19 ліпеня 2015 г.
Паважаныя браты ў святарстве, Шаноўныя айцы кармэліты, апекуны гудагайскага санктуарыя, Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, Дарагія пілігрымы!
Горы заўсёды захаплялі чалавека. Калі мы ўваходзім на вяршыню гары і глядзім на абшары і прасторы, якія разлягаюцца ўнізе, нашыя вочы не могуць нацешыцца такім цудоўным відовішчам, а думкі адразу ўзносяцца да Бога, Створцы гэтай прыгажосці. І хоць узыходжанне на горы нялёгкае, бо патрабуе вялікіх намаганняў, фізічных і духоўных, тыя, хто гэтым займаецца, згодна гавораць, што варта гэта рабіць.
Чытаючы Святое Пісанне, можна заўважыць, што шмат вельмі важных падзеяў у гісторыі збаўлення адбывалася менавіта на гарах. Сёння вачыма веры мы глядзім на гару Кармэль. Яна адзначалася вельмі багатай і прыгожай расліннасцю, якая расла на яе схілах. Таму гара Кармэль лічылася знакам Божага благаслаўлення. Там жылі вучні прарока Іллі, якія аддавалі пашану сапраўднаму Богу і адважна супраціўляліся розным паганскім культам. А ў хрысціянскія часы на гары Кармэль пасяліліся манахі-пустэльнікі, якія з часам далі пачатак Ордэну кармэлітаў. За асаблівую Апякунку яны абралі сабе Маці Божую Марыю, якой мы сёння аддаем пашану пад тытулам Шкаплернай, альбо Маці Божай з гары Кармэль.
Падобна як буйная, разнастайная расліннасць чыніць гару Кармэль асабліва прыгожай і маляўнічай, так і ў жыцці хрысціяніна добрыя плады яго ўчынкаў надаюць прыгажосць яго душы. Мы ўсе добра ведаем, што трэба пазбягаць граху і таго, што вядзе да злога, але гэта яшчэ не ўсё. Нам трэба таксама развіваць у сябе ўсё добрае, прыгожае, шляхетнае і дзяліцца гэтымі пладамі ласкі з іншымі. Менавіта таму так важныя добрыя ўчынкі, якія мы спаўняем. Яны з’яўляюцца сапраўднымі пладамі Божай ласкі і чыняць нашае жыццё асабліва прыгожым.
Мы ведаем, што найважнейшым і самым вялікім з Божых загадаў з’яўляецца загад любові. Любоў да Бога і бліжняга – гэта найпрыгажэйшае адзенне для хрысціяніна, адзенне, якое лічыцца нават у небе. Прыкладам для нас з’яўляецца Марыя, бо Яна была без рэшты адданая любові да Бога і бліжняга. Мы нічога не ведаем аб прыгажосці Яе адзення падчас зямнога жыцця, але ведаем, што Бог адарыў Яе найпрыгажэйшым адзеннем ласкі. Выбіраючы Марыю Маці свайго Сына, Пан Бог захаваў Яе ад якога-небудзь, нават самага малога, граху. Гэтую ласку мы называем Беззаганным Зачаццем. Марыя гэтага адзення ласкі не знішчыла, але выкарыстала як найлепш, стаўшыся вернай і пакорнай слугой Бога, падданай ва ўсім Яго волі.
З гэтых прыгожых, багатых пладоў ласкі карыстаемся таксама і мы. Езус Хрыстус даў нам Марыю за Маці, і, як сапраўдная Маці, Яна апякуецца намі, клапоціцца аб нас, ахоўвае нас ад усяго таго, што для нас небяспечнае. Марыя сама гаворыць аб гэтым у сваіх аб’яўленнях, таксама ў аб’яўленні, звязаным з сённяшнім днём.
У 1251 годзе генерал Ордэну кармэлітаў Сымон Шток меў містычнае аб’яўленне. Ён убачыў Маці Божую, якая сказала яму, што шкаплер, гэта значыць адзенне, якое носяць манахі, будзе знакам ратунку ў небяспецы, сімвалам запавету з Богам, а хто ў ім памрэ, пазбегне пякельнага агню. Пад уплывам наступных аб’яўленняў гэты прывілей быў пашыраны таксама на людзей свецкіх, якія будуць насіць шкаплер, весці пабожнае жыццё і аддаваць пашану Найсвяцейшай Панне Марыі.
У вельмі кароткі час пачалі паўставаць шкаплерныя брацтвы, а нашэнне шкаплера, якому надалі пазней форму медаліка, сталася, побач з ружанцам, адной з найбольш вядомых і папулярных формаў марыйнай пабожнасці.
Трэба, аднак, памятаць, што шкаплер – гэта не амулет ці талісман, у ім няма нічога магічнага, ён не дзейнічае аўтаматычна. Шкаплер з’яўляецца проста напамінам, што мы, хрысціяне, у сакрамэнце хросту атрымалі адзенне ласкі і былі напоўнены Божымі дарамі. Таму нашым абавязкам з’яўляецца свядома і дабравольна супрацоўнічаць з гэтай ласкай. Калі мы накладаем шкаплер, прымаем абавязак яшчэ больш верна выконваць усё тое, што звязана з нашай верай.
Шкаплер прыгадвае нам таксама, што мы знаходзімся пад апекай нашай Маці Марыі, якая ахінае нас сваім плашчом ад кожнай небяспекі, а асабліва ад такой, якая з’яўляецца пагрозай для нашага збаўлення. Гэты напамін Марыі - як цёплае матчынае слова, якое часта накіроўвае дзіця на правільную дарогу. Бо мы ведаем, што дарога нашага жыцця не пазбаўлена спакусаў, небяспек, атак злога. Таму трэба нам трымацца моцна Марыі, прыслухоўвацца да кожнага Яе слова, заклікаць Яе дапамогу і хавацца пад плашчом Яе апекі.
Умілаваныя браты і сёстры! Калі я гляджу на вас, якія прыбылі ў гэты вядомы ласкамі санктуарый, маё сэрца радуецца. Ваша прысутнасць тут з’яўляецца прыгожым сведчаннем веры, любові да Езуса Хрыста і да Маці Божай, даверу і надзеі на Яе матчынае заступніцтва.
Давайце падумаем, колькі ласкаў на працягу стагоддзяў атрымаў люд верны праз заступніцтва Маці Божай Гудагайскай. Кароны Папы Рымскага, якія ўпрыгожваюць гэты абраз, – гэта знак удзячнасці за прысутнасць Марыі ў дзеях мясцовай парафіі і ў жыцці тых, хто з верай сюды пілігрымаваў, за цуды і ласкі, атрыманыя ад Бога праз заступніцтва Марыі.
Як казаў святы Бэрнард у добра вядомай нам малітве, ніхто ніколі не чуў, каб Марыя каго-небудзь пакінула. Гэтае святое месца, як і кожны марыйны санктуарый, можна назваць “духоўным санаторыем”. Мы прыходзім да Марыі з нашымі клопатамі і праблемамі, часам адчуваем сябе нешчаслівымі, самотнымі, прыгнечанымі цяжарам цярпенняў – і тут, пры Mарыі, адчуваем сябе зноў здаровымі, падтрыманымі ў духу, умацаванымі Божай ласкай, зноў поўнымі надзеі і аптымізму.
Таму трэба нам прыходзіць часта да Марыі – не толькі ў дзень адпусту, але і ў звычайныя дні, калі адчуем патрэбу спаткання з Маці. Яна нас тут чакае і, як кожная маці, не дазволіць, каб мы адышлі з пустымі рукамі. Штосьці нам дасць, чым-небудзь нас адорыць, а перш за ўсё дасць нам адчуць сваю матчыную любоў.
Дарагія браты і сёстры! Трэба прыходзіць сюды да Марыі цэлымі сем’ямі. Няхай дзеці змалку вучацца любові да Найсвяцейшай Маці. Няхай пазнаюць, што маюць не толькі зямную маці, але і Маці нябесную. Няхай штодзённая малітва ўсёй сям’і, нядзельная святая Імша, рэгулярная катэхізацыя будуць для вашых дзяцей найлепшай школай жыцця.
Як вы, напэўна, ведаеце, увесь Паўсюдны Касцёл рыхтуецца да сесіі Сіноду Біскупаў, якая адбудзецца восенню ў Рыме. Гэты Сінод будзе прысвечаны праблемам сям’і. Часта гаворыцца аб тым, што сям’я знаходзіцца сёння ў вялікім крызісе. У розных краінах свету сем’і змагаюцца з рознымі сур’ёзнымі і цяжкімі выклікамі. Таксама і ў нас нямала сем’яў разбітых, няпоўных, якія змагаюцца з крызісамі сямейнага жыцця. На жаль, усё больш разводаў, усё больш людзей жыве ў несакрамэнтальных сувязях. А нават і ў каталіцкіх сем’ях не заўсёды развіваецца дух веры, практыка малітвы, не заўсёды бацькі перадаюць дзецям падставы хрысціянскага выхавання.
Перад абліччам гэтых выклікаў мы не можам заставацца абыякавымі. Патрэбна перш за ўсё малітва за сем’і – не толькі за ўласную сям’ю, але і за тыя сем’і, якія перажываюць розныя цяжкасці і небяспекі. Няхай Добры Бог умацуе сваёй ласкай кожную хрысціянскую сям’ю, каб яна была сапраўды хатнім Касцёлам, каб была верная навуцы Хрыста і ўмела адкінуць спакусы сучаснага свету.
Няхай кожная сям’я вучыцца ад Марыі гаварыць заўсёды “так” Пану Богу і верна выконваць Яго волю. Няхай Маці Божая Шкаплерная ахіне плашчам сваёй апекі нашыя сем’і, а Яе матчынае заступніцтва няхай учыніць так, каб кожная сям’я ішла ў сваім жыцці дарогай сапраўднага шчасця.
Амэн.
|