць Яго прыбыцця рымскія пасланцы. Пан Езус прыбывае ў Святы горад не на кані, як належыць зямному валадару, але пакорна едзе на восліку, як пілігрым, як веснік супакою.

Евангельскае апісанне ўезду Езуса ў Ерузалем вельмі драматычнае. Пан Езус свядома і дабравольна прыбывае ў горад, які праз некалькі дзён Яго ўкрыжуе. Натоўпы, якія сёння ўсклікаюць у гонар Езуса, праз некалькі дзён будуць патрабаваць у Пілата: “На крыж Яго!” А калі Езус будзе прыбіты да ганебнага дрэва крыжа, над Яго галавою будзе прымацавана таблічка з надпісам: “Езус Назаранін, кароль юдэйскі”.

Пан Езус усведамляе ўсё гэта. Ён свядома аддаляе ад сябе ўсё тое, што магло б сведчыць аб зямной уладзе, якая абапіраецца на меч і армію. Яго валадарства не з гэтага свету. Пан Езус хоча валадарыць перад усім у людскіх сэрцах, прагне іх здабываць не сілай, але любоўю і міласэрнасцю. Таму Ён выразна скажа Пятру, калі той у Аліўным садзе спрабуе Яго бараніць: “Схавай меч свой у ножны, бо ўсе, хто за меч хапаюцца, ад мяча гінуць. Ці думаеш, што Я не мог бы папрасіць Айца Майго, а Ён адразу выставіў бы Мне для абароны анёлаў? Але як тады споўнілася б Пісанне, што так быць павінна?”

Езус ведае, якая воля Божая адносна Яго. Ён ведае, якую місію даверыў Яму Айцец нябесны. Таму Езус – гэта Валадар прыніжаны, пагарджаны і адкінуты праз людзей, але адначасова узвышаны, усхвалены, увянчаны хвалой праз Бога Айца.

Менавіта таму Пан Езус маўчаў перад судом, не сказаў ніводнага слова ў сваю абарону. Таму не адказваў на непраўдзівыя і несправядлівыя абвінавачванні Пілата і святароў. Таму ўзяў на сябе ўвесь цяжар людской нянавісці, гневу і пагарды.

Ахвяруючы сябе самога, Пан Езус паказвае кожнаму з нас, як моцна Бог нас любіць, як прагне нашага збаўлення, як хоча, каб мы былі шчаслівыя свабодай дзяцей Божых.

Гэты дар вельмі каштоўны. Каб нас ім адарыць, Пан Езус заплаціў найвышэйшую цану.

Узлюбленыя ў Хрысце браты і сёстры! Вялікі тыдзень, які сёння распачынаем, з’яўляецца запрашэннем, каб мы глядзелі на Хрыста, нашага Валадара на троне Крыжа. Збаўленне прыйшло праз Крыж, і мы, хрысціяне, з’яўляемся ўдзельнікамі гэтай вялікай таямніцы веры.

Вызнаючы Хрыста нашым Валадаром, мы ідзём за Ім, несучы з верай і любоўю нашыя ўласныя крыжы. Мы ведаем, што жыццё сапраўднага вызнаўцы Хрыста не можа быць адарвана ад крыжа, бо дзе няма крыжа, там няма Хрыста.

Але мы таксама ведаем, што, злучыўшы нашае жыццё з крыжам Хрыста, мы ідзём дарогай, якая нас вядзе да хвалы Уваскрасення. Таму дарога хрысціянскага паклікання, як прыгадвае нам Папа Францішак, нягледзячы на ўсе цяжкасці, з’яўляецца дарогай да шчасця.

Ідучы сёння вуліцамі нашага горада з вербнымі галінкамі ў руках, мы далі сведчанне нашай веры і радасці быць вучнямі Хрыста, нашага Пана і Збаўцы.

Дарагія маладыя сябры! Ужо на працягу трыццаці гадоў, па волі святога Яна Паўла ІІ, Пальмовая нядзеля з’яўляецца Днём моладзі, вашым святам. Гэта нагода і запрашэнне, каб паглыбіць веру і задумацца над прыгажосцю Евангелля, каб аднавіць у сабе запал і пайсці за Хрыстом.

У якасці дэвізу сёлетняга Дня моладзі Папа Францішак выбраў такія словы Езуса: “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць”.

У сваім пасланні да моладзі Святы Айцец падкрэслівае, што, як мы клапоцімся аб чыстым паветры, вадзе і прадуктах, тым больш павінны клапаціцца аб чысціні таго, што ў нас самае каштоўнае: нашых сэрцаў і нашых адносін – з Богам і з іншым чалавекам. Трэба фарміраваць у сабе высакароднае і чулае сумленне, здольнае распазнаць, што добрае і прыемнае Богу, здольнае выявіць, што такое сапраўдная любоў, здольнае адчуць, наколькі гэта вялікае шчасце –любіць і быць любімым.

Святы Айцец адзначае, што сучасны свет часта скажае сапраўдны вобраз любові. Сапраўдная любоў не мае нічога агульнага з эгаізмам, з выкарыстаннем іншага чалавека як аб’екта прыемнасці, таму няма любові там, дзе няма вернасці, адказнасці, сталасці, ахвяры і бескарыслівасці.

Папа Францішак заклікае маладых хрысціян, каб мелі адвагу ісці супраць цячэння і прымаць адважныя, адказныя рашэнні, каб даказалі, што яны здольныя на сапраўдную любоў – верную і адказную.

“Адважцеся быць шчаслівымі”, – піша Святы Айцец, прыгадваючы, што толькі Бог з’яўляецца крыніцай сапраўднага шчасця. Гэтае шчасце можна знайсці тады, калі мы верна ідзём па дарозе нашага паклікання. Для многіх гэта дарога сужэнскага і сямейнага жыцця, іншых Бог заклікае да кансэкраванага жыцця ці да святарства. Важна, каб мы мелі адвагу адказаць “так” на Божы заклік, памятаючы, што Яго воля з’яўляецца нашым шчасцем.

Дарагая моладзь! Дзякую вам за ўдзел у сённяшняй урачыстасці, за вашае сведчанне веры і прыналежнасці Хрысту.

Памятайце, што вы – будучыня Касцёла, яго надзея. Не спыняйцеся ў пазнанні Езуса Хрыста і Яго Евангелля, у паглыбленні веры і любові да Бога і бліжняга, у дзяленні Добрай Навіной з усімі, каго вы сустрэнеце на дарозе вашага жыцця.

Жадаю вам заўсёды мець адвагу быць шчаслівымі, ідучы за Хрыстом, нашым Панам і Збаўцам. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі