Мінск, касцёл свв. Сымона і Алены, 3 мая 2015 г.
Быць злучаным з Хрыстом
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Нехта сказаў, што хрысціянства падобна да гульні ў футбол ці баскетбол. Не дастакова быць добра падрыхтаваным фізічна і тэхнічна. Не дастакова таксама быць добрым дрыблёрам. Трэба яшчэ ўмець забіваць мячы у вароты ў футболе або трапляць у карзіну ў баскетболе. Без гэтага спартсмен не будзе такім, якім павінен быць, а менавіта прыносіць плён камандзе.
Сённяшнія чытанні падкрэсліваюць неабходнасць хрысціян быць злучанымі з Хрыстом, каб быць сапраўднымі а не толькі намінальнымі хрысціянамі і сваім жыццём прыносіць добры плён.
2. Першае чытанне з Дзеяў Апосталаў сведчыць аб тым, што цесная сувязь апосталаў з Хрыстом з’яўляецца прычынай іх плённай дзейнасці. Руплівы пераследчык хрысціян Саул становіцца апосталам народаў Паўлам. Дзякуючы еднасці з Хрыстом ён стаў апосталам язычнікаў і прысвяціў сябе выключна абвяшчэнню Добрай Навіны.
У другім чытанні св. Ян апостал тлумачыць, што той, хто захоўвае Божыя запаведзі, жыве ў Богу і Бог у ім. Ён як быццам пацвярджае словы самога Хрыста, што без Яго мы нічога не зможам зрабіць.
Евангелле прадстаўляе нам вобраз вінаградніка. Ізраэль з даўніх часоў славіўся сваімі вінаграднікамі і вырабам віна. Таму Езус выкарыстоўвае гэты сімвал. У біблейскай традыцыі вінаграднік з’яўляецца сімвалам Божага Народу.
Езус кажа, што Ён лаза, а мы галінкі. Мы добра ведам, што галінкі самі сабой не могуць пладаносіць. Для гэтага неабходна, каб яны былі злучаны з вінаграднай лазой. Дзякуючы гэтаму яны кормяцца патрэбнымі для іх сокамі зямлі. Толькі тады, калі галінкі злучаны з лазой, яны даюць плён.
Вядома таксама, што вінаграднік вельмі хутка разрастаецца, у яго шмат лісцяў і маленькіх галінак. Таму, каб вінаграднік быў пладаносны, яго неабходна ачышчаць, гэта азначае зразаць старыя, сухія і малыя галінкі. Гэтым займаецца вінаградар, якім у аповедзе Хрыста з’яўляецца Бог Айцец.
3. Выкарыстоўваючы гэту парабалу, Езус хоча навучыць нас асноўнай праўдзе нашага жыцця, а менавіта трыванню ў Ім.
Мы добра ведаем як выглядае верталёт, і ў святы бачым, як верталёты лётаюць над горадам. Верталёт трымаецца ў паветры і можа ляцець дзякуючы таму, што яго вінт злучаны спецыяльнай гайкай з корпусам. Гэту гайку называюць гайкай жыцця ці Езусавай гайкай. Гэты слэнг з’явіўся ад таго, што калі гэта гайка адкруціцца, то верталёт не зможа ўтрымацца ў паветры і каменем упадзе на зямлю. Таму не дзіўна, што пілоты праяўляюць да яе такую павагу і называюць іменем Збаўцы.
Мараль гэтага параўнання ў тым, што калі мы не злучаны з Езусам, то не будзем тымі, якімі павінны быць, будзем падаць і не прынясем таго плёну, які павінны прынесці. Нам патрэбны Хрыстус. Дзякуючы Яму мы жывём не ў хаосе, не ў “свеце выпадку”, а ў створаным і падтрымліваемым Богам свеце. Нам патрэбны Хрыстус, каб мы каменем не рухнулі ўніз. Нам патрэбны Хрыстус і мы павінны быць злучаны з Ім, каб быць сапраўднымі, а не штучнымі, хрысціянамі і прыносіць плён свайго жыцця.
4. Што азначае быць злучаным з Хрыстом?
Найперш – гэта слухаць Езуса і выконваць Яго волю, нягледзячы на цяжкасці ці спакусы. Далей, неабходна прызнаць, што Езус з’яўляецца дрэвам і без Яго мы, як галінкі, не можам жыць сапраўдным хрысціянскім жыццём. Трэба таксама прытрымлівацца вучэння Касцёла, бо хто не прымае Касцёла як сваю Маці, для таго Бог не з’яўляецца Айцом. Далей, у кожным іншым чалавеку неабходна бачыць Бога і свайго брата. Неабходна таксама практыкаваць малітву і сакрамэнтальнае жыццё, якія яшчэ мацней яднаюць з Хрыстом. І нарэшце, неабходна ачышчацца ад усяго таго, што з’яўляецца благім у нас саміх.
5. Гэты апошні пункт з’яўляецца вельмі важным і фундаментальным. Успомнім яшчэ раз, што ў Евангеллі Езус прадстаўляе сябе як вінаградную лазу, нас як галінкі, а свайго Айца – як вінаградара, які даглядае вінаграднік. Менавіта Ён абразае сухія, слабыя і непладаносныя галінкі, каб пладаносныя мелі большую магчымасць развівацца і прыносіць багаты плён.
Таму з сённяшняга Евангелля вынікае жыццёвае пасланне, гэтакі мэсэдж, - што патрэбна ачышчэнне нашага хрысціянскага жыцця. З яго неабходна выкінуць усё тое, што супрацьстаіць духу Езуса, Яго Евангеллю і вучэнню Касцёла, і аднавіць нашы абавязкі адносна хрысціянскіх ідэалаў.
І тут узнікае самая вялікая праблема. Мы не молімся, не прымаем актыўнага ўдзелу ў святой Імшы, не жывём паводле Божага закону і г.д. Такім чынам мы не з’яўляемся ва ўсёй паўнаце злучанымі з Хрыстом і таму наша жыццё не з’яўляецца ў поўні хрысціянскім і не прыносіць чаканага плёну.
Быць злучаным з Хрыстом азначае жыць Божай праўдай. У адваротным выпадку мы духоўна засохнем і будзем выкінуты з духоўнага жыцця, як выкідваюць засохшыя вінаградныя галінкі, якія спальваюць у вогнішчы. Каб быць плённым хрысціянінам, неабходна дазволіць Езусу дзейнічаць у нас.
6. Мы перажываем Год навяртання, які, згодна з думкай сённяшніх чытанняў, павінен весці нас да духоўнага ачышчэння, каб мы цясней злучаліся з Хрыстом і сваім жыццём прыносілі стакротны плён.
Няхай жа заклік Хрыста да духоўнага ачышчэння і еднасці з Ім стане праграмай нашага жыцця, каб яно было духоўна плённым і выслужыла нам радасць вечнага жыцця ў небе. Амэн.
|