Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы ў Вялікую сераду пасля інсцэніраванага Крыжовага шляху на Залатой Горцы

Мінск, 1 красавіка 2015 г.

Здрада і навяртанне

Дарагія браты і сёстры!

1. Мы толькі што былі ўдзельнікамі інсцэніраванага Крыжовага шляху, які дапамог нам мацней перажыць трагедыю крыжа. Дзякуючы Хрысту, крыж з інструмента ганебнай  і жудаснай смерці стаў інструментам збаўлення і знакам нашай веры.

Усё, аднак, распачалося са здрады вучня Езуса – Юды Іскарыёта.

2. Няма і не можа быць горшай справы, чым здрада найбліжэйшай асобы, сябра, супрацоўніка, аднадумца і г.д. Здрада можа лічыцца за найбольшае злачынства, бо яна паражае нас да глыбіні сэрца. Мы адчуваем адчужэнне і адзіноту. Баімся давяраць чалавеку, якому давяралі перад гэтым. Ведаем, як сурова караюцца здраднікі, асабліва ў справах, якія адносяцца да дзяржаўнай таямніцы або падчас вайны і г.д. Таму здрада Юды, за якую ён атрымаў 30 сярэбранікаў – была вялікім ударам для Езуса, бо здрадзіў адзін з Яго вучняў, хаця ўсё адбывалася паводле Божага плану.

3. Ці зрабіў Езус памылку, выбіраючы Юду сваім вучнем? Што прывяло яго да такога трагічнага рашэння? Такія і падобныя пытанні мы задаём сабе.

Выбіраючы Юду сваім вучнем, Езус хацеў паказаць, што апосталы таксама заставаліся людзьмі і маглі зрабіць памылку. Успомнім апостала Пятра. Ён таксама здрадзіў Езусу і адрокся ад Яго. Аднак ён застаўся апосталам. Больш за тое, Хрыстус удзяліў яму найвышэйшую ўладу ў Касцёле – быць Яго вікарыем. Пётр як чалавек памёр, але як вікарый Хроыста жыве ў асобах Рымскіх Папаў.

Чаму так адбылося? Чаму мы пагарджаем Юдам і адначасова праслаўляем Пятра? Таму што Юда не скарыстаўся магчымасцю пакаяцца, не папрасіў Езуса прабачыць яму. Пётр жа паступіў інакш, ён моцна шкадаваў за свой грэх, за здраду, і Хрыстус яму дараваў.

Таму гісторыя Пятра вучыць, што вопыт здрады можа стаць новым імпульсам для больш глыбокай прыхільнасці да Бога і адносін паміж людзьмі, калі мы будзем кіравацца ідэяй прабачэння і ўзаемнай любові.

Можна казаць аб трох наступных прычынах, чаму Юда здрадзіў свайму Настаўніку:

- можа, з-за прагнасці разбагацець. Успомнім, як ён быў незадаволены, што сястра Лазара Марыя мыла ногі Езуса духмянай вадой. Юда пратэставаў і казаў, што лепей было б яе прадаць;
- можа, з-за непрыязні да Езуса. Юда мог быць расчараваны тым, што Езус у сваім Валадарстве не абяцаў зямнога багацця і славы. Юда імкнуўся змяніць стыль жыцця Езуса, замест таго, каб змяніць свой і следаваць за Ім;
- можа, з-за таго, што Езус адмовіўся быць нацыянальным лідарам, здольным вызваліць габрэйскі народ з рымскага валодання і вярнуць яму былое палітычнае і эканамічнае значэнне.

4. А якімі мы з’яўляемся? Ці часам не з’яўляемся падобнымі да Юды? Што нас найбольш цікавіць - духоўнае ўдасканаленне ці імкненне да багацця, улады, задавальненняў, свабоды ад Божага закону і г.д.? Вельмі часта мы забываемся аб тым, што Евангелле дадзена нам не для таго, каб мы яго змянялі, але каб яно нас змяняла.

Можа быць здрада чалавеку. Але можа быць і здрада Богу. Яна наступае, калі мы як хрысціяне на самой справе жывём як пагане, калі не захоўваем Божага закону, калі сябе ставім на месца Бога, калі жадаем, каб Касцёл змяніў Божае права, калі кажам, што верым у Бога, але не верым у Касцёл і г.д.

Езус ведаў, хто Яму здрадзіць. Аднак падчас вячэры Ён сказаў, што Яму здрадзіць адзін з апосталаў. Гэтым самым Езус заклікаў іх зрабіць рахунак сумлення. Ён таксама хацеў, каб яны не былі самаўпэўненымі, што самі могуць перамагчы ўсе спакусы. Ва ўсёй гэтай гісторыі цікава тое, што Юда, які ўжо прыняў такое рашэнне, кажа Езусу, што гэта, напэўна, не ён будзе здраднікам. Такім чынам ён выказвае сваю няшчырасць і крывадушнасць.

Пытанне Езуса адрасавана таксама і нам. Мы павінны зрабіць рахунак сумлення і спытаць саміх сябе, ці наша жыццё згодна з Божым правам, і прасіць Бога аб дапамозе ў спакусах.

Ці застаёмся мы яшчэ сябрамі Езуса, а можа, здраджваем Яму? Жывём паводле Божага закону ці паводле свайго? Нам неабходна бараніць і развіваць наша сяброўства з Хрыстом, што асабліва важна ў наш час секулярызму і маральнага рэлятывізму, час адыходу ад Бога. Выкарыстаем ласку Года навяртання, які мы перажываем сёлета, каб захаваць сяброўства з Езусам і лячыцца ад хваробы здрады, у тым ліку духоўнай, і заставацца дзецьмі Божымі, якіх чакае ўзнагарода вечнага жыцця. Амэн.

Адноўлена 01.04.2015 11:54
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі