Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы ў межах агульнабеларускага сімпозіума кансэкраванага жыцця

Мінск, касцёл свв. Сымона і Алены, 1 мая 2015 г.

Дзякаваць за мінулае, з запалам перажываць сучаснасць і з надзеяй прыняць будучыню

Дарагія законнікі і законніцы!

1. Як вядома, Святы Айцец Францішак гэты год аб’явіў Годам кансэкраванага жыцця. Гэтым самым Пантыфік хацеў падкрэсліць выключнае месца кансэкраванага жыцця ў місіі Касцёла, выказаць пашану тым, хто жыве паводле евангельскіх парад, і заклікаць іх да далейшага дынамічнага служэння Народу Божаму паводле харызмаў сваіх заснавальнікаў.

Год кансэкраванага жыцця – гэта вялікая ласка як для саміх кансэкраваных асобаў, так і для ўсяго Касцёла. Гэта таксама асаблівая ласка для Касцёла ў Беларусі, адраджэнне і станаўленне якога немагчыма было б сабе ўявіць без актыўнай дзейнасці розных манаскіх супольнасцяў, за што выказваю ім сваю падзяку і малюся аб Божым благаслаўленні для іх.

2. Бог адарыў Касцёл многімі манаскімі супольнасцямі з рознымі харызмамі, што з’яўляецца яго багаццем. Усім нам добра вядомы славутыя галандскія цюльпаны. Калі хтосьці быў на палях, дзе яны растуць, то заўважыў, што іх садзяць рознакаляровымі палосамі. Такім чынам цюльпанавае поле становіцца больш прыгожым і прывабным. Падобна ёсць і ў Касцёле з рознымі манаскімі супольнасцямі. Калі іх шмат, то і Касцёл больш багаты.

Размаўляючы аб кансэкраваным жыцці, неабходна памятаць, што як няма Касцёла без яго, таксама і яно не можа існаваць па-за межамі Касцёла. Кансэкраванае жыццё – гэта частка Касцёла, і яно для яго. Гэта вельмі моцна падкрэсліў Другі Ватыканскі Сабор у Дэкрэце пра абнаўленне манаскага жыцця “Perfectaecaritatis”: “Усе інстытуты павінны ўдзельнічаць у жыцці Касцёла і адпаведна ўласнаму характару прысвойваць і па магчымасці развіваць яго ініцыятывы і намеры ў біблійнай, літургічнай, дагматычнай, пастырскай, экуменічнай, місійнай і грамадскіх сферах” (РС 2в). А паколькі самапрысвячэнне Богу праз жыццё паводле евангельскіх парад чысціні, беднасці і паслухмянасці прынята Касцёлам, то кансэкраваныя асобы павінны памятаць аб тым, што гэтым самым яны пасвячаны таксама і на служэнне яму для ўдзелу ў справе Адкуплення і пашырэння Божага Валадарства (пар. РС 5).

3. Сёння Каталіцкі Касцёл ўспамінае св. Юзафа, рамесніка. Вядома, што ён быў абраннікам Найсвяцейшай Панны Марыі і зямным апекуном нашага Збаўцы Езуса Хрыста. Працаю сваіх рук ён утрымліваў Святую сям’ю. Ён таксама можа быць добрым прыкладам кансэкраваным асобам, бо жыў у духоўнай чысціні, беднасці і паслухмянасці Богу. Ён склаў з самога сябе ахвяру Богу. Пачуўшы голас Бога, які паклікаў яго да спецыяльнай місіі, ён з радасцю прыняў яго і да канца застаўся верны свайму пакліканню.

Падобна св. Юзафу, кансэкраваныя асобы павінны з радасцю выконваць даручаную ім Богам місію. Бо толькі тады іх жыццё і самапасвячэнне будуць мець сэнс для іх саміх і для Касцёла.

4. Хрыстус у сённяшнім Евангеллі кажа: “Я – дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне” (пар. Ян 14, 6).

Кажучы: “Я - дарога”, Езус не дае парады і не ўказвае напрамку. Ён сам з’яўляецца дарогай, і калі мы даверымся Яму, то не можам заблудзіцца, бо Ён нас вядзе па ёй кожны дзень.

Езус, як дарога, не падобны да святара, які ў даўнія часы атрымаў прызначэнне ў глухую вёску. Дарога была выбоістай і пыльнай. З-за высокіх дрэваў святар не бачыў касцёла і спытаў у гуляючых на дарозе дзяцей, дзе ён знаходзіцца. Дзеці здзіўлена глядзелі на яго, нічога не кажучы. Тады святар сказаў, што калі яны яму пакажуць дарогу да касцёла, то ён ім пакажа дарогу да неба. На што адзін хлопчык сказаў: калі ты не ведаеш дарогі да касцёла, то як можаш ведаць дарогу да неба? У выпадку Езуса ўсё інакш, бо Ён, а не штосьці іншае, з’яўляецца дарогай у вечнае шчасце.

Езус кажа, што Ён праўда. Мы часта чуем, што той ці іншы чалавек кажа праўду. Аднак потым часта бачым, што гэта не так. І толькі Езус можа сказаць, што Ён праўда, якая ніколі не змяняецца. Ён аб’яўляе нам Бога і ўвасабляе праўду ў сваёй асобе. Маральная праўда не можа быць пераказана толькі словамі, яна павінна быць пацверджана жыццёвым сведчаннем.

Езус таксама называе сябе жыццём. Ён збавіў нас ад смерці і Ён не толькі паказвае нам дарогу жыцця, але дае такое жыццё, якое можа даць толькі Бог, менавіта – вечнае жыццё.

5. Няцяжка заўважыць, што ёсць шмат маладых людзей, якія кожную хвіліну зазіраюць у свой тэлефон. Складаецца ўражанне, што тэлефон з’яўляецца найбольш каштоўнай рэччу ў іх жыцці. І сапраўды, многія маладыя людзі не могуць жыць без інтэрнэту ці смартфона. Яны з’яўляюцца сэнсам іх жыцця.

У той жа час сённяшнія чытанні нагадваюць аб непарыўнай сувязі паміж Езусам і Яго нябесным Айцом. Езус і Айцец адно, яны неразлучны ў Святым Духу. Езус хоча, каб і мы былі ў такой самай еднасці з Богам. Уявім сабе курыцу, якая збірае куранят пад сваімі крыламі. Таксама і Бог збірае нас разам. Як кураняты з’яўляюцца самым каштоўным для курыцы, таксама і мы, а не нават найбольш каштоўныя матэрыяльныя рэчы, для Бога з’яўляемся найбольшай каштоўнасцю.

6. Дарагія законнікі і законніцы!

Мы жывём у свеце, які траціць свае духоўныя карані, адракаецца ад маральных каштоўнасцяў, давярае толькі развіццю навукі, тэхналогіі, спадзяецца на сябе самога і жыве паводле прынцыпу чыні ўсё, што хочаш, бо забараняецца забараняць. Усё гэта вядзе да яго маральнай дэградацыі, якая з’яўляецца прычынай шматлікіх крызісаў сучаснасці.

Заданне Касцёла - вывесці свет з гэтага сляпога завулка. І ў ажыццяўленні гэтага задання асаблівая роль належыць кансэкраваным асобам. Ні для каго не сакрэт, што сучасны свет часта высмейвае вас і не ўспрымае стыль вашага жыцця, які выражаецца ў самапрысвячэнні Богу, адрачэнні ад свету з ягонымі багамі ў постаці граху, багацця любым коштам і абсалютнай свабоды без адказнасці. Але ў той жа час гэты свет шукае чагосьці іншага, перад чым схіляецца.

Аднойчы экскурсія маладых людзей – хлопцаў і дзяўчат – наведала жаночы кляштар. Калі яны потым прыйшлі ў аўтобус, адзін падлетак пачаў высмейваць маладых законніц, якіх яны бачылі. Ён казаў: такія маладыя дзяўчаты і замкнуліся за сценамі кляштара, не бачыць і не дасвядчаюць прыгажосці жыцця, якое толькі адно і ад якога трэба браць усё. Натуральна, што большасць яму паддаквала і смяялася. Аднак сярод іх знайшоўся хтосьці, хто сказаў: а ці яны не заўважылі, якія шчаслівыя вочы ў гэтых законніц? Ці ў нас яны свецяць такой самай радасцю? Гэтага было дастаткова, каб усе замаўчалі і задумаліся над сваім жыццём.

7. Кансэкраваныя асобы!

Будзьце святлом свету і соллю зямлі. Сучасны свет патрабуе вашай малітвы і прыкладу жыцця паводле евангельскіх парад, каб імі асвяціць яго святлом Евангелля. Свет патрабуе евангельскай солі, каб захаваць яго ад маральнага сапсуцця. Будзьце тымі, хто свету, які абагаўляе імкненне да ўлады, багацця і задавальненняў, пакажа Хрыста, як дарогу, праўду і жыццё.

Святы Айцец Францішак, абвяшчаючы Год кансэкраванага жыцця, вызначыў яго мэты: з удзячнасцю глядзець на мінулае, перажываць з запалам сучаснасць і прыняць будучыню з надзеяй (пар. АПГКЖ, I, 1-3).

Дзякуйце Богу за слаўнае мінулае, тое далёкае і блізкае, што ўтварае вашу гісторыю і багацце. З запалам перажывайце сучаснасць, бо менавіта вам Божы Провід даверыў служыць Богу і людзям тут, на гэтай зямлі і ў гэты час; час нялёгкі, але адначасова час, які неабходна выкарыстаць, бо заўтра можа быць занадта позна. Прыміце будучыню з надзеяй, нават насуперак надзеі, і няхай яна вядзе вас у новае, напоўненае Хрыстом і Яго ласкай заўтра на хвалу Бога і дзеля збаўлення людзей. Амэн.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Другі Ватыканскі Сабор. Дэкрэт пра аднаўленне манаскага жыцця “Perfectaecaritatis” (PC).
2. Францішак, Апостальскае Пасланне на Год кансэкраванага жыцця (АПГКЖ).

Адноўлена 29.04.2015 12:37
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі