Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы 25-годдзя святарства кс. Яна Гавецкага

Іўе, 30 мая 2015 г.

Глыбокапаважаны юбіляр, браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, дарагія парафіяне, госці і ўсе ўдзельнікі сённяшняй урачыстасці!
 
1. 25 гадоў таму, 27 мая 1990 г., у гродзенскім фарным касцёле св. Францішка Ксаверыя, у той час ужо першай у Беларусі малой базыліцы, якая ў 1991 г. стала катэдрай новастворанай Гродзенскай дыяцэзіі, упершыню ў нашай краіне адбывалася незвычайная ўрачыстасць – першае прэзбітэрскае пасвячэнне. Яго атрымаў сённяшні юбіляр кс. Ян Гавэцкі, які стаў першым святаром, якога я пасвяціў.

Дзякую кс. Яну за запрашэнне ўзначаліць святую Імшу ў сярэбраны юбілей яго пасвячэння. Лёс, у пэўным сэнсе, нас аб’яднаў. Ксёндз Ян нарадзіўся ў 1962 г., у якім я скончыў сярэднюю школу. Тэрытарыяльна мы належалі да той самай францішканскай парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне. У цяжкія часы пераследу веры мы хадзілі маліцца ў той самы касцёл. Пазней лёс прывёў нас у той самы горад Каўнас, дзе ў 1976-1981 гг. я быў навучэнцам Каўнаскай міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі, а кс. Ян у 1980-1982 гг. служыў там у войску. У тыя часы я, ужо дыякан, бачыў яго, калі ён маліўся ў каўнаскай катэдры ва ўніформе савецкага салдата, і мы мелі магчымасць паразмаўляць паміж сабой. Я вельмі цаніў гэта, здзіўляўся яго адвазе і ганарыўся тым, што мой зямляк, будучы ў савецкім войску, дзе панавала атмасфера ваюючага атэізму, падчас звальнення не бадзяўся па горадзе, але ішоў у касцёл маліцца. Я з гонарам распавядаў аб гэтым семінарыстам і кіраўніцтву семінарыі.
 
Ксёндз Ян атрымаў пасвячэнне і стаў святаром Вілкавішскай дыяцэзіі ў Літве і адзін год працаваў вікарыем у парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў г. Шакяй. Потым са згоды Вілкавішскага біскупа вярнуўся на радзіму і ў 1991-1996 гг. працаваў пробашчам парафіі ў Трабах, а з 1996 г. з’яўляецца пробашчам парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.

За гэты час моцна змянілася як сама парафія, так і касцёл і яго наваколле. Ксёндз Ян Гавецкі праявіў сябе як адданы Касцёлу і людзям душпастыр, выдатны рэстаўратар, прыхільнік міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялогу, а таксама дыялогу з грамадствам, заклапочаны развіццём дабрачыннасці, арганізацыяй спартыўных мерапрыемстваў, асабліва футбольных спаборніцтваў паміж святарамі і міліцыяй, і г.д. Арганізаваны ім конкурс калядак вядомы далёка за межамі не толькі парафіі і Іўеўскага дэканату. Усё гэта набыло яму заслужанаую павагу і аўтарытэт як у вернікаў, так і ў грамадстве. Ён заслужана прызначаны дэканам Іўеўскага дэканату.

2. Сярэбраны юбілей прэзбітэрскага пасвячэння, як і кожны іншы юбілей, – гэта добрая нагода падзякаваць Богу за атрыманыя ласкі, асэнсаваць сваё служэнне і прасіць благаслаўлення на будучыню. Гэта таксама добрая нагода для разважанняў над веліччу святарства, гэтага сакрамэнту, устаноўленага разам з Эўхарыстыяй Хрыстом падчас Апошняй Вячэры.

Чым ёсць пакліканне да святарства? Гэта таямнічы голас Бога, які гучыць у сэрцы чалавека, і запрашэнне прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу і людзям. Гэта таксама прапанова духоўных заручын з Касцёлам. У сувязі з гэтым Папа Францішак заклікае маладых людзей рызыкнуць сваім жыццём для вялікіх і ўзнёслых ідэалаў святарства. Малады чалавек, адказваючы на заклік Бога, не ведае, куды яго Бог потым пашле, не ведае, з якімі жыццёвымі сітуацыямі трэба будзе спаткацца, але ў гэтай жыццёвай прыгодзе давярае Богу і Яго ласцы, якая праяўляецца ў сакрамэнце святарства.

Да прыняцця такога рашэння кс. Яна падрыхтавала вельмі пабожная сям’я і блізкія, святары, з якімі ён спаткаўся, перадусім сведчанне іх жыцця. Немалы ўплыў меў, як мне падаецца, досвед служэння ў савецкім войску ў Каўнасе, калі вакол усе гаварылі і пераконвалі, што Бога няма, а ў той жа час у горадзе наперакор усім сілам зла існавала семінарыя.

Святы Ян Павел II казаў, што пакліканне да святарства – гэта таямніца і дар. Таямніца, бо чаму мяне, кс. Яна ці канкрэтна кагосьці яшчэ, Бог паклікаў? Мог паклікаць і іншага, але паклікаў нас. Гэта асаблівая Божая ласка. Бог кліча, а мы згаджаемся ці не. Пакліканне – гэта дар як самому святару, так і хрысціянскай супольнасці, бо толькі святар можа здзяйсняць сакрамэнты і толькі дзякуючы яго служэнню людзі атрымліваюць патрэбную для збаўлення Божую ласку.

3. Сёння мы глядзім на кс. Яна, якога з павагай называем юбілярам, і бачым у ім такога ж чалавека, як кожны, але адначасова іншага. Дзякуючы прэзбітэрскаму пасвячэнню ён з’яўляецца Alter Christus – Другі Хрыстус, бо дзейнічае не ад свайго імя, але ад Імя Езуса і Ягонай моцаю.

Другі Ватыканскі Сабор ясна навучае, хто калі святар хрысціць, то сам Езус вызваляе ад першароднага граху. Калі цэлебруе святую Імшу, то сам Езус некрывавым спосабам ахвяруецца за нас і перамяняе хлеб і віно ў сваё Цела і Кроў. Калі адпускае грахі ў сакрамэнце пакаяння, то праз яго сам Езус гэта чыніць. Такім чынам мы бачым, што святар з’яўляецца інструментам у руках Езуса.

4. Касцёл выразна вызначае галоўныя функцыі святара. Імі з’яўляюцца: абвяшчэнне Божага слова, асвячэнне людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і будаванне хрысціянскай супольнасці праз служэнне ім у любові.

У сучасным свеце мы знаходзімся ў моры слоў. Але ці ёсць у іх праўда? Ці яны заўсёды нясуць радасць і суцяшэнне? Ці вяртаюць страчаную надзею? Далёка не. Таму сучасны свет патрабуе вечна жывога і дзейснага Божага слова. Новая евангелізацыя, якая з’яўляецца галоўным заданнем Касцёла на сучасным этапе яго развіцця, заклікае з адвагай абвяшчаць Божае слова і быць яго сведкамі.

Сучасны секулярызаваны свет імкнецца да багацця, улады і прыемнасцяў. Ён палагаецца на свае сілы і магчымасці. Аднак, як паказвае жыццё, гэтага недастаткова. Патрэбна яшчэ Божая дапамога. Касцёл праз святара, які цэлебруе сакрамэнты, прапануе яму Божую ласку, якая з‘яўляецца гарантыяй будавання нарамальнага жыцця на зямлі і вечнага шчасця ў небе. Часамі, асабліва ў Праваслаўнай Царкве, святара называюць святым айцом, таму што ён дае ім Хрыста і Ягоную ласку.

Дзе ёсць святар, які сапраўды служыць людзям, там і развіваецца касцёльная супольнасць, парафія. Нездарма нашы дзяды і бацькі ў гады ганенняў на Касцёл так чакалі святара, бо ведалі, што з яго прысутнасцю іх рэлігійнае жыццё зменіцца, яно адродзіцца і будзе развівацца.

5. Роля святара з кожным днём набірае ўсё большае значэнне. Сучасны свет іграе сваю музыку і хоча, каб мы пад яе танцавалі. У нас ёсць свая музыка – гэта Евангелле, і мы павінны жыць паводле яго. Усім вядома, што лягчэй плысці па цячэнні, чым супраць. Але куды нас занясе цячэнне? У мора, з якога мы не выплывем.

У жыцці мы павінны ісці супраць секулярных і ліберальных тэндэнцый нашага часу. Вядома нам і тое, што мы павінны прытрымлівацца правіл дарожнага руху, каб шчасліва даехаць да мэты нашага падарожжа. Такія ж знакі на нашым духоўным шляху паставіў Бог. Гэта Яго запаведзі, вучэнне Евангелля і Касцёла. Святар нас штодзённа заклікае жыць паводле Евангелля і супрацьстаяць выклікам часу.

6. Усё гэта нагадвае аб узнёсласці і выключнасці служэння святара, якому паслухмяны сам Бог, бо падчас Эўхарыстыі Ён з неба зыходзіць на зямлю, – як кажа нябесны апякун пробашчаў св. Ян Віянэй. Без святара пасхальная таямніца смерці і Уваскрасення Хрыста не мела б ніякага значэння. Яна была б як нейкі дэпазіт у банку, якога нельга ўзяць, або як чамадан без ручкі. Менавіта святар працягвае на зямлі місію збаўлення. Таму святварства не для сябе, але для служэння іншым у справе іх збаўлення.

Як бачым, роля святара ў жыцці і служэнні Касцёла незаменная. Таму Касцёл так шмат увагі звяртае на пакліканні да святарства і святарскую фармацыю.

7. Ксёндз Ян, сёння ты дзякуеш Богу за 25 гадоў святарства і просіш благаслаўлення на далейшае служэнне. У тваёй інтэнцыі моліцца ўся іўеўская парафія, твае браты ў святарстве, блізкія і знаёмая. Няхай гэтая ўрачыстасць таксама стане добрай нагодай для маладых людзей задумацца над сваім пакліканнем, бо, можа, і іх Езус кліча, як калісьці паклікаў галілейскіх рыбакоў, каб сталі апосталамі. Ён ім сказаў: “Ідзіце за Мною, а Я ўчыню з вас рыбакоў душ людскіх”, - і яны пайшлі ў невядомае, каб упісацца ў гісторыю збаўлення. Заклік Езуса: “Прасіце Пана жніва, каб паслаў работнікаў на сваё жніво, бо жніво вялікае, а работнікаў мала”, заўсёды актуальны.    

8. Дастойны юбіляр!

Калі святарства перажываецца ў духу адданасці, ахвярнасці, малітвы і любові да крыжа, то яно свеціць у Касцёле і свеце, а таксама мае свежы і творчы ўплыў на яго.

Ты і мы ўсе, тут сабраныя, спяваем “Te Deum” – „Цябе, Бога, праслаўляем”. Няхай гэты гімн праслаўлення заўсёды гучыць у тваім сэрцы, каб, умацаваны Божай ласкай і пад апекай Марыі, пад крылом якой выхаваўся ў Гродне, ты і далей мужна, рупліва і аддана служыў Богу і Касцёлу і святлом свайго служэння асвятляў свет. Амэн.

Адноўлена 31.05.2015 13:05
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі