12 красавіка 2015 г.
1. Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
Уваскрасенне Езуса стала новым дасведчаннем для Ягоных вучняў. Хаця Езус шмат разоў гаварыў ім аб чакаючых Яго цярпеннях, крыжовай смерці і Уваскрасенні, яны не маглі прыняць гэтага. Больш за тое, паведамленне жанчын-міраносіц аб Яго Уваскрасенні стала для іх новым выклікам і нават прычынай іх незвычайнай баязлівасці.
Аднак сённяшняе Евангелле распавядае нам аб тым, як ад страху яны пераходзяць да радасці, ад ізаляцыі да місіі, ад адсутнасці да прысутнасці, ад нявер’я да веры, ад проста існавання да новага жыцця. Яно распавядае, як Езус удыхнуў у апосталаў Святога Духа, дзякуючы якому яны сталі здольнымі да місіі абвяшчаць Добрую Навіну. Езус адарыў іх сваім супакоем і моцай адпускаць грахі з мэтай паяднання людзей Богам і паміж сабой.
2. Першае сённяшняе чытанне з Апостальскіх Дзеяў распавядае аб жыцці першых хрысціянскіх супольнасцяў, у якіх панавала ўзаемная згода і любоў, дзе яны ўсё мелі супольным. У другім чытанні апостал Пётр вучыць, што дзякуючы Уваскрасенню Хрыста мы сталі новымі Божымі людзьмі і таму павінны радавацца. Евангелле ж распавядае аб тым, што сталася пасля Уваскрасення Хрыста. А менавіта аб тым, што ў дзень Уваскрасення Хрыстус, нягледзячы на тое, што дзверы Вячэрніка былі замкнёныя, увайшоў да апосталаў і прывітаў іх словамі міру. Апосталы баяліся пераследу і таму зачыніліся. Можна зразумець іх, бо Езус загінуў жудаснай смерцю на крыжы.
Паводле габрэйскай традыцыі людзі віталі адзін аднаго прывітаннем міру “Шалом”, што ўносіла супакой і радасць. І апосталы радаваліся, бо памерлы Езус жыў. Хрыстус таксама перадаў апосталам місію, каб яны былі актыўнымі, а не сядзелі замкнуўшыся. Ён ім сказаў: як Мяне паслаў Мой нябесны Айцец, таксама і Я пасылаю вас. Езус удыхнуў у іх Святога Духа і паслаў, каб праз іх пастаянна ажыццяўлялася збаўленне людзей, якое Ён выслужыў сваёй смерцю і Уваскрасеннем.
3. Калі Езус аб’явіўся апосталам у Вячэрніку, з імі не было Тамаша, які рашуча сказаў, што не паверыць ва Уваскрасенне, пакуль не ўбачыць. Напэўна, можна зразумець Тамаша. Ён быў канкрэтным чалавекам і хацеў канкрэтных доказаў. Таксама ён быў здзіўлены тым, што апосталы, хаця і бачылі ўваскрослага Езуса, аднак заставаліся ў Вячэрніку, а не распавядалі людзям аб Яго Уваскрасенні. З усяго гэтага можна зрабіць выснову, што яны працягвалі баяцца габрэяў.
Як распавядае Евангелле, тыдзень пазней Езус ізноў з’явіўся апосталам і сказаў Тамашу, каб уклаў свой палец у Ягоныя раны і быў веруючым, а не няверуючым. Тамаш быў настолькі здзіўлены, што ўсклікнуў: Пан мой і Бог мой. Езус пахваліў Тамаша. Аднак пры гэтым Ён сказаў, што Тамаш паверыў, бо ўбачыў, але ў той жа час благаслаўлёныя тыя, якія не бачылі, але паверылі.
Такім чынам у сённяшнім Евангеллі мы маем тры ідэі: першая – гэта місія, якую Езус уручыў апосталам; другая – каб верыць, неабходна ўбачыць; трэцяя – каб, не бачачы, паверыць.
Усе яны адносяцца да нас. Як хрысціяне мы атрымалі місію сведчыць пра Хрыста і Яго Евангелле. Адраджэнне Касцёла павінна быць новым стымулам для ўмацавання нашай веры. І нарэшце, не бачачы Езуса, мы паверылі. Менавіта таму Езус называе такіх благаслаўлёнымі. Больш за тое, тры пакаленні вера на нашай зямлі пераследавалася, людзі не бачылі ні касцёлаў, ні святароў, аднак захавалі веру. Таму яны сапраўды благаслаўлёныя.
4. Езус злітаваўся над Тамашам. Злітаваўся Ён і над намі. У гэтым праявілася Яго бязмежная міласэрнасць. Сёння, у Другую велікодную нядзелю, Каталіцкі Касцёл адзначае свята Божай Міласэрнасці, устаноўленае св. Янам Паўлам II. У аб’яўленнях св. Фаўстыне Кавальскай Езус выказаў пажаданне адзначаць гэтае свята менавіта ў гэтую нядзелю. І тут ёсць свая логіка. Пасхальная таямніца смерці і Уваскрасення Хрыста – гэта вяршыня любові Бога да чалавека, якую мы асаблівым чынам адзначаем падчас Велікоднай актавы, святкуючы яе як адзін дзень Уваскрасення Езуса.
5. Аднойчы святар ляцеў самалётам, калі распачалася моцная турбуленцыя. Пілот аб’явіў, што трэба сесці на свае месцы, што не будуць пададзены напоі і ежа. Самалёт трэсла вельмі моцна. Людзі былі перапужаныя. Некаторыя пачалі маліцца. Потым святар заўважыў адну дзяўчыну, якая спакойна чытала кнігу. Калі самалёт нарэшце даляцеў да месца прызначэння, то святар спытаў дзяўчыну, чаму яна не баялася. Яна адказала, што пілот самалёта – гэта яе бацька, і яна ведае, што ён бяспечна давядзе самалёт да мэты.
Дарагія браты і сёстры!
Самалётам нашага штодзённага жыцця кіруе міласэрны Бог. Наш жыццёвы шлях поўны розных небяспек і турбуленцый. У такой сітуацыі неабходна даверыцца Богу, а Ён абароніць і шчасліва давядзе да мэты нашага жыцця. Амэн.
|