6 красавіка 2015 г.
Дарагія браты і сёстры!
1. Радасным “Аллелюя” напоўнены нашы сэрцы. Яно выходзіць за межы нашых касцёлаў і разносіцца па вуліцах і плошчах нашых гарадоў і вёсак. Мы святкуем Пасху і праслаўляем Бога за Яго вялікія справы, якія Ён учыніў і чыніць для нас. Аб гэтым нам вельмі добра прыгадвае спеў перад Евангеллем: “Вось дзень, які ўчыніў Пан, узрадуемся ў ім і ўзвесялімся”. Гэта радасць перад усім вынікае з факту, што дзякуючы крыжовай смерці Езуса і Яго слаўнаму Уваскрасенню мы былі вызвалены з палону граху і нам былі адчынены замкнёныя з часоў Адама і Евы брамы раю. Мы атрымалі свабоду дзяцей Божых і новую надзею на вечнае жыццё. Гэта вялікі дар і адначасова заданне.
2. Таму праўда Уваскрасення не павінна заставацца толькі на старонках Евангелля і на паліцах бібліятэк. Яна павінна быць у нашым жыцці. Мы павінны стаць яе сведкамі ў паўсюдным жыцці. Падчас Вялікага посту мы ішлі дарогай навяртання, каб з чыстымі сэрцамі спаткаць свята святаў – Пасху Хрыстову. Мы добра ведаем, што з’яўляемся грэшнікамі і нам патрэбна навяртанне. Усе мы падобныя да марнатраўнага сына, які прагуляў атрыманую ад бацькі спадчыну. Аднак ён знайшоў у сабе сілы сказаць: “Устану і пайду”. Бацька яго чакаў і прыняў у свой дом.
Таксама і сёння міласэрны Хрыстус нас чакае. Пасхальная таямніца – гэта найвышэйшае праяўленне Божай міласэрнасці. Гэтая таямніца адкрыта на кожнага з нас, каб адарыць нас новым жыццём. Нездарма ў гэтыя дні мы перажываем Навэнну да Божай міласэрнасці, якая выхоўвае нас да даверу міласэрнаму Езусу, каб мы не вагаліся кінуцца ў Яго абдымкі.
Пры навяртанні грэшніка таксама радуецца неба. Падобна таму, як бацька марнатраўнага сына ўзрадаваўся яго вяртанню і наладзіў яму ўрачыстую сустрэчу, таксама і на нябёсах пануе нязмерная радасць з навяртання кожнага грэшніка.
3. Аднак пры ўсім гэтым мы павінны ўсведамляць, што змена нашага жыцця і пакаянне – гэта няпростая справа. Мы заняты праблемамі гэтага свету, і д’ябал, які не спіць, не захоча так проста нас адпусціць. Аб гэтым нагадвае таксама і сённяшняе Евангелле.
Яно распавядае пра тое, як Уваскрослы Езус аб’явіўся жанчынам-міраносіцам і сказаў ім, каб перадалі апосталам, што Ён іх чакае ў Галілеі. Рэакцыя жанчын была такой, што яны пабеглі да апосталаў, каб аб’явіць ім аб убачаным і пачутым. Але Евангелле таксама распавядае і аб рэакцыі жаўнераў, якія вартавалі магілу, і рэакцыі першасвятароў – быццам гэта вучні Езуса выкралі Яго цела.
У той жа час, калі жанчыны-міраносіцы, а потым апосталы, адкрыліся на праўду Уваскрасення, то найбольш дасведчаныя ў Божым законе фарысеі закрылі свае сэрцы перад Богам. Гэтым самым яны адверглі праўду аб Уваскрасенні Езуса.
4. Сённяшні евангельскі аповед адносіцца да праўды – а менавіта таго, што праўда вызваляе. Наш сацыяльны статус, матэрыяльныя каштоўнасці, рэпутацыя, бяспека, гонар часта схіляюць нас да таго, што мы адмаўляемся ад праўды. Але велікоднае пасланне запэўнівае ў тым, што Езус ведае, чаго мы найбольш патрабуем. Уваскрослы Езус імкнецца супакоіць нашы сэрцы і кажа нам: “Не бойцеся!”, жывіце праўдай і яе абвяшчайце.
Сёння, калі сучасны свет пагружаны ў цемру матэрыяльнага атэізму, мы павінны чуваць, каб не паўтарыць памылкі фарысеяў і не прыняць праўды. Нельга дазволіць, каб спакусы злога духа сталі той сцяной, якая нас аддзяляе ад Бога. Усё гэта нагадвае нам аб тым, што нават калі мы радуемся з Уваскрасення Хрыста, то адначасова павінны моцна працаваць над сабой, каб захаваць веру і пазбягаць граху.
5. Да гэтага нас заклікае Касцёл і да гэтага вядзе. Калі б Уваскрасенне Хрыста датычыла толькі Яго самога, то яно не мела б значэння для нас. Але праўдай ёсць тое, што яно для нас, бо Сын Божы стаўся чалавекам для нас і нашага збаўлення. Гістарычны факт Уваскрасення Езуса прывёў да выбуху хрысціянства, стаў сапраўднай духоўнай рэвалюцыяй. Успомнім казанне св. апостала Пятра ў дзень Пяцідзясятніцы ў Ерузалеме, калі тысячы людзей навярнуліся і прынялі хрост. Такім чынам Уваскрасенне Хрыста зрабіла магчымым і наша духоўнае ўваскрасенне ў гэтым жыцці і адкрыла дарогу да шчасця ў вечнасці.
6. На жаль, не ўсе пагаджаюцца з тым, каб ажыццявіць гэту дарогу ў Касцёле і з Касцёлам. Яны хацелі б ісці выбранымі самімі сабой шляхамі. Ёсць і такія, якія кажуць, што вераць у Бога, але не вераць у Касцёл. На гэтае пытанне неабходна адказаць пытаннем: а адкуль мы ведаем пра Бога, адкуль ведаем пра Уваскрасенне Езуса, адкуль ведаем пра навяртанне тысяч людзей у Ерузалеме пасля казання апостала Пятра? Ад таго ж самага Касцёла, які ў той час складаўся з апосталаў і малой колькасці паслядоўнікаў Хрыста.
Касцёл – гэта наша духоўная Маці, якая ў сакрамэнце хросту нараджае нас да новага духоўнага жыцця і вядзе нас праз жыццё шляхам Евангелля. Хто не прызнае Касцёл за сваю духоўную Маці, той не можа прызнаваць Бога сваім Айцом, – навучае святы Кіпрыян.
У цемры секулярнага свету Касцёл заклікае нас звярнуцца да Хрыста як да сапраўднага святла. Яму неабходна пакінуць свае клопаты, якія абмяжоўваюць нас, нашы страхі і наша рассейванне. Праз свой Касцёл Ён дапаможа звярнуць з памылкова абраных напрамкаў жыцця. Дапаможа нанова зразумець, што толькі Ён з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём. Дапаможа стаць пастаяннымі “канвертытамі”, якія ўвесь час паўстаюць з магілы сваіх грахоў.
Толькі тады наша велікодная радасць будзе мець сапраўдны сэнс і толькі тады будзе весці да паўстання з магілы грахоў, каб быць людзьмі ўваскрасення. Амэн.
|