Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста

Мінскі архікатэдральны касцёл, 4 чэрвеня 2015 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае адно з найбольш вядомых і папулярных святаў – Божага Цела. На самой справе сапраўдная назва гэтага свята – урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста.

Сваімі думкамі мы пераносімся ў Вячэрнік, у тое месца, дзе Езус перад сваёй крыжовай смерцю ўстанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і сакрамэнт святарства. Трэба падкрэсліць, што гэтыя два сакрамэнты звязаны паміж сабой непадзельна, бо Эўхарыстыі няма без святарства. Толькі святар моцаю Езуса Хрыста можа перамяніць хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыста. І гэты цуд здзяйсняецца ўжо дзве тысячы гадоў, дзякуючы чаму Езус ёсць з намі ў сакрамэнце Эўхарыстыі.

2. Адна легенда распавядае аб тым, як дацкі кароль св. Канут Вялікі ў запавеце напісаў, каб пасля яго смерці яго сэрца пахавалі побач з пустым гробам Езуса. Калі кароль памёр, выбралі аднаго з найбольш адважных рыцараў і адправілі з сэрцам караля ў Святую Зямлю.

Рыцар развітаўся з сям’ёй і вырушыў у далёкую дарогу. Але чым далей адыходзіў ад роднага дому, тым большыя сумневы з’яўляліся ў ім. Так што ў рэшце рэшт ён вырашыў, што ўся гэтая задумка не мае ніякага сэнсу, і вырашыў вярнуцца дамоў. Але калі зрабіў толькі адзін крок у напрамку дома, то пачуў нейкі шум, які даносіўся з залатой шкатулкі, у якой знаходзілася сэрца караля. Ён паднёс яе да вуха і пачуў біццё сэрца.

Рыцар засаромеўся свайго ўчынку і пайшоў у Святую Зямлю. Калі, аднак, дайшоў да яе, там яго чакала новае выпрабаванне: там ішла вайна за гэтае святое месца пустога гробу Езуса. Рыцар падумаў, што тут загіне, і пачаў уцякаць. Але ізноў пачуў біццё сэрца караля. Гэта ўсё дадала яму новай адвагі, і ён сам уступіў у барацьбу за Святую Зямлю.  

Пасля перамогі над ворагам і над самім сабой ён з жалем паклаў сэрца караля побач з пустым гробам Езуса, бо ведаў, што яму будзе бракаваць біцця сэрца караля.

3. Гэтая легенда уводзіць нас у таямніцу святкавання сённяшняй урачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. Паміж легендай і сённяшняй урачыстасцю ёсць шмат супольнага. Падобна таму, як адважны рыцар выканаў запавет караля, таксама і мы павінны выканаць запавет нашага Караля – Езуса Хрыста, выражаны ў словах з Вячэрніка: “Гэта чыніце на Маю памяць”.

Як рыцар нёс сэрца караля ў залатой шкатулцы, таксама і мы захоўваем Найсвяцейшы Сакрамэнт у табэрнакулюме – найбольш пачэсным месцы ў касцёле. А колькі разоў прымаем Камунію, столькі разоў у нашых сэрцах носім Сэрца Езуса, якое б’ецца любоўю.

Рыцар атрымаў заданне занесці сэрца караля ў Святую Зямлю. Мы таксама атрымалі ад нашага Караля – Езуса Хрыста – заданне ісці з Ягоным Сэрцам у яшчэ больш святое месца – неба. Падчас выпраўлення ў Святую Зямлю рыцар павіненн быў перамагчы шмат спакусаў і перашкод. Мы таксама ў пілігрымцы ў нябесную айчыну павінны змагацца з многімі перашкодамі. Калі нам цяжка і нават прыходзяць спакусы спыніць пілігрымку, мы павінны шукаць дапамогі ў б’ючымся Сэрцы Езуса.

4. У свята Божага Цела, калі Езус выходзіць па-за сцены касцёлаў і ідзе да нас, нам неабходна аднавіць нашу веру ў Яго прысутнасць у Эўхарыстыі. Ён застаўся з намі пад відамі хлеба і віна і жадае быць разам з намі ў нашых цяжкасцях, каб умацаваць нас.

Ці мы сапраўды Яго любім? Ці верым у Эўхарыстыю? Ці стараемся выконваць Яго запавет, выказаны ў словах: “Гэта чыніце на Маю памяць”, прымаючы ўдзел у нядзельных і святочных Імшах?

Адна гісторыя распавядае аб параненым падчас вайны жаўнеры, які лячыўся ў вайсковым шпіталі пасля цяжкай аперацыі. Усё было б добра, але ён адмаўляўся есці. Тады яго сябар пайшоў у яго дом і ўсё распавёў бацькам. Бацька адразу сабраўся ў дарогу, каб наведаць сына. А маці спякла бохан хлеба. Сын вельмі ўсцешыўся, з вялікім апетытам з’еў хлеб, які яму спякла маці, і пасля гэтага пачаў есці іншую ежу і выздаравеў.

5. Мы таксама ў жыцці бываем часта паранены грахом і клопатамі штодзённага жыцця, так што трацім яго сэнс. Як часта ў нашых праблемах і духоўных хваробах мы шукаем лекаў, якія не могуць вылечыць. Ці хтосьці можа даць прыклад, як алкаголь, наркотыкі, неупарадкаванае сексуальнае жыццё выратавалі чалавека? Не, ніхто, бо амаральныя лекі, якія прапануе свет, не толькі не лечаць, але вядуць да яшчэ большай хваробы.

Хлеб, які спякла маці, уратаваў жыццё жаўнера. Эўхарыстыя, хлеб, які дае нам Маці-Касцёл, ратуе наша духоўнае жыццё. Як бацька параненага жаўнера сказаў сыну, што яго маці падрыхтавала яму хлеб, таксама і святар кажа нам, што Маці-Касцёл падрыхтавала нам хлеб жыцця вечнага.

6. Слова “Эўхарыстыя” на грэчаскай мове азначае падзяку. Падзякуем і мы Хрысту за гэты бясцэнны дар. Якое шчасце, што ў нашых касцёлах у Эўхарыстыі жыве Хрыстус. Той самы, які нарадзіўся ў Бэтлееме, які памёр на крыжы, уваскрос і ўзышоў на неба, каб нам паслаць свайго Святога Духа і падрыхтаваць месца ў нябесным Валадарстве. Гэта тая любоў, якой Ён палюбіў нас і далей любіць. На гэтую любоў мы павінны адказаць падобнай любоўю да Эўхарыстыі, каб Езус Эўхарыстычны быў як мага часцейшым госцем у нашых душах. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі