Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы ў Будславе апоўначы

4 ліпеня 2015 г.

Марыя – прытулак грэшнікаў і наша надзея

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагія пілігрымы!

1. “Марыя – прытулак грэшнікаў, маліся за нас!”

У Год навяртання ў праграме падрыхтоўкі да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў звяртаемся да Цябе, Маці Божая Будслаўская, з такой просьбай. Усе мы грэшныя і ўсе патрабуем Тваёй дапамогі, каб прыйсці да Твайго Сына і нашага Збаўцы Езуса Хрыста.  

Божы народ, які ад пачатку хрысціянства ўсхваляе Марыю як сваю духоўную Маці, адарыў Яе рознымі тытуламі. Гэтым самым людзі выказваюць Ёй сваю пашану і звяртаюцца да Яе з рознымі патрэбамі, верачы, што Яна не адмовіць і дапаможа.

Зусім нядаўна Святы Айцец Францішак увёў у Ларэтанскую літанію тытул Марыі Маці міласэрнасці, які выдатна адпавядае сёлетняй пастырскай тэме навяртання і дэвізу будслаўскіх урачыстасцяў: “Марыя – прытулак грэшных”. Бо хто з нас без граху? Гэта рэчаіснасць нашага жыцця. Аднак пры гэтым трэба памятаць аб тым, што зграшыць – гэта па-чалавечы, але трываць у граху – гэта ўжо д’ябальская справа. Трэба памятаць і аб тым, што мы змагаемся з грахом, а не з чалавекам, бо ён заўсёды мае магчымасць навярнуцца.

У Божым плане збаўлення Марыя займае асаблівае месца і таму мае вельмі важнае значэнне ў нашым рэлігійным жыцці. Справу ажыццяўлення свайго плану збаўлення чалавека Бог усклаў у рукі Марыі, і Яна Яго не падвяла. Дзякуючы Яе згодзе з Божай воляй Сын Божы стаўся чалавекам для нас і для нашага збаўлення. Цяпер, будучы нашай духоўнай Маці, Марыя з’яўляецца пасрэдніцай усіх ласкаў, і таму мы да Яе прыбягаем у нашых патрэбах.

2. Калі мы называем Марыю прытулкам грэшнікаў, то найперш павінны памятаць аб тым, што гэты тытул мае сваё абгрунтаванне ў Святым Пісанні.

Так, каўчэг Ноя быў фігурай Марыі, бо як у ім знайшлі прытулак усе жывёлы (пар. Быц 7-8, 1-19), то і пад плашчом Марыі знаходзяць прытулак усе грэшнікі. Аднак тут ёсць станоўчая розніца. Жывёлы, якія ўвайшлі ў каўчэг Ноя, далей засталіся жывёламі: воўк застаўся ваўком, тыгр тыграм і г.д. А пад плашчом Марыі грэшнік становіцца на шлях святасці. Святая Гертруда аднойчы мела бачанне Марыі, у полах плашча якой знаходзіліся розныя дзікія звяры. Марыя іх не праганяла і нават гладзіла. Святая Гертруда зразумела, што гэтымі дзікімі звярамі з’яўляюцца бедныя грэшнікі, якіх Марыя прымае з любоўю.

У кнізе Зыходу Старога Запавету нагадваецца пра біблейскія “мясціны сховішча”. Гэтыя мясціны не былі падобнымі да звычайных і ў іх знаходзілі сховішча не наўмысныя забойцы (пар. Зых 21, 13). Там яны маглі прабываць нават усё жыццё. Яны павінны былі навучыцца нейкай спецыяльнасці, каб быць карыснымі для супольнасці. Такія “мясціны сховішча” вылучаліся гуманізмам і ўратавалі жыццё многім людзям.

Па аналогіі са Старым Запаветам Айцы Касцёла, стараючыся вытлумачыць збаўчую ролю Марыі адносна грэшнікаў, называлі Яе таксама “Месцам ці горадам сховішча”. Аднак, і гэта неабходна падкрэсліць, паміж Марыяй і біблійнымі “месцамі сховішчаў” ёсць вялікая і сутнасная розніца. Прытулак у такіх мясцінах маглі знайсці толькі некаторыя злачынцы, а менавіта не наўмысныя. У той жа час у Марыі прытулак знаходзяць усе грэшнікі. Яе матчыная апека абдымае ўсіх, бо мы ўсе з’яўляемся дзецьмі новай Евы. Яе апекай ахоплены кожны грэшнік незалежна ад яго грахоў. Будучы без граху, Марыя дапамагае адкрываць дзверы зачыненых для Божай ласкі сэрцаў.

3. Прыбягаць з даверам да Марыі азначае праз Яе дазволіць Хрысту вызваліць нас ад граху, каб стаць на шлях святасці. На жаль, сучасны чалавек вельмі часта імкнецца вырашыць свае маральныя праблемы сваімі сіламі і без Божай дапамогі. Тады наступае трагедыя, бо гэтым самым чалавек адмаўляецца прыняць дармовае адпушчэнне грахоў і вярнуцца ў стан ласкі. У той жа час наша згода прыняць Божую ласку, пасрэдніцай якой ёсць Марыя, перамяняе серцы. Езус сказаў, што без Яго мы нічога не зможам зрабіць (пар. Ян 15, 5). Таму трэба памятаць, што калі подзвіг можа ўчыніць чалавек, то перамога – заўсёды ад Бога.

Святасць не з’яўляецца ўмовай выбару нас Богам, але наступствам гэтага выбару. Нездарма св. апостал Павел кажа: “Бо, каго Ён (Бог) наперад пазнаў, таго і прызначыў быць падобным да вобраза Сына свайго …; каго ж прызначыў, таго і паклікаў, а каго паклікаў, таго і апраўдаў; а каго апраўдаў, таго і ўславіў” (Рым 8, 29-30). Менавіта таму мы становімся новымі людзьмі не тады, калі самі сябе такімі чынім, але тады, калі Бог сваёй ласкай да нас дакранаецца.

На гэтым шляху асаблівая роля належыць Марыі. У сувязі з гэтым св. Альфонс Лігуоры кажа, што Божае Валадарства базуецца на справядлівасці і міласэрнасці. Бог сабе пакінуў справядлівасць, а міласэрнасць пакінуў Марыі і распарадзіўся, каб кожная літасць, якую атрымліваюць людзі, праходзіла праз Яе і ад Яе залежала.

Калі мы шчырым сэрцам шукаем дапамогі Марыі, то Яна вядзе нас да свайго Сына, які ёсць бязмежны ў сваёй міласэрнасці. Такі зрэшты быў Божы план, бо сам Езус кажа, што прыйшоў заклікаць да навяртання не справядлівых, але грэшнікаў (пар. Лк 5, 32). Марыя нікім не пагарджае і нікому не адмаўляе ў сваёй апецы. Святая Брыгіда кажа, што Марыя была б гатова выпрасіць ласку паяднання з Богам нават для д’ябла, калі б ён аб гэтым папрасіў, чаго, аднак, не дазваляе яму яго гонар (http://www.archpoznan.pl/content/view/1704/123/).

Святы Антоні распавядае аб адным грэшніку, якому здалося, што ён стаіць перад Божым трыбуналам. Злы дух яго абвінавачвае, а Марыя бароніць. Д’ябал прыгадаў яму ўсе яго грахі, якія па вазе пераважалі добрыя ўчынкі. Тады Марыя паклала на шалі Божай справядлівасці сваю міласэрную руку, якая пераважыла на карысць грэшніка. Такім чынам Марыя дала яму зразумець, што дапаможа яму збавіцца, калі ён зменіць сваё жыццё. І сапраўды, ён навярнуўся (пар. http://adam-czlowiek.blogspot.com/2012/01/maryja-jest-nadzieja-grzesznikow.html).

Касцёл вучыць, што Марыя апякуецца ўсімі людзьмі (пар. LG 62). У гэтым вучэнні змяшчаецца кожны грэшнік. Яно дае кожнаму чалавеку надзею, нават калі б ён быў вельмі грэшным. Таму ў кожнай сітуацыі нам нельга страціць даверу да Марыі.

4. Сёння ў Будслаўскім санктуарыі мы становімся перад абліччам нашай духоўнай Маці з асабістымі, сямейнымі і грамадскімі праблемамі. Становімся з надзеяй і даверам. Становімся перад Той, якая ёсць прытулак грэшнікаў, з надзеяй, што Яна прывядзе нас да свайго Сына – Міласэрнага Езуса, які ўратуе нас ад усялякага жыццёвага шторму і прывядзе ў порт збаўлення.

Мэтай Фацімскага паслання Марыі з’яўляецца духоўнае перамяненне чалавека, перамога над грахом, умацаванне дабра і дапамога на шляху да святасці. Гэтае пасланне асаблівым чынам скіравана да сучаснага свету, які пазначаны войнамі і насіллем, нянавісцю, сацыяльнай несправядлівасцю, парушэннем правоў чалавека, тэрарызмам, барацьбой з Богам і маральным законам. Адбываецца дэфармацыя каштоўнасцяў, у выніку чаго сурагатныя каштоўнасці займаюць месца евангельскіх.

У той жа час Фацімскае пасланне дыхае любоўю Беззаганнага Сэрца Марыі, якое заўсёды адкрыта на чалавека, пастаянна яму спадарожнічае, заўсёды думае аб ім, нават тады, калі ён выбірае дарогу марнатраўнага сына (пар. Лк 15, 11-32), – як навучае св. Ян Павел II (пар. http://www.smbf.pl/index.php?option=com_ content&view=article&id=163:article-20&catid=87:jan-pawel-ii&Itemid=664).

5. Таму нам заўсёды неабходна прыбягаць да Марыі. Бо, як кажа св. Бернард: “Памятай, о Найсвяцейшая Панна Марыя, што ніколі не здарылася, каб пакінула таго, хто да Цябе ўцякае, Цябе на дапамогу кліча, Тваёй апекі просіць. Гэтым даверам натхнёны, да Цябе, о Панна над паннамі і Маці наша, імкнуся, да Цябе прыходжу, перад Табою, грэшны, плачучы, стаю. О Маці Слова, не пагарджай словамі маімі, але пачуй іх ласкава і выслухай”.

У кожны час гісторыі, асабліва ў наш час вялікіх культурных зменаў, калі людзі ўсё часцей жывуць так, як быццам Бога няма, перад абліччам зла, якое пануе ў сучасным свеце, нам неабходна праз Марыю звяртацца да Божай міласэрнасці (пар. DM 15), якая ёсць адзіная надзея свету.

6. Сярод пiлiгрымаў, якiя прыбылi на сёлетнiя будслаўскiя ўрачыстасцi, ёсць i тыя, хто прыехаў роварам. У апошнiя часы ўсё часцей можна ўбачыць людзей на роварах у нашых гарадах. Гэта добры знак таго, што людзi iмкнуцца весцi здаровы стыль жыця.

Але цi ведаем мы аб духоўнай сiмволiцы ровара? А такая ёсць. Ровар прызначаны для таго, каб iм ехаць. I калi ён едзе, то знаходзiцца ў вертыкальным становiшчы. Калi не едзе, то, натуральна, падае. Нешта падобнае ёсць i з чалавекам. Ён прызначаны для жыцця, у якiм павiнна быць не толькi гарызантальнае вымярэнне, гэта азначае клопат пра матэрыяльныя справы, але i вертыкальнае – а менавiта што таксама чалавек павiнен мець адносiны з Богам. Калi iх не будзе, то ён упадзе i апынецца ў грахоўным балоце. Таму нават ровар, такая простая машына, нагадвае нам пра Бога і заклiкае, каб мы ў сваім жыццi не стаялi, не задавальнялiся дасягнутым, але ехалi наперад, навярталiся і ўдасканальвалiся.

Амерыканцы кажуць, што калi хочаш застацца на месцы, то трэба бегчы. Але калi хочаш iсцi наперад, то неабходна бегчы хутка. Гэта не парадокс. Свет развiваецца так імгненна, што, каб захаваць у iм сваю пазiцыю, неабходна ўдасканальвацца. Але калi хочам падняцца на прафесійны алiмп, трэба вельмi моцна старацца.

7. Аднаго мудрага чалавека спыталі, што такое цуд. Ён адказаў, што для аднаго чалавека цуд – калі Бог выслухоўвае яго просьбу, а для іншага – калі чалавек выслухоўвае просьбу Бога. Гэта азначае, што цуд ёсць тады, калі чалавек жыве паводле Божай волі. Гэтага цуду так патрабуе сучасны свет.

Марыя ў Фацiме прадказала навяртанне нашага народа. У Будслаўскiм санктуарыi наша духоўная Мацi падтрымлiвала нас у цяжкiя гады ганенняў на Касцёл, i стаўся цуд, мы атрымалi свабоду веравызнання. Аднак злы дух не спiць i выклiкi секулярызму пагражаюць нашай веры.

Таму сёння звяртаемся да Цябе, Марыя, заступіся за нас перад Тваім Сынам i выпрасi нам ласку навяртання i ласку цуду жыцця паводле Ягонай волi, каб мы пастаянна ўдасканальвалiся, каб наша вера не слабела, а ўмацоўвалася, і каб наша Бацькаўшчына, Беларусь, сынамi i дочкамi якой мы з'яўляемся, была краiнай, дзе валадарыць Бог, i каб мы маглi з радасцю ўсклікаць: «На Беларусi Бог жыве i Беларусь жыве Богам». Амэн.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. II Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл “Lumen gentium” (LG).
2. Ян Павел II. Энцыкліка “Dives in misericordia” (DM).
3. http://www.archpoznan.pl/content/view/1704/123/.
4. http://www.smbf.pl/index.php?option=com_content&view=article&id=163:article-20&catid=87:jan-pawel-ii&Itemid=664.
5. http://adam-czlowiek.blogspot.com/2012/01/maryja-jest-nadzieja-grzesznikow.html

Адноўлена 03.07.2015 17:02
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі