Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на распачацце XXV Юбілейнай пілігрымкі Мінск-Будслаў

Мінскі архікатэдральны касцёл, 29 чэрвеня 2015 г.

Быць сучаснымі Пятрамі і Паўламі

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагая моладзь!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае адно з найбольш папулярных святаў –  урачыстасць свв. апосталаў Пятра і Паўла.

Пётр быў простым галілейскім рыбаком і, думаючы чыста па-чалавечы, цяжка было б дапусціць тое, што ён стане апосталам. Больш за тое, што Езус прызначыць яго быць першым сярод іншых апосталаў і дасць яму ўладу прымату. Аднак гісторыя абрання Пятра сведчыць аб тым, што калі Бог кагосьці выбірае, то дае адпаведныя сілы і ласку для выканання даручанага задання.

2. Першым, каго паклікаў Езус, быў Андрэй, які, у сваю чаргу, прывёў да Яго свайго брата Сымона. Потым Езус паклікаў іх і іншых галілейскіх рыбакоў, кажучы ім, што яны стануць лаўцамі людзей.

Пётр вылучаўся з усіх апосталаў. На пытанне Езуса, за каго яны Яго прымаюць, Пётр адказаў, што Ён Сын Бога жывога. Гэтым самым Пётр быў першым, хто вызнаў веру ў Езуса як Сына Божага і Месію, якога чакала чалавецтва. Езус пахваліў Пятра, але адначасова падкрэсліў, што не цела і кроў яму падказалі даць такі адказ, але сам Бог. Гэта вельмі важна і на гэта неабходна звярнуць увагу. Бо гэты факт нагадвае аб тым, што ніхто іншы, але толькі Бог вядзе нас сваімі шляхамі і Ён натхняе нас даць адпаведныя адказы на праблемы, з якімі мы спатыкаемся, і на выклікі часу.

Пахваліўшы Пятра, Езус назваў яго скалой, на якой Ён пабудуе свой Касцёл, так, што пякельныя моцы яго не зруйнуюць. Ён таксама паабяцаў яму ключы Божага Валадарства. Усё гэта нагадвае аб выключнай ролі ап. Пятра ў калегіі апосталаў.

3. Усведамляючы сабе гэтую ролю, Пётр, аднак, заставаўся чалавекам са сваімі слабасцямі. І калі прыйшоў момант выпрабавання, калі Езус быў здраджаны Юдам і арыштаваны, Пётр перапужаўся і таксама адрокся ад Езуса. Ён Яму таксама ў пэўным сэнсе здрадзіў. Аднак, калі спаткаўся з Яго позіркам, то зразумеў сваю памылку і вельмі шкадаваў. Міласэрны Езус яму дараваў яго грэх і пасля свайго Уваскрасення удзяліў уладу прымату, наказваючы яму пасвіць Яго авечак.

Гісторыя Пятра – гэта гісторыя кожнага з нас. У сакрамэнце хросту мы былі выбраны Езусам, сталі абранымі Божымі дзецьмі, якім прызначана Божае Валадарства. Аднак з-за таго, што наша прырода скажона першародным грахом, мы часта грашым і гэтым самым здраджваем Езусу. Ён, аднак, бязмежны ў сваёй міласэрнасці і чакае нас, каб праз сакрамэнт пакаяння вярнуць нам годнасць дзяцей Божых.

Аб гэтым асабліва важна памятаць у Год навяртання. Мы заўсёды маем шанец вярнуцца да Бога. Міласэрны Езус чакае нас, нам толькі неабходна кінуцца ў Яго абдымкі, каб ізноў вярнуць сабе годнасць Божых дзяцей.

4. Другі пратаганіст сённяшняга дня – гэта ап. Павел. У Святым Пісанні ён найперш вядомы для нас як Саўл – ганіцель Касцёла. Ён жорстка пераследаваў хрысціян, так што ўсе яго баяліся. Аднак Божыя планы адносна яго былі іншымі. І той, хто дзейнічаў супраць Хрыста, стаў Яго найбольш руплівым веснікам.

Накіроўваючыся ў Дамаск з місіяй пераследу хрысціян, ён перад брамай гэтага горада падае з каня, траціць зрок і чуе голас Хрыста, які яго дакарае за тое, што ён Яго пераследуе. Гэты быў момант навяртання Саўла, які стаў Паўлам. Слова “Павел” паходзіць ад лацінскага слова “Paulus”, што азначае “малы ўзростам”. Сапраўды, Павел такім і быў. Аднак якім вялікім у маральным значэнні ён стаў пасля свайго навяртання. Ён быў абраны Езусам, каб стаць Яго выбраным начыннем для абвяшчэння Евангелля аж да такой ступені, што ўвайшоў у гісторыю Касцёла як апостал язычнікаў і народаў.

Прыклад навяртання Паўла паказвае, што ізноў, падобна як з Пятром, Бог слабое чыніць моцным. Божая ласка можа так перамяніць чалавека, што з грэшніка ці нават пераследчыка Хрыста ён становіцца не толькі святым, але і Божым вестуном. Гэта не што іншае, як Божае пасланне – месідж – для нас. Неабходна толькі даверыцца Богу, а Ён усё давядзе да шчаслівага канца.

5. Дарагія пілігрымы, сёння распачынаецца XXV Юбілейная мінская пілігрымка ў Беларускі Нацыянальны санктуарый у Будславе. Сёння мы ўспамінаем тых, хто 25 гадоў таму, у 1990 годзе, аднавіў перарваную атэістычнай уладай традыцыю пілігрымак.

Пілігрымкі ў Будслаў адбываліся і падчас ганенняў на Касцёл, але яны не былі афіцыйнымі. Людзі ехалі туды машынамі, аўтобусамі, вазамі, роварамі і г.д. Але не было таго, што мы маем сёння – а менавіта пешых, добра арганізаваных, з духоўнай апекай пілігрымак з розных куткоў Беларусі. Добра памятаю, як у 1990 г. у Будславе з’явіліся пілігрымы з харугвамі, што зрабіла вельмі вялікае ўражанне на ўдзельнікаў урачыстасцяў. Наша вера вылілася на вуліцы гарадоў і вёсак, на палявыя і лясныя дарогі.

Пілігрымка – гэта не культпаход і не экскурсія, хаця яе ўдзельнікі таксама пазнаюць наш край, яго прыроду, святыні, рэлігійнае жыццё і г.д. Пілігрымка, перадусім – гэта малітва; гэта абвяшчэнне Божай праўды іншым, тым, хто яе не ведае; гэта шлях навяртання і таксама шлях пазнання свайго паклікання.

У пілігрымцы свайго рыбацкага жыцця Сымон пазнаў Езуса, каб стаць Пятром. У пілігрымцы свайго жыцця – пераследчыка Хрыста, пазнаў Яго і Саўл, які стаўся Паўлам.

Няхай пілігрымка, якая сёння распачынаецца, пад апекай Марыі – прытулку грэшнікаў – стане часам навяртання і спаткання з Хрыстом, які пераменіць наша жыццё так, каб яно было згодна з Божым планам і каб мы сталі Пятрамі і Паўламі нашага часу, якіх патрабуе сучасны свет.

6. Як Стары, так і Новы Запавет прадстаўляюць нам шмат прыкладаў пілігрымак. Габрэі павінны былі наведваць Ерузалемскую святыню. Марыя пасля Звеставання паспяшыла ў дом Захарыі і Альжбеты, каб дапамагчы той, якая чакала нараджэння св. Яна Хрысціцеля. Марыя ішла ў іх дом не адна. Пад Яе сэрцам білася сэрца Збаўцы. Таксама і мы пойдзем у сёлетнюю юбілейную пілігрымку не адны. Панясём і мы з сабой Хрыста і будзем аб Ім сведчыць іншым людзям, каб праз нас свет пазнаў Бога і жыў Ягонай праўдай. Амэн.       

Адноўлена 29.06.2015 12:56
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі