Мінск, парафiя Св. Яна Хрысцiцеля, 23 мая 2015 г.
Глыбокапаважаныя браты i сёстры!
1. Урачыстасць Спаслання Святога Духа схіляе нас засяродзiцца над выказанай у рэфрэне сённяшняй святой Iмшы “Спашлі, Пане, свайго Духа і аднаві аблічча зямлі” ісцінай.
Мы з'яўляемся сведкамi i ўдзельнiкамi аднаўлення аблічча зямлi. Сёння людзi жывуць не так, як жылi яшчэ некалькi дзесяцiгоддзяў таму. На нашых вачах змяняюцца гарады, дарогi, стыль жыцця чалавека. Калi 50 гадоў таму тэлебачанне лiчылася адным з найбольш вялікіх цудаў тэхнiкi, то сёння iнтэрнэт завалодаў светам i мы не ўяўляем сабе жыцця без яго.
2. Але цi ўсё гэта можна лiчыць сапраўдным аднаўленнем аблічча зямлi? Цi для гэтага дастаткова толькi развiцця iнфраструктуры i стылю жыцця чалавека? Напэўна, не. Бо няўзброеным вокам у сучасным свеце бачна шмат нявырашаных праблем. На жаль, iх колькасць не памяншаецца, але павялiчваецца, а выклiкi сучаснасцi настолькі небяспечныя, што пагражаюць iснаванню нашай цывілізацыi. Бурнае развiццё навукi i тэхналогii ўсё больш i больш пагражае самому чалавеку. У вынiку чаго ўсё мацней праяўляецца цывiлiзацыя смерцi, а чалавек створаны для жыцця. Некалькi дзён таму ў мас-медыя з’явiлiся прагнозы аб тым, што напрыканцы XXI стагоддзя штучны iнтэлект зможа перамагчы iнтэлект чалавека.
Гэтыя працэсы ўскладняюцца паступаючай секулярызацыяй, у вынiку чаго наступае аслабленне веры, умацоўваецца маральны рэлятывiзм, расце насiлле, усё больш i больш праяўляецца iмкненне жыць так, як быццам Бог не iснуе.
Можам сабе толькi ўявiць, чым усё гэта пагражае, бо жыццё без Бога i маральнага закону вядзе ў нiкуды i не мае сэнсу. Таму сапраўднай зменай аблічча зямлi з’яўляецца не што іншае, як змена самога чалавека. Менавiта чалавек i яго жыццё ствараюць аблічча зямлi. Як з благiх будаўнічых матэрыялаў нельга збудаваць добрага будынку, таксама i людзi, жыццё якiх не згодна з Божай воляй, не ствараюць добрага свету.
3. Вядома таксама, што чалавек, прырода якога парушана першародным грахом, не зможа сам без Божай дапамогi жыць згодна з Божым законам. Нездарма Езус кажа, што без Яго мы нiчога не зробiм. А каб быць з намi ўвесь час, Ён паслаў нам свайго Духа. Дзякуючы яму Ён прысутны ва ўсiм свеце. Святы Дух з’яўляецца той сiлай, якая ажыўляе нас духоўна i вядзе па жыцці.
Нам добра вядома, што аўтамабіль не паедзе, калі не працуе матор. А каб ён працаваў, неабходна ў бак аўтамабіля заліць паліва. Падобна і з намі: каб мы выконвалі свае функцыі як сапраўдныя хрысціяне, нам неабходна мець духоўнае паліва, якім у гэтым сэнсе з’яўляецца Святы Дух з Яго сямю дарамі.
4. У першым чытаннi святой Імшы ў вігілiю ўрачыстасці Спаслання Духа Святога распавядаецца аб вежы Бабілон. Людзi захацелi перахiтрыць Бога і вырашылi выбудаваць вежу, якая ўзносілася б да нябёсаў. Але Бога нiхто не перахiтрыў, i Бог паказаў сваю моц: Ён змяшаў мовы будаўнiкоў вежы, так што яны адзiн аднаго не разумелi, у выніку чаго ўжо больш не былі разам, а рассеяліся па ўсёй зямлі.
У Дзеях апосталаў мы чытаем, што ў дзень Спаслання Святога Духа апосталы на вулiцах Ерузалема размаўлялi на адной мове, а iх разумелi людзi розных нацыянальнасцяў. Існуе фундаментальная рознiца памiж гісторыяй Бабілонскай вежы i Пяцiдзясятнiцай. Яна заключаецца ў тым, што ў першым выпадку людзi, якія размаўлялi на адной мове, не разумелi адзiн аднаго, а ў другiм – людзі розных моваў разумелі апосталаў, якiя размаўлялi на адной мове. Калі Бабілонская вежа стала прычынай рассеяння людзей, то Пяцідзясятніца іх аб’яднала. Прычына гэтых феноменаў у тым, што ў першым выпадку людзі паставілі сябе на месца Бога, а ў другім – даверыліся Яму і прынялі Яго ў свае сэрцы.
Дзякуючы гэтаму ў дзень Спаслання Святога Духа распачалося сапраўднае абнаўленне аблічча зямлi. Трэба ўсвядомiць, што падзея Пяцiдзясятнiцы – гэта не аднаразовая падзея. Дух Святы ўжо 2000 гадоў вядзе Касцёл вызначаным яму Богам шляхам, i сёння таксама вядзе яго па ўзбураных хвалях акiяну ўжо XXI стагоддзя.
5. Чынiць Ён гэта праз выбраных Iм людзей. Мы добра ведаем, як восем стагоддзяў таму Бог паклікаў святога Францiшка, каб аднавiў Касцёл. Сем дзесяцігоддзяў таму ён выбраў К’яру Любiч для спецыяльнай місіі. Выбраў у вельмi складаны час гiсторыi свету, калi палаў агонь II Сусветнай вайны. Яна стала iнструментам у Божых руках, каб агню вайны супрацьпаставiць агонь Святога Духа.
З Дзеяў Апосталаў мы ведаем, што Святы Дух сышоў на апосталаў у постацi вогненных языкоў. Можа, менавіта гэты факт стаў натхненнем для К’яры Любiч, каб у 1943 г. у італьянскім горадзе Трэнта заснаваць Рух факаляраў, назва якога паходзiць ад iтальянскага слова "fuoco", што азначае агонь.
Рух факаляраў інакш называецца Справай Марыі. Галоўным заданнем яго з’яўляецца ажыццяўленне слоў Езуса Хрыста “Каб усе былі адно”. Праблема еднасці была і працягвае заставацца адной з найбольш актуальных. Калі мы гаворым аб еднасці, то найчасцей думаем аб еднасці хрысціян, бо існуючыя паміж імі падзелы – гэта не што іншае, як скандал. Падзелы, якія існуюць у хрысціянстве, – гэта крывавая рана, якую неабходна лячыць, бо ад нашага сумеснага сведчання будуць залежаць лёсы хрысціянства.
Але існуюць яшчэ падзелы ў нашых грамадствах, сем’ях, касцёльных супольнасцях. Адны народы ваююць супраць іншых. Узнімаецца тэрарызм, нянавісць, насілле і г.д. Таму праблеме еднасці неабходна ўдзяляць асаблівую ўвагу, чым і займаецца Рух факаляраў.
6. Пасланне Руху факаляраў грунтуецца на патрабаванні Езуса ставіць Бога на першае месца і любіць адзін аднаго, бо толькі праз любоў да Бога і бліжняга мы будзем сведчыць свету наша хрысціянства і імкнуцца да так жаданай еднасці.
Гэтае пасланне вельмі актуальна ў наш час і яго нясе ў свет Рух факаляраў, перадусім праз сваю малітву, засяроджанне на вучэнні Евангелля і хрысціянскае сведчанне. Як гэта важна сёння! Сведчанне ў секулярным свеце гаворыць мацней, чым словы, і прыцягвае іншых да Хрыста. Дзякуючы гэтаму сведчанню вы становіцеся святлом свету і соллю зямлі. Свет патрабуе гэтага святла, каб не заблудзіцца ў цемры секулярызму і маральнага рэлятывізму. Свет патрабуе хрысціянскай солі, каб не сапсавацца.
Няхай жа Святы Дух, напоўніць вас, тут прысутных, і ўвесь Рух факаляраў сваёй прысутнасцю і сваімі дарамі, каб дзякуючы вашаму служэнню змяніўся чалавек і аблічча зямлі, а ў свеце запанавала еднасць. Амэн.
|