Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамiлiя Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Iмшы з нагоды 25-годдзя вяртання касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыi (пабрыгiдскага) у г. Гродна

20 чэрвеня 2015 г.

Дарагiя браты i сёстры, удзельнiкi сённяшняй урачыстасцi!

1. 25 гадоў таму ў Гродне адбылася незвычайная ўрачыстасць, якая была знакавай. Яшчэ трываў Савецкi Саюз з яго атэістычным рэжымам, аднак новае жыццё ўжо ўваходзiла ў краiну.

У 1988 г. Праваслаўная Царква ўрачыста, з удзелам дэлегацый Ватыкана i Каталiцкага Касцёла з многiх краiн свету, адзначыла юбiлей 1000-годдзя Хросту Русi. Гэта быў знак, што ў краiне, дзе тры пакаленнi панавала палiтыка ваюючага атэiзму, наступаюць фундаментальныя змены, у тым лiку i ў свабодзе веравызнання.

Год пазней Папа Ян Павел II прызначыў першага пасля 50 гадоў бiскупа ў Беларусi. Улада паволi пачала перадаваць Касцёлу канфіскаваныя раней святынi. Прыйшоў час i пабрыгiдскага касцёла ў Гродне. Я асабiста вельмi перажываў за яго. Справа ў тым, што пасля пераезду нашай сям’і з Адэльска ў Гродна я вучыўся ў сярэдняй школе № 7 на вулiцы Кiрава. Мы жылi за Нёманам на вул. Гарнавых, i кожны дзень я ездзiў аўтобусам у школу i выходзiў акурат амаль што насупраць пабрыгiдскага комплекса, якi ўключаў у сябе касцёл i кляштар. У пабудаваным яшчэ ў першай палове XVI cтагоддзя законным комплексе сясцёр брыгiдак, якi ў 1908 г. быў перададзены сёстрам назарэтанкам, знаходзiўся псiхiятрычны шпiталь. Нiхто не супярэчыць таму, што трэба лячыць хворых, але дом малiтвы павiнен заставацца домам малiтвы. І тое, што ён не мог выкарыстоўвацца для непасрэдных мэтаў, хвалявала найбольш.

2. Доўгiя перамовы з уладамi прывялi да прыняцця рашэння аб вяртаннi касцёла. Увесь горад радаваўся, бо гэта быў знак таго, што прыходзяць новыя часы. Не забудуся, як радаваўся кс. інфулат Мiхал Арановiч – гродзенскi патрыярх, як мы яго называлі, i мужны ахоўнiк веры падчас ганенняў на Касцёл.

Калi мы з iм абмяркоўвалі план набажэнства з нагоды вяртання касцёла, ён сказаў, што для яго гэтая падзея вельмi важная i ён шчаслiвы, што дачакаўся яе. Справа ў тым, што калi ў 1951 г. савецкія ўлады касцёл канфіскавалi, то менавiта ён перанёс Найсвяцейшы Сакрамэнт з яго у пабернардынскi касцёл. Я тады прапанаваў яму перанесцi яго ў працэсіі назад. Для хворага інфулата гэта было немагчыма. Тады мы разам вырашылі, што працэсiя пойдзе ад пабернардынскага касцёла да пабрыгідскага, а кс. інфулат Мiхал Арановiч з Найсвяцейшым Сакрамэнтам паедзе ў машыне ў гэтай жа працэсii.

Немагчыма перадаць словамi, што тады перажываў гэты святар. Яго можна было зразумець. 40 гадоў таму ён вынес адтуль Эўхарыстычнага Езуса. Чыста па-чалавечаму думаючы, цяжка было спадзявацца, што Ён вернецца туды. Аднак Бог яшчэ раз паказаў, што Ён Валадар гiсторыi, і дазволіў кс. інфулату Міхалу Арановічу дажыць да часоў вяртання Езуса ў свой дом.

Радаваўся ксёндз інфулат, радавлiся i сёстры назарэтанкi, бо вярталiся на сваё месца. Добра памятаю, як тады падчас гаміліі я прыгадаў словы Святога Пiсання: што добрага можа быць з Назарэту? I падобна да таго, як гiсторыя збаўлення наперакор гэтаму сцвярджэнню паказала, што менавiта ў Назарэце нарадзiўся Збаўца, таксама i цяпер, у здэваставаным атэістычнымi ўладамi касцёле, падчас Эўхарыстыi iзноў будзе нараджацца Езус.

Свята вяртання касцёла закранула ўсiх да таго, што нават прадстаўнiкi ўлады выказавалi сваё задавальненне. Парадак падчас працэсii з пабернардынскага касцёла да пабрыгiдскага, удзел у якой прымала вялiкая колькасць вернiкаў, забяспечвала мiлiцыя. Пасля набажэнства я падыйшоў да палкоўніка мiлiцыi, якi знаходзiўся побач з касцёлам, i падзякаваў яму за дапамогу ў забеспячэннi парадку. Ён мне адказаў, што неабходна, каб такiх падзей было як мага больш.

3. Дарагiя браты i сёстры! Гэта ўжо гiсторыя 25-гадовай даўніны, пасля якой пачала пiсацца новая старонка новай гiсторыi гэтага гiстарычнага касцёла і адначасова помніка сакральнай архітэктуры.

Касцёл быў адрэстаўраваны і служыць сёстрам назарэтанкам і вернікам Гродна як рэктаральны. У ім адбываюцца набажэнствы для літоўска- і англамоўных вернікаў. Гэта вельмі добрае месца для дыяцэзіяльнай сустрэчы законніц. Тут адбываюцца адмысловыя набажэнствы, дні духоўнага засяроджання для моладзі і г.д.

Маючы на ўвазе тое, што касцёл належыць супольнасці сясцёр назарэтанак, яго сучасная гісторыя вельмі добра адказвае на пытанне: “Што добрага можа быць з Назарэту?” Аганьбаваны і зруйнаваны, ён ізноў прыцягвае людзей прыгажосцю сваёй архітэктуры і з’яўляецца месцам спаткання чалавека з Богам.

4. Вымоўны ў гэтым сэнсе тытул касцёла: Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. Мы добра ведаем пра тое, што Арханёл Габрыэль абвясціў Марыі, што Яна самім Богам выбрана быць Маці Збаўцы. Не разумеючы, як, не будучы замужам, Яна можа стаць Маці, Марыя, пасля тлумачэння Божага пасланніка, згаджаецца.

Гэта быў ключавы момант у гісторыі збаўлення. У ім важна тое, што рэалізацыю свайго плану збаўлення чалавека з грахоўнай няволі Бог даверыў у рукі жанчыны па імені Марыя, і Яна Яго не падвяла.

Звеставанне не завяршылася толькі той адзінай падзеяй, якая мела месца ў Назарэце 2000 гадоў таму. Яно трывае далей. Бог і сёння праз Касцёл, паасобных людзей і падзеі, якія адбываюцца вакол нас, прамаўляе да нас і абвяшчае сваю волю.

Сучаснае жыццё, аднак, паказвае, што мы не заўсёды прымаем яе і згаджаемся з ёю. Свет перажывае шмат крызісаў, ліхаманкава шукае выйсця з іх, спадзеючыся толькі на свае сілы. Як бачна, з гэтага нічога не выходзіць і крызісы не толькі застаюцца, але і павялічваюцца. Больш за тое, у апошнія часы павялічваецца прорва паміж вучэннем Касцёла і штодзённым жыццём веруючых. Гэта не што іншае, як крызіс веры, які праяўляецца ў адыходзе цэлых грамадстваў ад маральных норм і крызісе сям’і, у незахаванні каштоўнага Божага дару жыцця і маніпуляцый ім, у распаўсюджванні насілля, эгаізму і геданізму і г.д.

Сучасны свет патрабуе новага Звеставання, дзякуючы якому Божая воля і Яго слова будуць данесены да людзей, якія не яшчэ не пазналі Бога, страцілі веру або сумняюцца ў ёй. Патрабуе ён і нашага адказу па прыкладзе Марыі.

5. Дарагія ўдзельнікі сённяшняй урачыстасці!

Гродзенскі Касцёл, як і ўвесь Касцёл у Беларусі, сёння дзякуе Богу за 25 гадоў аднаўлення набажэнстваў у пабрыгідскім касцёле. Гэта вялікі дар і адначасова вялікае заданне, нават выклік. У ім, як у сучасным назарэтанскім доміку, Бог абвяшчае нам сваю волю. Адкажам на яе так, як адказала Марыя, а Езус сваёю ласкай народзіцца ў нашых душах. Спаткаўшы Хрыста тут, прыкладам свайго сапраўднага хрысціянскага жыцця пойдзем з Ім у свае сем’і, на месцы працы і вучобы, на вуліцы і плошчы горада, каб несці Яго іншым, каб дзякуючы гэтаму свет паверыў і, жывучы праўдай Евангелля, будаваў цывілізацыю жыцця, да якога мы ўсе створаны. Амэн.         

Адноўлена 20.06.2015 17:16
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі