Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на ІІ Велікодную нядзелю

Лебедзева, 12 красавіка 2015 г.

Адчыніць дзверы нашых сэрцаў

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Перапоўненыя велікоднай радасцю, якую мы сёння раздзяляем з нашымі праваслаўнымі братамі і сёстрамі, мы сабраліся ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Лебедзеве, каб адзначаць свята Божай Міласэрнасці, прыняць удзел у асвячэнні новага алтара Езуса Міласэрнага, стацый Крыжовага шляху, новага канфесіянала, а таксама ў цэлебрацыі сакрамэнту канфірмацыі.

Прабітае дзідай Сэрца Езуса з’яўляецца крыніцай Божай міласэрнасці. Пасхальная таямніца цярпенняў, смерці і Уваскрасення Езуса сведчыць аб бязмежнай Божай міласэрнасці, бо мы, грэшныя, былі збаўлены з палону граху справядлівым Езусам, які за гэта заплаціў сваім жыццём.

2. У апошнія часы мы паўсюдна бачым клопат людзей аб тым, як абараніць свой дом ці кватэру ад злодзеяў. Для гэтага людзі ўсё часцей выкарыстоўваюць не толькі хітрамудрыя замкі, але і электронныя прылады, у тым ліку алярмы. Забеспячэнне бяспекі нашай маёмасці стала хваробай нашага часу. Нездарма людзі кажуць: мой дом – мая крэпасць. Але так калісьці не было. Памятаю. У нашай вёсцы дамы былі адчыненыя насцеж, і ніхто нічога ні ў кога не рабаваў.

Пачуццё небяспекі, якую мы можам адчуваць ад іншых асоб, змяняе нас і вядзе да беспрэцэдэнтных мер не толькі па забеспячэнні нашай маёмасці, але і ўплывае на нас саміх. Мы ізалюемся ад іншых. Часта нават не ведаем, хто жыве побач з намі. Мы нават баімся дзяліцца з іншымі сваімі думкамі, бо баімся крытыкі. Такім чынам, сучасны чалавек усё больш становіцца на шлях індывідуалізму і ізаляцыі адзін ад аднаго. На жаль, нават інтэрнэт, які аб’ядноўвае кантыненты, не аб’ядноўвае людзей.

3. Сённяшняе Евангелле прадстаўляе нам апосталаў, якія замкнуліся ў Вячэрніку, бо баяліся пераследу з боку кіраўнікоў габрэйскага народу. Нават пасля таго, як Марыя Магдалена абвясціла ім аб пустой магіле Езуса і аб тым, што Яго бачыла і Ён прасіў перадаць ім, каб ішлі ў Галілею, яны не паверылі і таму не маглі перамагчы страху.    

Што ў такіх абставінах мог зрабіць Езус, каб дапамагчы ім перамагчы страх?  Ён з’явіўся перад імі, нягледзячы на тое, што дзверы Вячэрніка былі зачыненыя. Ён удыхнуў у іх Святога Духа і сказаў, што падобна таму, як Яго паслаў нябесны Айцец, так і Ён іх пасылае. Моцаю Святога Духа яны былі ажыўленыя і выйшлі з вязніцы, у якую самі сябе зачынілі, каб быць сведкамі Уваскрослага Пана.

4. Часта мы знаходзімся ў сітуацыі апосталаў і зачыняемся ў сваім сховішчы, не хочучы нікога дапусціць да сябе. Падобна да апосталаў, мы можам адчуваць спакусу спыніць наша падарожжа веры. Імкненне самааховы можа перашкодзіць нам у выконванні нашых абавязкаў і таго, што мы можам зрабіць з Божай дапамогай. Духоўныя раны, якія мы носім у сабе, і няздзейсненыя ініцыятывы нярэдка становяцца прычынай таго, што мы саромеемся паспрабаваць яшчэ раз. Нават калі бачым кагосьці поўнага энтузіязму, падобна таму, які мела Марыя Магдалена, мы паціскаем плячыма і прапануем яму пакінуць нас у спакоі.

У той жа час сённяшняе Евангелле прапануе нам шлях, як выйсці з самаізаляцыі. Калі Магдалена не можа падзейнічаць на нас, то Хрыстус знойдзе адпаведны шлях, як увайсці ў наша жыццё і напоўніць нас сваім Духам, каб мы былі Яго сведкамі ў сучасным свеце. Ніякія зачыненыя дзверы не могуць утрымаць Яго. Для гэтага Ён патрабуе нашай адкрытасці і жадання стаць такімі, якімі Ён хоча, каб мы былі. Уваскрослы Езус ніколі не перастане шукаць нас, каб аднавіць духоўна. У гэтым праяўляецца Яго бязмежная міласэрнасць. Святы Айцец Францішак кажа, што Бог ніколі не адчувае сябе змучаным у пошуку чалавека, толькі чалавек, на жаль, мучыцца, шукаючы Бога.

5. Падобна таму, як апосталы не паверылі сведчанню Магдалены аб Уваскрасенні Хрыста, таксама сведчанню апосталаў не паверыў Тамаш, якога ў дзень Уваскрасення не было з імі ў Вячэрніку. Ён быў цвёрды ў сваіх поглядах і таму казаў, што не паверыць, пакуль сам не ўбачыць.

Хрыстус дастасоўваецца да патрабавання Тамаша. Ён выкарыстоўвае яго і, з’явіўшыся апосталам праз тыдзень, звяртаецца да яго са словамі: Укладзі свае пальцы ў Мае раны. Такім чынам сённяшняе Евангелле падкрэслівае, што Хрыстус спатыкае нас там, дзе мы знаходзімся, нягледзячы на нашы страхі, клопаты, баязлівасць, сумневы і г.д. Езус гатовы прабываць з намі на нашай жыццёвай пляцоўцы і з яе прамаўляць да нас неабходнае ў той канкрэтнай сітуацыі слова, каб мы ўбачылі Яго і разам з Тамашам усклікнулі: Пан мой і Бог мой. Мы таксама павінны маліцца, каб маглі іншым данесці праўду аб Уваскрасенні Хрыста.

6. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае свята Божай Міласэрнасці, якая з’яўляецца адзінай надзеяй сучаснага свету, – як вучыць св. Ян Павел II. Справа збаўлення чалавека – гэта найвышэйшае праяўленне Божай міласэрнасці. Але гэтым Божая міласэрнасць не абмяжоўваецца, яна не статычная, але дынамічная. Успомнім яшчэ нядаўнія часы ганенняў на Касцёл у нашай краіне. Здавалася, што са смерцю апошняга святара настане канец Касцёла. Аднак Бог паказаў, што не. І сёння мы бачым Касцёл, які адраджаецца, аб чым сведчыць і новы касцёл у Лебедзеве, і сённяшняе набажэнства. Дарэчы, тут, у Лебедзеве, у свой час працаваў спавяднік сакратаркі Божай міласэрнасці св. Фаўсціны Кавальскай - благаслаўлёны кс. Міхал Сапоцька.

Асвячаемы алтар Езуса Міласэрнага будзе прыпамінаць аб бязмежнай Божай міласэрнасці. Езус на ім знаходзіцца не ў статычнай, але дынамічнай позе, што ўказвае на тое, што Ён ідзе да нас. Неабходна толькі кінуцца ў Яго абдымкі. Крыжовы шлях будзе прыпамінаць аб таямніцы нашага збаўлення, аб тым, якой цаной мы былі збаўлены, аб тым, які жудасны грэх, бо за выбаўленне з яго палону неабходна было заплаціць жыццём Божага Сына. Канфесіянал - гэта шпіталь ад духоўнай хваробы, асаблівае месца, дзе чалавек зведвае Божую міласэрнасць.

Сакрамэнт канфірмацыі, які з’яўляецца сакрамэнтам хрысціянскай сталасці, з’яўляецца не чым іншым, як новым спасланнем Святога Духа на прымаючых яго. Падобна таму, як апосталы перамяніліся, калі на іх зышоў Дух Святы, таксама і мы павінны быць пераменены, каб быць здольнымі сведчыць аб Хрысце і Яго праўдзе. Гэта таксама праяўленне Божай міласэрнасці, што мы не пакінуты самі сабе, што з намі заўсёды Міласэрны Езус, які пасылае Святога Духа, каб ён ажыўляў нас і вёў шляхам Евангелля.

Апосталы зачыніліся ў Вячэрніку, але Езус прыйшоў да іх. Сцены Вячэрніка і яго дзверы не перашкодзілі Яму спаткацца з імі і ўдыхнуць у іх Святога Духа. Не перашкодзілі, бо дзверы іх сэрцаў былі адчыненымі. Таксама і мы адчынім дзверы нашых сэрцаў і душаў на Езуса, на Яго бязмежную міласэрнасць, а Ён праз Духа Святога адновіць нас і аблічча нашай зямлі. Амэн.

Адноўлена 12.04.2015 13:49
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі