Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы асвячэння капліцы парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

Мінск, 16 мая 2015 г.

“Узрадуйся, Касцёле, наша Маці, аздоблены ззяннем іскрыстага святла, і няхай гучным спевам напоўніцца гэта святыня”.

 

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Мы перажываем велікодны перыяд, і так і хочацца спяваць гэтыя словы Абвяшчэння Пасхі з літургіі пасхальнай вігіліі. Радасць павінна панаваць у нашых сэрцах, бо ў Мінску, горадзе, дзе пасля II Сусветнай вайны на працягу больш чым трох дзесяцігоддзяў не было ніводнага касцёла, а чвэрць стагоддзя таму быў толькі адзін маленькі касцёл на Кальварыйскіх могілках, сёння да чатырох дзейнічаючых касцёлаў і пяці капліц далучаецца яшчэ адна — у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Такім чынам у сталіцы Беларусі з сённяшняга дня будзе дзесяць належачых Касцёлу месцаў, дзе абвяшчаецца Божае слова, цэлебруюцца сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыя, праводзіцца катэхізацыя, здзяйсняецца дабрачынная праца і г.д. — адным словам, дзе будуецца жывы Касцёл, як Народ Божы.

На пачатку, дзякуючы Богу за дар новай каліцы, хацеў бы выказаць падзяку ўсім тым, дзякуючы каму стала магчымай сённяшняя ўрачыстасць. Дзяржаўным уладам за выдзяленне зямлі і дазвол на будаўніцтва. Айцам марыянам, якія апякуюцца гэтай парафіяй і якія сталі рухаючай сілай рэалізацыі гэтага праекту. Архітэктарам і будаўнікам. Спонсарам і вам, вернікі.

Будаўніцтва капліцы – гэта толькі першы этап рэалізацыі ўсяго плану, паводле якого на гэтым месцы павінен паўстаць касцёл. Аднак завяршэнне будаўніцтва і благаслаўленне капліцы – гэта першы і вельмі важны этап на гэтым шляху. Таму, радуючыся разам з вамі, хачу сказаць: “Вітайце дома!”

2. Мы кажам пра матэрыяльную святыню, але ў яе сценах павінна будавацца жывая святыня. Менавіта таму мы ўсклікаем: “Узрадуйся, Касцёле, наша Маці!” Узрадуйся, бо ў збудаваным з жывых камянёў, якімі з’яўляюцца чалавечыя душы, Касцёле ты ззяеш хвалой Уваскрослага Пана.

Гэты Касцёл збудаваны на веры ў Хрыста. У Евангеллі, якое мы толькі што пачулі, распавядаецца пра вызнанне веры апосталам Пятром у Езуса Хрыста, як Сына Божага. На пытанне Езуса, за каго Яго прымаюць апосталы, Пётр адказаў: “Ты – Хрыстус, Сын Бога жывога” (Мц 16, 16). На што Езус яму сказаў: “Ты Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго” (Мц 16, 18).

Хрыстус кажа, што Яго Касцёл пабудаваны на скале, а скалой з’яўляецца вера Пятра. Таму Касцёл – гэта супольнасць вернікаў, якія вызнаюць веру ў жывога Бога і сведчаць, падобна Пятру, што Хрыстус з’яўляецца Сынам Божым і Збаўцам свету. І мы, якія знаходзімся тут, з’яўляемся маленькай часткай Сусветнага Касцёла, які збудаваны на веры Пятра, і такім чынам з’яўляемся ўдзельнікамі Божага Валадарства.

3. Святы апостал Пётр таксама прыгадвае нам, што, каб быць духоўнай будоўляй і святым святарствам, якое ахвяруе духоўныя ахвяры Богу праз Езуса, мы павінны яднацца з Хрыстом (пар. 1П 2, 5). Таямніца Касцёла заключаецца ў тым, што жывыя яе камяні не ізаляваны; яны вельмі каштоўныя, але не незалежныя — яны злучаныя з Хрыстом і паміж сабой. У гэтым заключаецца праўда і моц Касцёла, бо асобныя людзі ў Хрысце ўтвараюць супольнасць, падобна таму, як асобныя ноты кампануюць мелодыю музыкі.

Такі сапраўдны Касцёл з жывых камянёў будуецца ў мурах касцёла ці капліцы з матэрыяльных камянёў. Калі ўваходзім сюды, то павінны прасіць Бога аб ласцы ўзрастаць у гэтай еднасці з Хрыстом і паміж сабой. А калі выходзім, то павінны яе несці ў свет. У гэтым сэнсе капліца, якая сёння асвячаецца, павінна стаць нашым супольным домам і сям’ёй, дзе ніхто не павінен адчуваць сябе чужым. Гэта заданне, якое стаіць перад намі.

4. Цяпер асэнсуем значэнне некаторых элементаў капліцы.

Найперш – гэта дзверы. Праз іх мы ўваходзім у яе. Езус параўноўвае сябе да брамы. Ён кажа, што той, хто ўваходзіць праз яе, будзе збаўлены (пар. Ян 10, 9). Кожны раз, калі будзем уваходзіць сюды, мы павінны памятаць, што ўваходзім на спатканне з Хрыстом Збаўцам. Менавіта таму касцёл ці капліца называецца месцам спаткання чалавека з Богам.

У мінулыя часы, калі пілігрымы здалёк прыходзілі ў касцёл, то цалавалі касякі дзвярэй. Гэта быў акт культу і любові да Хрыста і таксама ўдзячнасці за магчымасць спаткацца з Ім.

Дзверы таксама павінны прыгадваць нам аб нашым хросце, сакрамэнце, які з’яўляецца брамамі ў Касцёл. На памяць аб гэтым на ўваходзе ў касцёл знаходзіцца крапільніца, дзе мы абмокваем пальцы ў благаслаўлёную ваду і жагнаемся.

Таксама ў касцёле і капліцы знаходзіцца амбона, як месца абвяшчэння вечна жывога і дзейснага Божага слова (пар. Габр 4, 12), дзякуючы чаму Бог прамаўляе да нас. Амбону можна параўнаць да Гары Благаслаўленняў, святога месца, з якога Езус пакінуў нам праграму жыцця, каб маглі дасягнуць вечнай радасці.

Асаблівае месца займае канфесіянал, дзе ў сакрамэнце пакаяння чалавек зведвае бязмежную Божую міласэрнасць, ачышчаецца з грахоў і нанова становіцца святыняй Святога Духа. Гэта Божы шпіталь, у якім Езус лечыць нас ад грахоўнай хваробы.

Алтар – самае святое месца, бо на ім Хрыстус падчас кожнай Эўхарыстыі некрывавым спосабам ахвяруе сябе за нас, каб карміць хлебам жыцця і даць лекі нясмяротнасці. Кожны раз, калі прымаем удзел у святой Імшы, мы павінны прыносіць сюды ўсё наша жыццё з яго радасцямі і смуткам, каб атрымаць пасілак на жыццёвы шлях у пілігрымцы да вечнай Айчыны.

Табэрнакулюм – гэта месца, дзе Хрыстус чакае нас. Месца, дзе мы можам знаходзіцца сэрцам насупраць сэрца Езуса. Месца, дзе мы можам размаўляць з Ім і слухаць, што Ён нам скажа.

5. Гэта галоўныя элементы капліцы ў гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая сёння пасвячаецца Богу. Марыя з’яўляецца непераўзыдзеным прыкладам для кожнага з нас. Найперш праз тое, што згадзілася з Божай воляй і гэтым самым распачала эпоху збаўлення.  Найбольшая праблема сучаснага чалавека ў тым, што ён, імкнучыся да абсалютнай свабоды, не жадае згаджацца з Божай воляй і самога сябе ставіць на месца Бога. Ён забываецца, што Евангелле нам дадзена не для таго, каб мы яго змянялі, але каб яно нас змяняла. Гэтым самым ён створаны Богам парадак ставіць з ног на галаву. А, як вядома, на галаве чалавек доўга не выстаіць. Заданнем Касцёла з’яўляецца адрадзіць Богам устаноўлены парадак, каб чалавек і свет маглі развівацца гарманічна.

Гэта нялёгкае заданне, але з Божай дапамогай яго магчыма выканаць. Адночы ў мудраца спыталі, што такое цуд. Ён сказаў, што розныя людзі па-рознаму разумеюць слова “цуд”. Для адных цуд – гэта калі Бог спаўняе іх просьбу. Для іншых — калі людзі выконваюць Божую волю.

Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае св. Андрэя Баболю, святара і мучаніка, які прысвяціў сваё жыццё абвяшчэнню Евангелля і справе еднасці хрысціян. Ён загінуў мучаніцкай смерцю ў Іванаве Палескім, што ў Пінскай дыяцэзіі. З дзяцінства выхаваны ў Касцёле, ён верай і праўдай служыў Богу і людзям.

Няхай нябесная апякунка гэтай парафіі — Беззаганна Зачатая Панна Марыя — і апякун сённяшняга дня святы Андрэй Баболя выпрасяць ў Бога ласку ўсім, хто будзе тут маліцца, каб у іх жыцці здзейсніўся цуд жыцця паводле Божай волі. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі