Мінскі архікатэдральны касцёл, 10 мая 2015 г.
Праз любоў да бліжняга жыць у святле Хрыста
Дарагія браты і сёстры!
1. Сённяшняе Евангелле ў VI Велікодную нядзелю, якая з’яўляецца апошняй перад святам Унебаўшэсця Хрыста, заахвочвае нас быць сапраўднымі хрысціянамі праз захаванне закону любові да бліжняга. Езус дае нам новую запаведзь — любіць бліжняга, як Ён палюбіў нас. Такая любоў з’яўляецца ўмовай сапраўднага хрысціянскага жыцця.
Гэтыя словы аб любові да бліжняга дапамагаюць нам лепей зразумець запаведзь Езуса прабываць у Ім і быць злучаным з Ім, падобна таму, як вінаградная галінка злучана з лазой. Як члены Касцёла, Містычнага Цела Хрыста, мы павінны несці ў гэты свет плод любові, якой так патрабуе сучасны эгаістычны свет. Гэтыя словы таксама дапамагаюць нам лепей зразумець, што азначае сапраўдная любоў. Яна заклікае нас да апекі над іншымі і асабліва патрабуючымі.
2. Езус таксама кажа, што калі мы Яго любім, то павінны захоўваць Яго запаведзі. А чалавек звычайна не любіць слова «закон», бо найчасцей ён абмяжоўвае яго свабоду і кажа чыніць тое, чаго ён не жадае. Слова «закон» больш мае дачыненне да юрыспрудэнцыі, да збору законаў той ці іншай дзяржавы або супольнасці.
Аднак у нашым выпадку Езус нагадвае пра любоў, якая вынікае з паслухмянасці Яму. Яго закон – гэта не закон пра «не», напрыклад, я дапамог бы табе, але абставіны такія, што не магу ці не выпадае і г.д. Адзін закаханы малады чалавек піша сваёй дзяўчыне, што дзеля яе мог бы пакарыць высокія горы, перайсці пустыні і пераплыць акіяны. А потым дадае, што, можа, прыйдзе да яе ў нядзелю, калі не будзе дажджу.
Езус нагадвае аб іншым законе любові — а менавіта што мы павінны любіць бліжняга, як Ён палюбіў нас. А Ён палюбіў нас аж да смерці, і смерці крыжовай. Гэта ўжо новая этыка, якая перамяняе свет. Святы Максімільян Кольбэ аддаў сваё жыццё за бацьку сям’і ў Асвенцыме і гэтым самым унёс у пекла гэтага канцлагера дух надзеі, бо ён памёр, але жыццё засталося.
3. Гэты закон Езуса вядзе да фарміравання новага евангельскага чалавека ў кожнай яго жыццёвай сітуацыі. У яго святле мы павінны спытаць сябе: ці нашы рашэнні і дзеянні ўкаранёны ў любові да Бога і бліжняга? Ці яны прыносяць плён для Божага Валадарства? Сёння модным з’яўляецца тэсціраванне, пачынаючы ад выпускных экзаменаў у школе і завяршаючы тэсціраваннем розных машын і прыладаў. Закон Езуса аб любові да бліжняга – гэта новы тэст для хрысціяніна. І гэты тэст нялёгкі, бо сёння з нашай занятасцю, перапоўненым календаром, імкненнем зрабіць кар’еру, небывалай мабільнасцю цяжка знайсці месца для сяброўства, а што ўжо казаць пра любоў да бліжняга.
Адзін пабожны аўтар так каментуе закон любові да бліжняга — любіць Езуса і любіць спосаб, якім Ён любіў. А Езус любіў праз служэнне бліжнім. Ён казаў пра сябе, што не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб самому паслужыць. Таму любоў да бліжняга – гэта брама да бязмежнай і безумоўнай любові Бога, якая праяўляецца ў выкананні Яго закону. Сапраўдная любоў – гэта значна большае, чым толькі салодкія і прыемныя словы. Яна патрабуе ахвяры.
4. Нядаўна Апостальскі Пасад аб’явіў аб тым, што 23 мая 2015 г. будзе беатыфікаваны арцыбіскуп Сальвадора Оскар Рамэра. Стаўшы сведкам многіх парушэнняў правоў чалавека, ён выступаў ад імя бедных і ахвяраў рэпрэсій, будучы голасам нямых. Гэта прывяло да многіх канфліктаў, асабліва з урадам. Між іншым арцыбіскуп Рамэра заклікаў жаўнераў не страляць у нявінных грамадзян. У выніку ўсяго гэтага ён быў застрэлены падчас святой Імшы ў 1980 г.
Арцыбіскуп Рамэра прадбачыў сваю смерць і казаў, што гатовы прыняць мучаніцтва, калі б толькі яго кроў магла садзейнічаць вырашэнню праблем яго народа. Як хрысціянін, ён казаў: «Я не веру ў смерць без уваскрашэння. Калі мяне заб’юць, я ўваскрэсну ў душы сальвадорскага народа».
Арцыбіскуп Оскар Рамэра з’яўляецца добрым прыкладам любові да бліжняга, аб якой нагадвае Езус у сённяшнім Евангеллі. У імя гэтай любові ён аддаў сваё жыццё, служачы людзям.
5. Езус казаў сваім вучням, што калі Яго пераследуюць, то і іх будуць пераследаваць. Прыклад мучанікаў першых стагоддзяў хрысціянства, усёй яго гісторыі і яшчэ зусім нядаўна на нашай зямлі, як і прыклад арцыбіскупа Рамэра, яскрава сведчаць аб гэтым.
Дзякуй Богу, сёння няма, прынамсі ў нашай краіне, фізічнага пераследу веры і ганенняў на Касцёл, аднак існуе іншы, маральны пераслед. Многія людзі ўспрымаюць Касцёл як старадаўні, не сучасны, які трымаецца даўнішніх маральных норм у той час, калі ўсё вырашаецца дэмакратычна і большасцю галасоў у парламенце, калі большасць устанаўлівае нормы паводзін і г.д.
Цяжка аб гэтым казаць, асабліва тым, хто перажыў ганенні на Касцёл. Але рэальнасць сучаснага жыцця ёсць такой, што ўсё больш людзей не лічаць сябе веруючымі, хаця ў той жа час яны называюць сябе хрысціянамі. Гэта тое заданне, якое стаіць перад намі. Не толькі лямантаваць, але шукаць адказу на пытанне, чаму так ёсць і як вылечыць свет з гэтай маральнай хваробы.
6. Ніхто нам не кажа паўтарыць лёс арцыбіскупа Оскара Рамэра. Але мы павінны кожны дзень ахвяроўваць сваё жыццё ў імя любові да іншага чалавека і да ўсяго свету.
У нашы часы многія людзі глядзяць на нас, хрысціян, як на тых, якія самі захацелі быць членамі Касцёла. Але ў святле вучэння Хрыста трэба сказаць, што не мы, але Ён сам выбраў нас. І Ён заклікае нас не чакаць, што Касцёл павінен нам штосьці зрабіць, але мы ў ім павінны шукаць таго, што можам зрабіць іншым. Забіты ў Даласе ў 1963 г. Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Джон Кеннэдзі казаў: «Не пытайся, што Амерыка зрабіла табе, але пытайся, што ты зрабіў для яе».
Езус называе нас Яго сябрамі. Гэта азначае, што мы павінны быць захоплены Ягонай гісторыяй, якая вядзе на крыж і да пустой магілы, і ў ёй знаходзіць святло, якое вядзе нас па жыцці.
Ці сапраўды мы захоплены гісторыяй Хрыста? Як мы перажываем праўду аб тым, што з’яўляемся сябрамі Хрыста? Ці святло Уваскрослага Хрыста спадарожнічае нам?
Адказ на гэтыя пытанні магчымы толькі ў святле сённяшняга Евангелля, што мы павінны любіць бліжняга, як самога сябе, бо пакуль у кожным бліжнім не будзем бачыць свайго брата і сястру і пакуль не будзем іх любіць так, як Езус палюбіў нас і як мы любім сябе саміх, дагэтуль у нашых душах будзе апраметная цемра, а мы павінны быць людзьмі святла. Амэн.
|