Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на IV Велікодную нядзелю

Мінскі архікатэдральны касцёл, 26 красавіка 2015 г.

Добры пастыр святы Ян Павел ІІ

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сённяшняя IV Велікодная нядзеля ў Каталіцкім Касцёле называецца Нядзеляй Добрага Пастыра. У гэты дзень традыцыйна распачынаецца Тыдзень малітваў аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця. Словы Хрыста, што жніво вялікае, але работнікаў мала, актуальныя і сёння, і таму неабходна прасіць Збаўцу аб новых пакліканнях.

У антычным свеце пастыры займалі адно з самых нізкіх месцаў у сацыяльным статусе людзей таго часу. Звычайна яны былі неадукаванымі, не ўмелі пісаць і чытаць, ад іх зыходзіў непрыемны пах, яны былі грубымі і нерэлігійнымі. Таму можна дзівіцца, чаму ўжо з першых стагоддзяў хрысціянства выява Хрыста як Добрага Пастыра займае асаблівае месца ў хрысціянскай іканаграфіі.

2. Гэты сімвал мае шмат евангельскіх інтэрпрэтацый. Для нас галоўнай з’яўляецца тая, якую прадстаўляе сённяшняе Евангелле, - што Езус, як Добры Пастыр, ведае нас так, як пастух ведае сваіх авечак. Езус шукае нас так, як пастух шукае заблукалую авечку. Езус хоча, каб быў адзін пастыр і адзін статак. Падобна паступае і пастух. Ён клапоціцца пра свой статак і хоча, каб ён не быў падзелены. Але па-над усё гэта Езуса з Яго паслядоўнікамі яднае неразлучная духоўная блізкасць.

3. Адна гісторыя распавядае пра маладога лейтэнанта, які прыбыў на фронт, каб замяніць параненага ветэрана, якога жаўнеры абагаўлялі. Як часта бывае ў такіх выпадках, жаўнеры падазрона ставіліся да маладога афіцэра, які трапіў на фронт адразу пасля вайсковай школы. Тым больш што ён здзівіў іх, кажучы аб намеры вярнуць кожнага жаўнера дадому.

І ён сапраўды клапаціўся аб гэтым. Ён не рызыкаваў пры вядзенні баявых дзеянняў. Заклікаў, каб патрулі былі ўважлівымі і чуйнымі. Клапаціўся, каб іх зброя была ў добрым стане. Калі завязваўся бой, то ён браў ініцыятыву ў свае рукі. Быў ціхі, стрыманы і пытаўся рады ў простых жаўнераў. Клапаціўся, каб параненых хутка пераносілі ў бяспечнае месца. Такім чынам яму ўдавалася захоўваць жаўнераў жывымі, хаця многія былі паранены і эвакуаваны.

Здарылася, што падчас іх апошняй місіі сам афіцэр, калі выносіў з поля бою параненага жаўнера, сам быў паранены. Нехта зрабіў здымак, як ён гэта чыніў, які потым ўсе жаўнеры насілі пры сабе ўсё жыццё. Пры гэтым яны казалі іншым людзям, што ён не быў бы тым, якім быў, каб не быў для іх.

Сын Божы таксама не ўцелавіўся б, каб гэта не было патрэбна для нас. Нездарма ў Сімвале веры мы кажам, што Сын Божы стаўся чалавекам для нас і нашага збаўлення. Ён, як Добры Пастыр, прабывае з намі ў асобах сваіх святароў, біскупаў і намеснікаў апостала Пятра.

4. У далёкім 1978 г., калі ў былым Савецкім Саюзе ішла барацьба не на жыццё, а на смерць з атэістычным рэжымам, Папам быў абраны кракаўскі кардынал Караль Вайтыла, які абраў сабе імя Ян Павел II. Сама падзея была неардынарнай, бо Папам стаў прадстаўнік камуністычнай краіны, дзе рэлігія таксама пераследавалася. Абранае імя нагадвала аб працягу ім лініі сваіх вялікіх папярэднікаў Яна XXIII і Паўла VI. Першыя словы пантыфікату “Адчыніце дзверы Хрысту, бо толькі Ён да канца ведае чалавека і толькі ў Ім чалавек можа пазнаць сябе” далі новую надзею свету і асабліва ў былым Савецкім Саюзе. Яны далі нам зразумець, што прыйшоў надзвычайны Папа, які не на словах, але на самой справе добра ведае ваяўнічы атэізм і небяспеку, якую ён нясе ў свет. І мы, і чалавецтва не памылілася ў сваіх спадзяваннях адносна пантыфікату Папы Вайтылы.

5. Трэці па працягласці пантыфікат, які доўжыўся амаль 27 гадоў, запісаўся ў гісторыю Каталіцкага Касцёла як пантыфікат ажыццяўлення рашэнняў Другога Ватыканскага Сабору і яго далейшага развіцця. Гэта быў пантыфікат адкрытых на свет, іншыя канфесіі і рэлігіі дзвярэй. Пантыфікат дыялогу з веруючымі і няверуючымі. Пантыфікат міру і паяднання непрымірымых. Пантыфікат аднаўлення і ўмацавання каталіцкіх структур у краінах, дзе рэлігія доўга пераследавалася. Пантыфікат правоў чалавека і сацыяльнай справядлівасці.

6. Усё гэта стала магчымым дзякуючы асобе святога Яна Паўла II, якога Бог даў Касцёлу і свету ў адпаведнасці з выклікамі часу. Ён запісаўся ў гісторыю Касцёла і свету як сапраўдны добры пастыр, які па прыкладу Езуса Хрыста прыйшоў не для таго, каб яму служылі, але каб паслужыць. Ён выйшаў далёка за межы Ватыкана, каб ісці да людзей розных нацыянальнасцяў, культур і традыцый. У ім свет убачыў умелага дыпламата, які ўмеў весці дыялог з людзьмі розных палітычных поглядаў. Ён запомніўся нам як вялікі тэолаг, чалавек малітвы і высокай культуры, выдатны спартсмен, паэт і проста адкрыты для ўсіх людзей чалавек.

Вернікі Беларусі, Расіі і іншых краін былога Савецкага Саюзу запомнілі яго як Папу, які вельмі добра прачытаў знакі часу і імгненна рэагаваў на іх. Гэтымі знакамі часу былі перад усім сацыяльна-палітычныя перамены, якія адбываліся на гэтай зямлі. Рака веры, якая доўгія дзесяцігоддзі знаходзілася пад зямлёй, вырвалася наверх. Патрэбны былі структуры Касцёла і іерархі для яго нармальнага развіцця. Ян Павел II добра гэта разумеў і рэагаваў хутка. Дзякуючы яго смелым рашэнням усе краіны былога Савецкага Саюза маюць касцёльныя структуры і іерархію.

7. Мы з удзячнасцю схіляем свае галовы перад табой, Ян Павел Вялікі. Мы дзякуем табе за тваю адвагу, мудрасць і прыклад твайго служэння і святасці. Табе не было дадзена наведаць нашу краіну. Сёння, як святы, ты духоўна прабываеш з намі, і мы спадзяёмся на тваё прадстаўніцтва перад Богам.

Выпрасі беларускаму Касцёлу ва Усеміласцівага Бога ласку шматлікіх і святых пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця. З акна дома Нябеснага Айца благаславі наш Касцёл, каб ён сапраўды быў сакрамэнтам паўсюднага збаўлення, радасцю і надзеяй для ўсіх нас. Сёння, калі мы ўспамінаем 29-ю гадавіну Чарнобыльскай катастрофы і молімся за яе ахвяр, выпрасі сучаснаму свету, які перажывае духоўны Чарнобыль, ласку навяртання і моцнай веры. Благаславі нашу Бацькаўшчыну, каб будавала сваю будучыню на вечна жывых і актуальных евангельскіх каштоўнасцях. Амэн.

Адноўлена 26.04.2015 17:54
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі