Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы 25-годдзя з часу прэзбітэрскага пасвячэння кс. Міхала Сапеля

Мінск, касцёл Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы, 24 мая 2015 г.

Глыбокапаважаны ксёндз Міхал, наш юбіляр, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Спаслання Святога Духа. Езус гаварыў сваім апосталам, што для іх будзе лепей, калі Ён адыдзе, бо адыдзе, каб паслаць Святога Духа, дзякуючы якому праз паслугу святара Ён сам становіцца прысутным ва ўсім свеце.

Святы Дух ажыўляе Касцёл, надае яму новы дынамізм і праз духоўнае аднаўленне людзей аднаўляе аблічча зямлі. Сапраўднае аднаўленне аблічча зямлі – гэта не толькі і не столькі новыя гарады, дарогі і інфраструктура, але аднаўленне чалавека. Які чалавек, такая і зямля.

2. 25 гадоў таму ў сталіцы Латвіі пасля заканчэння Рыжскай духоўнай семінарыі атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне новы беларускі святар Міхал Сапель. Якая тады панавала радасць, бо адчыняліся раней канфіскаваныя касцёлы, а святароў было вельмі мала. Я тады прызначыў новага ксяндза вікарыем у парафію Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках у Мінску. Вернікі адразу ўбачылі ў ім разумнага, энергічнага і адданага справе духоўнага адраджэння Беларусі святара.

12 красавіка 1991 г. мне ўдалося дамовіцца з Міністэрствам культуры тады яшчэ БССР аб сумесным выкарыстоўванні касцёла на Залатой Горцы, куды адказным за душпастырства я прызначыў ксяндза Міхала. А на наступны дзень Святы Айцец Ян Павел II перавёў мяне ў Расію. Потым падчас адной канферэнцыі, якая праходзіла ў Мінску, ксёндз Міхал запрасіў мяне цэлебраваць святую Імшу ў гэтым касцёле.

Гэта толькі ўспаміны 25-гадовай даўніны. За чвэрць стагоддзя шмат вады ўцякло. Ксёндз Міхал доўгі час узначальваў парафію на Залатой Горцы і прыклаў шмат намаганняў, каб касцёл быў перададзены парафіі, кіраваў дабрачыннай працай у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У дадатак да сваіх непасрэдных святарскіх абавязкаў ён на Беларускім радыё вядзе спецыяльную праграму агляду падзей з жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі за тыдзень.

3. Святкаванне сярэбранага юбілею прэзбітэрскага пасвячэння – гэта вельмі добрая нагода, каб засяродзіцца над праблемай паклікання да святарства, падвесці вынікі сваёй працы, падзякаваць Богу за дар паклікання і 25 гадоў служэння, а таксама папрасіць благаслаўлення на будучыню.

Што такое пакліканне? Гэта голас Бога, які кліча да служэння Яму і Касцёлу. У жыцці кожнага чалавека ёсць сваё пакліканне. Нехта пакліканы быць урачом, іншы інжынерам, яшчэ хтосьці настаўнікам і г.д. Мы ў сваёй душы адчуваем, што пакліканы да той ці іншай прафесіі. Святар жа пакліканы да служэння.

Адносна паклікання да святарства трэба сказаць, што гэта голас Хрыста, які кліча да таго, каб прысвяціць сябе выключна Богу і Касцёлу. Езус кліча, а пакліканы Яму адказвае. Дзе, калі і ў якіх абставінах гэта адбываецца - ведае толькі Бог і сам пакліканы. З упэўненасцю ў выпадку ксяндза Міхала можна сказаць, што вялікую ролю адыграла яго сям’я і святары, якія служылі ў Браславе, дзе, дзякуй Богу, касцёл не быў канфіскаваны.

Калі і пры якіх абставінах ксёндз Міхал сказаў Хрысту сваё “так”, ведае толькі ён і Бог. Але сама атмасфера Браслава з яго азёрамі прыгадвае атмасферу паклікання апосталаў. Можа, і малады Міхал, прагульваючыся па берагах гэтых азёраў, таксама пачуў голас Хрыста, які яму сказаў: ідзі за Мною, і Я ўчыню з цябе рыбака людскіх душаў. І Міхал пайшоў. Ён пастукаў у дзверы Рыжскай духоўнай семінарыі, каб пасля неабходнай фармацыі атрымаць прэзбітэрскае пасвячэнне.

4. Святарства – гэта дар і таямніца, як кажа святы Ян Павел II. Гэта дар пакліканаму і дар хрысціянскай супольнасці. Дар пакліканаму, бо дзякуючы дзеянню Святога Духа ён становіцца тым, хто дзейнічае ад імя Езуса. Дар людзям, бо ў ім яны атрымліваюць пастыра, які абвяшчае ім Божае слова, адорвае Божай ласкай праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і, служачы ім у любові, будуе парафіяльную супольнасць.

Не трэба далёка хадзіць. Калі на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя мы атрымалі свабоду веравызнання і ў нейкай мясцовасці з’яўляўся святар і месца для малітвы, то парафія адразу адраджалася, хаця перад гэтым там не было набажэнстваў доўгія дзесяцігоддзі.

5. Нягледзячы на працэсы секулярызацыі, роля святара з кожным днём расце. Свет з аднаго боку адракаецца ад Бога, але з іншага – ён шукае ў Ім сваю апору. І гэтага Бога святар дае людзям у заўсёды жывым і дзейсным Божым слове. Сучасны свет напоўнены па берагі словамі. Але колькі ў іх праўды? Ці яны заўсёды нясуць палёгку чалавеку? Ці даюць надзею? Ці абвяшчаюць цывілізацыю жыцця? На вялікі жаль, яны часта застаюцца толькі пустымі словамі. У той жа час Божае слова напоўнена духоўным зместам, які ніколі не страціць свайго значэння і актуальнасці.

Святар дае людзям Бога ў сакрамэнтах, у якіх мы атрымліваем патрэбную для збаўлення Божую ласку, а ў Эўхарыстыі – хлеб вечнага жыцця. Таму праз святарскае служэнне мы атрымліваем новую надзею, надзею на шчаслівую вечнасць.

Служэнне вернікам у любові будуе хрысціянскую супольнасць, а міласэрнасць з’яўляецца вельмі дзейсным актам евангелізацыі. Нам неабходна будаваць новыя хрысціянскія супольнасці, бо яны з’яўляюцца месцам спаткання чалавека з Богам, каб Яго несці ў свет і сведчыць аб Ім. Сучасны свет патрабуе новай евангелізацыі, як адказу на яго небяспечныя выклікі. І зноў, усё гэта магчыма праз паслугу святара.

6. Такім чынам, святар, як інструмент у Божых руках, які дзейнічае ад імя Езуса, дзякуючы ласцы Духа Святога вядзе людзей да Бога, каб прынесці ім палёгку і ўчыніць свабоднымі. Такімі свабоднымі духам ты, ксёндз Міхал, чыніш людзей ужо 25 гадоў. За гэта Касцёл у Беларусі дзякуе Богу і табе і просіць благаслаўлення на будучае служэнне.

Тваё імя паходзіць ад імя арханёла Міхала, які падняўся на барацьбу са ўзбунтаванымі анёламі. На іўрыце яно гучыць “Міхаэль”, што азначае “хто ж як Бог!”. Няхай дзякуючы твайму служэнню як мага больш людзей сваім жыццёвым сведчаннем адкажуць: “Хто ж як Бог”, бо гэта адзіны шлях да будавання шчаслівага жыцця на зямлі і гарантыя шчасця ў вечнасці. Амэн.

Адноўлена 24.05.2015 00:01
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі