Касцяневічы, 28 чэрвеня 2015 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Калі б задаць пытанне сучаснаму чалавеку, ці верыць ён у вечнае жыццё, то, напэўна, не ўсе на яго адказалі б станоўча. Нават і веруючыя нярэдка кажуць, што хаця і вераць у вечнае жыццё, аднак аддаюць перавагу зямному. Такім ужо ёсць чалавек, што яму бліжэй тое, што ён бачыць і мае, а не абяцаная перспектыва.
У той жа час Езус у Евангеллі паводле Яна кажа, што вечнае жыццё ў пазнанні Бога. А пазнаць Бога азначае штодзённа мець адносіны з Ім. Таму, каб мець вечнае жыццё, неабходна ведаць Бога так, як Ён ведае самога сябе, з мэтай дасягнуць вечную радасць у Нябесным Валадарстве.
2. Сённяшнія чытанні нагадваюць нам аб дары вечнага жыцця. Першае чытанне з кнігі Мудрасці Саламона кажа, што Бог не з’яўляецца аўтарам смерці і не радуецца з яе, бо Ён стварыў чалавека для несмяротнасці. Насуперак таму, што многія кажуць, што на зямлі існуе пекла, Біблія вучыць, што гэта не так, бо на зямлі няма валадарства памерлых. Калі нехта думае інакш, то толькі таму, што сам сабе творыць пекла. Для тых жа, хто вядзе справядлівае жыццё, існуе абсалютна іншае ўспрыняцце свету. Яны жывуць надзеяй на вечнае жыццё ў Божым Валадарстве. Хаця фізічна мы знаходзімся ў гэтым свеце, на самой справе мы не з гэтага свету, бо створаны па вобразу і падабенству Божаму і пакліканы ўвайсці ў Яго вечнае Валадарства.
Усё гэта нагадвае пра тое, што мы можам пазбегнуць духоўнай смерці праз веру ў Хрыста, а не ў злога духа. Нездарма Езус кажа, што нельга служыць двум гаспадарам – Богу і д’яблу. А каб служыць Богу, набходна быць Яму верным сваёй верай, словам, пазнаннем, хрысціянскім сведчаннем, любоўю да Бога і бліжняга, – як навучае св. апостал Павел у сённяшнім другім чытанні з Другога Паслання да Карынцянаў.
3. Сённяшняе Евангелле распавядае, як Езус з любоўю служыў людзям. Ён учыніў цуд адараўлення дачкі кіраўніка сінагогі Яіра і жанчыны, якая 12 гадоў хварэла на крывацёк. Езус быў іх апошняй надзеяй, якая спраўдзілася. Яны вельмі нацярпеліся, але захавалі веру і яна іх уратавала.
Ці мы таксама павінны цярпець, каб вярнуцца да Бога? Атрымаўшы абяцанне вечнага жыцця праз сакрамэнт хросту, ці пілігрымуем мы нашым жыццёвым шляхам з верай у Хрыста, каб заслужыць вечнае жыццё? Ці часта спавядаемся, каб ачысціць свае душы ад граху? Ці часта прымаем удзел у Эўхарыстыі? Ці сваім штодзённым жыццём сведчым наша хрысціянства? Гэтыя і падобныя пытанні мы павінны паставіць сабе і на іх адказаць. Да іх неабходна таксама дадаць пытанне аб учынках міласэрнасці. Ці мы спяшаемся іх чыніць? Калі мы кажам, што верым у Бога, але жыццём не пацвярджаем гэтага, то наша вера памерлая, – кажа св. апостал Якуб.
Штодзённае жыццё сведчыць, што гэта нялёгка. Злы дух нас пастаянна спакушае і наша парушаная першародным грахом чалавечая прырода схільна да граху. Мы добра ведаем, што такое дабро, аднак чынім зло.
4. У той жа час мы ведаем, што мы не адны. Езус сказаў, што застанецца з намі ўвесь час. Ён прысутны ў Святым Пісанні, сакрамэнтах і ўсёй дзейнасці Касцёла. І нам неабходна з гэтага карыстацца. Сёння ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Касцяневічах цэлебруецца сакрамэнт канфірмацыі з мэтай умацаваць веру тых, хто яго прымае. Сакрамэнт канфірмацыі – гэта сакрамэнт Святога Духа, які сваімі сямю дарамі ўмацоўвае нашы духоўныя сілы, каб мы маглі супрацьстаяць спакусам д’ябла, мужна адказвалі на небяспечныя выклікі часу, распаўсюджвалі веру і яе баранілі, а таксама былі яе сведкамі.
Пасля Спаслання Святога Духа апосталы з баязлівых перамяніліся ў адважных вестуноў Божага слова, дзякуючы чаму хрысціянства распаўсюдзілася па ўсёй Рымскай імперыі. Сёння неабходна абвяшчаць Евангелле не толькі паганам, але і народам з багатай хрысціянскай традыцыяй, бо многія яго забыліся і нават адмовіліся ад Бога. Такіх людзей называюць непрактыкуючымі і нават няверуючымі хрысціянамі, тымі, якія памерлі духоўна і таму не набліжаюцца да Божага Валадарства. У іх душах валадарыць не Езус, але злы дух. І нашым заданнем ёсць дапамагчы ім, а для гэтага найперш самім неабходна быць моцнымі сваёй верай.
Успомнім словы Езуса з сённяшняга Евангелля, дзе Ён кажа, што моцная вера ўратавала хворых. Езус заўсёды перад тым, як учыніць цуд, патрабаваў веры. Ён гэта робіць і сёння, калі ў сучасным падвержаным небяспечным выклікам секулярызму свеце патрэбны цуд захавання веры і цуд навяртання, гэта азначае – цуд выратавання з грахоўнай хварбы.
5. У гэтым годзе ваш пробашч ксёндз Пётр Пятрага адзначае юбілей 60-годдзя, які мы сёння святкуем. 23 гады з іх ён прысвяціў таму, каб праз яго паслугу Бог чыніў цуд навяртання і ўмацавання веры.
Глыбокапаважаны ксёндз Пётр, Касцёл сёння дзякуе табе за ахвярную працу на беларускай ніве. Нягледзячы на тое, што пад уплывам гадоў здароўе не становіцца лепшым і хваробы даюць знаць аб сабе, ты мужна стаіш на варце захавання веры ў нашым народзе. Не толькі рамантуеш Божы дом, але і будуеш жывы Касцёл з людскіх душ. Аб гэтым сведчыць і сённяшняе набажэнства, і гэтыя падрыхтаваныя да сакрамэнту канфірмацыі людзі, і адноўленая святыня. Няхай добры Бог і далей благаславіць табе ў святарскім служэнні. Заўтра твае імяніны. Будзь Пятром нашага часу і вучы людзей паўтараць словы твайго нябеснага апекуна: “Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця”.
6. Дарагія браты і сёстры!
Божае Валадарства – гэта мэта нашага жыцця. Сёння мы маем усе магчымасці, каб дасягнуць гэтай мэты. А для гэтага неабходна паддацца дзеянню Святога Духа, які нас умацоўвае, каб мы заўсёды заставаліся вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню. Дазволім жа Яму напоўніць ветразі нашых сэрцаў Божай моцай, каб быць здольнымі бяспечна плысці па ўзбураных хвалях акіяну трэцяга тысячагоддзя і шчасліва даплыць у порт вечнага шчасця ў Божым Валадарстве. Амэн.
|