5 ліпеня 2015 г.
Эксцэленцыя, найдастойнейшы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Эксцэленцыя, найдастойнейшы біскуп Юрый Касабуцкі, Паважаны Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, Паважаныя ксёндз прэлат мансіньёр Андрэй Стэцкевіч і пробашч катэдральнага касцёла ў Маскве ксёндз Юзаф Занеўскі, Паважаныя ксёндз Віктар Гайдукевіч, Інспектарыальны дэлегат салезіянаў у Беларусі, і ўсе сабраты салезіяне, сёстры салезіянкі і ўся Салезіянская Сям’я, Паважаныя дэканы Магілёўскага і Бабруйскага дэканатаў ксёндз Юрый Быкаў і ксёндз Андрэй Яркавец, Глыбокапаважаныя святары і законныя айцы, Шаноўныя законныя сёстры, дыяканы, семінарысты, Паважаныя прадстаўнікі свецкай улады, Дарагія мама і тата, Любыя дзеці і моладзь, Дарагія браты і сёстры ў Езусе Хрысце з Магілёва і Магілёўскай вобласці, Дарагія госці з іншых мясцін нашай краіны, якія прыбылі ў гэтую прыгожую катэдру, каб супольна маліцца з мясцовым Касцёлам і духоўна падтрымаць маю асобу.
Распачынаючы сёння сваё служэнне ў якасці дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, з асаблівай пастырскай апекай для Магілёва і Магілёўскай вобласці, хачу распачаць ад слоў удзячнасці пастырам нашага Касцёла, якія пасля жудаснага перыяду ваюючага атэізму адраджалі Касцёл на гэтых землях.
У гэты момант мая ўдзячная малітва скіравана да святога Папы Яна Паўла ІІ, які ў 1989 годзе прызначыў нашага сённяшняга Мітрапаліта арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча першым біскупам для католікаў Беларусі. Дзякую Святому Айцу за адвагу, з якой праз свайго слугу, арцыбіскупа Тадэвуша, ён аднаўляў і ўмацоўваў наш Касцёл і да канца свайго зямнога жыцця цікавіўся лесам Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Прашу цябе, святы Ян Павел ІІ, аб айцоўскім благаслаўленні з неба і няспыннай дапамозе ў выкананні адказнай місіі, накрэсленай тваім пераемнікам Папам Францішкам, - адраджэнні i далейшым развiцці Каталiцкага Касцёла на Магілёўшчыне.
Сёння ўдзячнымі словамі я ўзгадваю першага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, памяць аб якім жывая ў нашым народзе і жыве на Магілёўшчыне. Як і Абрагама, мы можам назваць кардынала не толькі сведкам веры, але і айцом нашай веры. Маючы 77 гадоў жыцця, святы Папа Ян Павел ІІ менаваў яго першым арцыбіскупам і Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і адміністратарам Пінскім. Менавіта тут, у Магілёве, у 1993 годзе, будучы семінарыстам, які ішоў у пешай пілігрымцы са Смаленска ў Магілёў на фестываль “Магутны Божа”, я сустрэў першы раз кардынала Казіміра Свёнтка. Яго сардэчная ўсмешка і айцоўскі позірк суправаджаюць мяне і сёння. Прашу цябе, кардынал, благаславі з дому нашага Нябеснага Айца Магілёў і Магілёўшчыну. Будзь нам заступнікам і падтрымкай у выкананні адказнай місіі. Няхай твае мары адносна гэтай зямлі з Божым благаслаўленнем стануць рэчаіснасцю.
Варта ў гэтым месцы з удзячнасцю ўзгадаць служэнне нашага цяперашняга пастыра арцыбіскупа Тадэвуша, які ў 1989 годзе пачаў непасрэдную пастырскую апеку вернікаў у Магілёве і Магілёўскай вобласці і працягвае яе надалей. Арцыбіскуп не толькі добра ведае гісторыю Каталіцкага Касцёла на гэтых землях, але і аднаўляе сваім руплівым пастырскім клопатам былую славу Магілёўшчыны, якая праяўляецца ў яе верніках. Разам з усімі тут сабранымі я дзякую Яго Эксцэленцыі Мітрапаліту Тадэвушу за прыклад адданага і ахвярнага служэння Біскупа свайго народа.
Словамі ўдзячнасці ўзгадваю біскупа Юрыя, які ад свайго біскупскага пасвячэння быў рукамі і вуснамі нашага ардынарыя на магілёўскай зямлі. Яго маладосць і руплівасць былі вельмі карыснымі для Каталіцкага Касцёла на Магілёўшчыне і паспрыялі, у такі кароткі перыяд яго пастырскай апекі, умацаванню веры ў сэрцах вернікаў Магілеўшчыны, будаванню Касцёла Божага сярод Яго паствы. Я ўпэўнены, што біскуп Юрый і надалей захавае свой апостальскі запал і руплівасць у вядзенні даручанага яму Народа Божага, асабліва маладога пакалення – будучыні Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
Вельмі цешуся, што ў супольнасці з Мітрапалітам Тадэвушам і біскупам Юрыем будзем працягваць і надалей супольнымі сіламі аднаўляць на гэтых землях веру і славутасць Касцёла.
Вялікай дапамогай для мяне, які будзе непасрэдна служыць Касцёлу Магілёўшчыны, будуць святары, кансэкраваныя асобы, сам веруючы народ і, канешне, свецкая ўлада. Менавіта таму адчуваю, што Бог на гэтай зямлі чакае ад нас усіх жыцця, згоднага з Евангеллем Хрыстовым, і еднасці: што заўсёды будзем разам змагацца за духоўныя каштоўнасці, што адзінадушна будзем вызнаваць сваю веру ў Бога і сумесна адстойваць прынцыпы Евангелля.
Хто з нас не чуў і не ведае, што хрысціяне павінны жыць у еднасці, супрацоўнічаць і падтрымліваць адзін аднаго, асабліва ў цярпеннях? Калі мы ўсе аб гэтым ведаем, тады каму патрэбнае яшчэ адно казанне на гэтую тэму? Аднак яно неабходнае, таму што яго мэта заключаецца ў тым, каб не паўтараць звычайныя заклікі да еднасці, але адкрыць біблейскія праўды, што еднасць паміж людзьмі павінна існаваць і гэта сапраўды магчыма.
Вобраз аб’яднанай хрысціянскай супольнасці знаходзім у фрагментах Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў 1, 27-28.
Павел піша гэтай супольнасці так:
“Толькі вядзіце жыццё, годнае Евангелля Хрыстовага, каб я, калі прыбуду і ўбачу вас ці калі буду далёка, пачуў пра вас, што вы трываеце ў адным Духу. Аднадушна змагайцеся за веру ў Евангелле і ні ў чым не палохайцеся праціўнікаў. Гэта стане для іх прычынай згубы, а для вас – збаўленнем, і гэта ад Бога”.
Бог чакае ад супольнасці ў Філіпіі, што яе члены будуць жыць у еднасці, што заўсёды будуць разам. Гэтае адзінства дасць ім мужнасць супраць сваіх праціўнікаў, стойкасць у цярпеннях і дасць упэўненасць у Божым збаўленні.
І сёння ніхто не павінен мець ніякіх сумніваў, што чаканні Бога для сучаснага хрысціянства, што чаканні Бога канкрэтна ў адносінах нас – Каталіцкага Касцёла ў яго Магілёўскай частцы, – такія ж самыя і што Бог гэтых патрабаванняў не змяніў.
Паспрабуем адкрыць тое, на што Дух Святы звяртае ўвагу ўсім нам, сабраным на сённяшняй урачыстасці.
1. Еднасць і супрацоўніцтва сярод нас на самой справе магчымыя толькі тады, калі яны нараджаюцца ад Духа Святога, калі мы сапраўды навернемся да Бога і будзем весці жыццё, годнае дзяцей Божых. Еднасць і супрацоўніцтва сярод нас немагчыма тады, калі адны кіруюцца голасам Духа Святога, а іншыя цялеснымі памкненнямі.
Каб стаць сапраўднай, з’яднанай хрысціянскай супольнасцю, усе яе групы павінны звярнуць увагу і прыкласці намаганні, каб у першую чаргу ў нашым штодзённым жыцці выканаць умовы, якія дазваляюць ствараць еднасць. Выкананне ўмоваў пачынаюцца ад закліку апостала Паўла. “Вядзіце жыццё, годнае Евангелля Хрыстовага” (Флп 1, 27)!
Айцец і Настаўнік моладзі, святы Ян Боско, чый юбілей 200-годдзя з дня нараджэння святкуецца ў гэтым годзе, ва ўсёй сваёй дзейнасці на карысць маладога чалавека ў першую чаргу вучыў словам і прыкладам любіць Бога і выконваць Яго запаведзі, жыць паводле Евангелля Хрыста ў сваёй штодзённасці. Клапаціўся найперш пра душу чалавека, а пасля пра ўсё іншае. Таму яго заклік “Дай мне душы, усё астатняе забяры” з’яўляецца актуальным для ўсяго Касцёла.
2. Жыццё, згоднае з Евангеллем Хрыстовым, патрабуе ад нас адраджэння сэрца, унутранай чысціні і клопату аб асабістых адносінах з Богам праз малітву і разважанні над Божым Словам. Дзякуючы гэтаму нашыя погляды будуць цвярозымі і біблійнымі, а памкненні напоўненымі ідэяй выканання выключна волі Божай.
3. Жыццё, згоднае з Евангеллем Хрыстовым, праяўляецца ў вялікай павазе да Бога. Слова Божае стаецца тады важнейшае за ўсе нашыя ўпадабанні, звычкі і жаданні. Постаць Божага слугі, заўсёды гатовага з’явіцца на кожны Яго заклік, незалежна ад часу дня і нашага настрою, паказвае на першынства Бога ў нашым жыцці і жаданне наследаваць Маці Божую, якая сваім “Fiat” дала нам прыгожы прыклад жыцця, згоднага з Евангеллем.
Запаведзь “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім“ (Мц 22, 37) змушала шматлікіх святых нашага Касцёла і святых нашай пакутнай магілёўскай зямлі паставіць Бога, Яго справы па-над усім іншым і імкнуцца прыносіць славу Богу, а не самім сабе.
4. Жыццё, згоднае з Евангеллем Хрыстовым, патрабуе ад нас шчырых адносін да нашых бліжніх. “Любі бліжняга твайго, як самога сябе” (Мц 22, 39). У адносінах людзей да іншых можна вельмі хутка даведацца, якія яны на самой справе. Эгацэнтрызм, несумленнасць, пагарда і непавага да іншых, злосць і надахоп павагі да адметных, хітрасць і нешчырасць - гэта ганебныя якасці дзіцяці Божага, і пры сустрэчы з такім чалавекам у нас вельмі хутка з’яўляецца жаданне, каб ніколі не мець справы з ім, якім бы славутым ні было яго прозвішча. Але, калі мы адчуваем, што нехта любіць нас, як самога сябе, то нашае сэрца цягнецца да яго без унутранага супраціву, і такім чынам мы ствараем разам - еднасць.
5. Дух хрысціянскай любові з’яўляецца ласкай еднасці тых, хто быў пакліканы Богам адмовіцца ад розных рэчаў, шукаючы выключна Божай волі – стаць знакам Яго любові ў свеце. Тымі пакліканымі з’яўляемся мы – біскупы; гэта вы, святары і кансэкраваныя асобы; гэты заклік скіраваны і да вас, глыбокапаважаныя прадстаўнікі свецкай улады і іншых веравызнанняў.
Аднак перад усім дух хрысціянскай любові з’яўляецца ласкай еднасці з тымі, да каго пасылае нас Пан. Гэта значыць да вас, нашыя дарагія браты і сёстры, Умілаваны Божы Народзе, без якога нашае служэнне было б пустым і без сэнсу. Такі дух еднасці, які чэрпае сваю сілу з Евангелля Хрыстовага, з асабістага навяртання кожны дзень, з любові і пашаны да Пана Бога і бліжніх, перадаў нам сам Збаўца, Езус Хрыстус. Аб такім духу еднасці нам трэба пастаянна маліцца і прасіць Духа Святога, даўцу дароў Божых.
6. Дух Святы, прыйдзі. Прыйдзі, каб адарыць нас дарам мудрасці, якая праяўляе Божую прысутнасць і ўказвае на першынства Бога; дарам веры ў ласку Божую і чалавечую дабрыню; дарам радасці, якую можна раздзяляць з іншымі і такім чынам сеяць зерне надзеі; дарам адкрытасці, якая дазваляе першаму выцягнуць руку, каб дапамагчы; дарам сардэчнасці, з якой трэба сустракаць іншага чалавека, асабліва дзяцей і моладзь; дарам айцоўства і настаўніцтва; дарам сумленнасці ў апостальскім і братэрскім служэнні; дарам нястомнай прагі, каб Езус валадарыў у нашых сэрцах і ў нашым жыцці, бо “ў кім ёсць Бог, у таго ёсць усё”!
|