Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча пры чацвёртым алтары працэсіі Божага Цела перад мінскай архікатэдрай

31 мая 2015 г.

Дарагія браты і сёстры!

1. Евангелле пры чацвёртым алтары ўзята з малітвы Езуса аб еднасці: “Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе” (Ян 17, 21).

Мы ўсе хочам еднасці і марым аб ёй. Аднак жыццё паказвае, што да сапраўднай еднасці нам яшчэ вельмі-вельмі далёка.

Ужо першыя старонкі Бібліі нагадваюць нам аб гэтай праблеме. Першыя нашы бацькі – Адам і Ева – не паслухалі Бога і гэтым самым адмовіліся ад еднасці з Ім, што стала пачаткам усіх няшчасцяў чалавека. Каін забіў Абэля з зайздрасці, гэта азначае з-за таго, што паміж імі не было еднасці. Зусім нядаўна свет адзначаў юбілей 70-годдзя заканчэння II Сусветнай вайны, якая сведчыць аб тым, да якіх трагедый можа прывесці нязгода паміж народамі. На нашых вачах у цэнтры Еўропы, ва Украіне, адбываецца новая трагедыя, калі ўчарашнія суседзі і сябры падымаюць руку адзін на аднаго і раздзяляецца краіна.

А колькі падзелаў у самым хрысціянстве? Гэта не што іншае, як крывавая рана на тым самым Містычным Целе Хрыста.

Сёння ў свеце шмат міратворчых арганізацый, пачынаючы ад Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і завяршаючы арганізацыямі на мясцовых узроўнях. Сродкі масавай інфармацыі перапоўнены звесткамі аб розных мірных канферэнцыях і міжнародных міратворчых сілах, а міру як не было, так і няма. Больш за тое, усё мацней галаву ўздымаюць розныя тэрарыстычныя арганізацыі, хрысціянства ў наш час стала найбольш пераследуемай рэлігіяй. Так, у мінулым годзе загінула больш за сто тысяч вызнаўцаў Хрыста.

2. Усё гэта нагадвае аб тым, што сучасны свет хворы на брак еднасці, і ў сувязі з гэтым паўстае пытанне: ці мір магчымы? Хто можа яго гарантаваць? Дзе шукаць паратунку?

Рэцэпт дае Хрыстус, які вучыць, што адзінства з Богам з’яўляецца гарантыяй адзінства паміж людзьмі. Такое адзінства мы можам перажываць найлепей на прыкладзе Эўхарыстыі. У адной эўхарыстычнай песні мы спяваем: “Як гэты хлеб, што злучае залатыя зерні, так няхай і ахвярная любоў яднае нас. Як гэты келіх, што злучае многа кропель, так і Ты, Хрыстэ, аб’яднай нас у сваім Касцёле”.

Не трэба быць вялікім тэолагам, каб добра зразумець, у чым справа. У кавалку хлеба злучана вялікая колькасць розных зярняткаў. У келіху – многа кропель віна. Усе яны ўтвараюць адно.

3. Сучасны свет хворы на брак еднасці. Лекам на гэтую хваробу ёсць Эўхарыстыя, як сакрамэнт еднасці з Богам і людзьмі. У цэлебрацыі Эўхарыстыі ажыццяўляецца Касцёл, як адзіны Народ Божы. На пачатку Імшы мы разам перапрашаем Бога і адзін аднаго, разам молімся, перадаём адзін аднаму знак супакою, прымаем святую Камунію, атрымліваем благаслаўленне. Злучаючыся з Хрыстом у Эўхарыстыі, мы абагаўляемся і перамяняемся.

Свет іграе сваю музыку і хоча, каб мы пад яе танцавалі. Але мы маем іншую боскую музыку, музыку Евангелля, музыку вучэння Касцёла, і павінны танцаваць, гэта азначае жыць, паводле яе. А для гэтага неабходна быць злучанымі з Богам.

Як будаўнічая заправа аб’ядноўвае ў адно паасобныя цагліны, так што ў выніку гэтага атрымліваецца адна будоўля, таксама і Эўхарыстыя моцаю Хрыста аб’ядноўвае нас. Без Эўхарыстыі мы не зможам быць адзінымі з Богам і людзьмі. Як удзельнікі Эўхарыстыі, моцаю Божага Хлеба стараймася захоўваць Божую праўду ў нашым жыцці, каб быць аб’яднанымі з Богам і людзьмі і заставацца апосталамі еднасці ў нашых сем’ях, месцах працы, адпачынку і ў грамадстве. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі