Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас святой Імшы завяршэння Малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы

26 ліпеня 2015 г. (XVII Звычайная нядзеля, Год B)

Перажыць рэвалюцыю навяртання

Дарагая моладзь, вернікі Івянца і госці!

1. Сённяшняе Евангелле XVII Звычайнай нядзелі распавядае пра цуд памнажэння хлябоў. Гэты цуд займае выключнае месца сярод усіх іншых цудаў, якія здзейсніў Езус. Кожны з нас добра ведае, што, каб жыць, чалавек павінен мець матэрыяльны пасілак, дзякуючы якому ён атрымлівае неабходныя для функцыянавання арганізму элементы.

Людзі, заварожаныя навучаннем Езуса, ішлі за Ім і слухалі Яго, не заўважаючы, што аддаляліся ад месцаў, дзе можна набыць ежу. Езус, які перадусім клапаціўся пра духоўны стан сваіх слухачоў, не забыўся і аб іх матэрыяльным і фізічным стане. Менавіта таму Ён звярнуў увагу апосталаў на тое, што неабходна накарміць слухачоў, і спытаў іх, дзе можна купіць ежу.

Натуральна, што яны здзівіліся такому пытанню, бо дзе ў аддаленым месцы на беразе Тыберыядскага возера можна было набыць ежу, тым больш для вялікай колькасці людзей. Нягледзячы на гэта і разумеючы складанасць сітуацыі, яны тым не менш сказалі Езусу, што адзін хлопчык мае пяць хлябоў і дзве рыбы. Але як такой малой колькасцю ежы накарміць пяць тысяч мужчын, не лічачы жанчын і дзяцей? Напэўна, кожны з нас задаў бы такое ж пытанне ў падобнай сітуацыі.

Хаця апосталы добра разумелі складанасць сітуацыі і немагчымасць накарміць натоўп людзей пяццю хлябамі і дзвюма рыбамі, тым не менш яны праінфармавалі Езуса аб тых сціплых запасах ежы, якія меў хлопчык. Гэта дае нам права казаць аб тым, што яны верылі ў цудоўную моц Езуса.
 
І Езус апраўдаў іх спадзяванні. Ён сказаў апосталам рассадзіць людзей на траве. Потым узяў у свае рукі хлеб, благаславіў яго, пераламаў і раздаў апосталам, каб яны, у сваю чаргу, раздавалі яго людзям. І наступіў сапраўдны цуд. Пяццю хлябамі і дзвюма рыбамі Езус накарміў вялікую колькасць людзей, так што яны ўсклікнулі: “Сярод нас з’явіўся прарок, які павінен быў прыйсці!”

2. Калі б мы чыталі далей Евангелле, то ўбачылі б, што за Езусам пайшлі яшчэ большыя натоўпы людзей. Ён добра разумеў, чаму яны ішлі з Ім, - бо Ён іх накарміў. Кожны з нас патрабуе ежы. А ў гэтым выпадку Езус накарміў людзей задарма, што стала яшчэ адным стымулам, каб яны пайшлі за Ім. Зараз мы перажываем час жніва і добра ведаем, што ўраджай трэба не толькі вырасціць, але і сабраць, каб было дастакова хлеба, які ўсяму галава, – як кажа прыказка.

Мы жывём у час, калі ўвесь свет і таксама наша краіна Беларусь перажываюць вялікі эканамічны крызіс. Многія прадпрыемствы працуюць не ў поўную сілу, у выніку чаго змяншаецца заробак людзей. Таму праблема штодзённага хлеба паўстае нанова, і нямала людзей задае сабе пытанне: “Як пражыць?”

Таму праблема штодзённага хлеба існавала, існуе і будзе існаваць далей. Нездарма Езус кажа, што бедных будзеце мець заўсёды. Яны ёсць і ў вельмі багатых і развітых краінах. Усё гэта тлумачыць прычыну таго, што пасля цуду памнажэння хлябоў за Езусам пайшла вялікая колькасць людзей.

3. Бачачы гэта, Ён пайшоў далей. Ён хацеў карміць іх хлебам вечнага жыцця і сказаў, што можа даць такі хлеб. Можам сабе толькі ўявіць рэакцыю людзей! Хто не хоча жыць як мага даўжэй? Калі захварэем, то спяшаемся да ўрача, каб выздаравець і не памерці. Аб імкненні жыць як мага даўжэй сведчаць і адпаведныя кабінеты, што з’яўляюцца як грыбы пасля дажджу, і нават цэлыя студыі рэгенерацыі і амалажэння. А тут Езус прапануе невядомы дасюль эліксір вечнага жыцця, які называе хлебам. Зразумела, што людзі адразу папрасілі даць яго ім. Упэўнены, што кожны з нас паступіў бы падобна.

І тут распачынаецца самае цікавае. Пасля таго, як Езус сказаў, што гэтым хлебам ёсць Яго Цела і Кроў, многія габрэі згоршыліся і публічна адышлі. Словы Езуса яны прынялі чыста інструментальна. Яны не былі канібаламі, і таму прапанова Езуса была непрымальнай для іх. У той жа час Езус казаў пра Эўхарыстычны хлеб.

Убачыўшы, што многія Яго слухачы адышлі, Езус захацеў выпрабаваць апосталаў і спытаў, ці яны часам таксама не хочуць пакінуць Яго. На што Пётр ад свайго імя і імя ўсіх апосталаў сказаў словы, якія павінны быць хрысціянскім сведчаннем ва ўсе часы, - а менавіта: “Пане, куды мы пойдзем, Ты маеш словы вечнага жыцця”. Пётр, які першым вызнаў веру ў Езуса, як чаканага Месію, і цяпер аказаўся на вышыні задання. Ён пацвердзіў, што той, хто хоча жыць вечна, а да такога жыцця мы створаны, павінен жыць паводле Божага закону.   

4. Жыць згодна з Божай воляй – гэта самая вялікая праблема чалавецтва. Ужо на пачатку сваёй гісторыі нашыя першыя бацькі Адам і Ева адмовілі ў паслухмянасці Богу, у выніку чаго ўсе іх нашчадкі прыходзяць у свет у стане першароднага граху, які дэфармуе чалавечую прыроду так, што чалавек схільны да зла. Ведаючы, што такое дабро, ён выбірае зло. Менавіта ў гэтым знаходзіцца крыніца ўсемагчымых крызісаў, якія перажывае чалавецтва. Таму не трэба дзівіцца, што першымі словамі, з якімі Езус звярнуўся да сваіх слухачоў, былі словы закліку да навяртання і веры ў Евангелле.

У наш час амаль што паўсюдна гаворыцца аб свабодзе і правах чалавека. Сапраўды, свабода – гэта надзвычайны Божы дар. Аднак свабода – гэта не права чыніць усё, што хочацца. Гэта не дэвіз сексуальнай рэвалюцыі, якая мела месца на Захадзе ў 1968 г. - “забараняецца забараняць”, але жыццё паводле Божага закону, які ўстанаўлівае нормы паводзін для дабра таго ж самага чалавека. Напэўна, гэта нялёгкая справа, асабліва калі ў сучасным свеце ўсё менш і менш прыкладаў такога жыцця.

У апошнія часы Грэцыя знаходзіцца ў стане фінансавай катастрофы. Нягледзячы на гэта, на рэферэндуме 5 ліпеня гг. краіна, якая з’яўляецца калыскай дэмакратыі, у імя свабоды ад дыктату Еўрасаюза ў галіне эканамічных рэформаў адмовілася ад фінансавай дапамогі паводле ўстаноўленых ім умоваў. Хаця пазней Грэцыя прыняла нават больш жорсткія ўмовы фінансавай дапамогі, тым не менш сам факт заслугоўвае ўвагі.  

Падобна і мы павінны паступаць у нашым духоўным жыцці. А менавіта, у імя свабоды дзяцей Божых хрысціяне павінны адмовіцца ад секулярнага дыктату сучаснага свету, які навязвае ім нязгодны з Божай воляй стыль жыцця. І чым хутчэй – тым лепш. Потым будзе цяжка выбрацца з няволі граху і нават існуе небяспека заставацца палоненымі злым духам, падобна таму як Грэцыі цяжка расплаціцца з даўгамі і яна трапіла ў яшчэ большую фінансавую залежнасць ад фінансавых карпарацый.

Свет абяцае шмат, але абяцанні, якія не базуюцца на Божым праве, вядуць не да трывалага шчасця, а да расчаравання, бо з’яўляюцца ілюзорнымі. Моладзь павінна цешыцца маладосцю і магчымасцямі, якія прадстаўляе ёй жыццё, і іх выкарыстоўваць згодна з Божай воляй, бо ўсё праміне – маладосць і прыгажосць, прыемнасці, слава, багацце і г.д., а застанецца толькі духоўны скарб.

Падчас сваёго візіту ў Эквадор 6 ліпеня гг. Папа Францішак сказаў, што хрысціянская вера з’яўляецца рэвалюцыйнай. Гэта азначае, што яна фармуе жыццё чалавека паводле крытэрыяў хрысціянскага, а не секулярнага стылю жыцця. Нездарма Хрыстус назваў самога сябе знакам супраціву. Такім знакам і ёсць хрысціянства, якое заклікае “белае называць белым”, а “чорнае – чорным”; казаць “так – так” і “не – не”; плысці супраць цячэння секулярнага свету, а не па цячэнні; не ісці за тэндэнцыямі амаральнага стылю жыцця, але практыкаваць свой, хрысціянскі. Менавіта таму святы апостал Павел заклікае прыпадабняцца не свету, а Езусу Хрысту.

5. У гэтым якраз і крыецца сэнс навяртання. Само слова “навяртанне” вельмі ясна нагадвае аб змене напрамку жыцця з секулярнага на духоўны. Калі мы вядзём машыну і заблукаем, то на карце шукаем адпаведнай дарогі, разварочваемся і едзем у іншым напрамку. Падобна павінна быць і ў духоўным жыцці. Неабходна толькі праз рахунак сумлення ўсвядоміць, што заблукалі і не ідзём указаным Богам шляхам, і зрабіць з гэтага адпаведныя высновы, каб, дзякуючы бязмежнай Божай міласэрнасці, у сакрамэнце пакаяння змяніць жыццёвы напрамак. У гэтым крыецца сакрэт нашага асабістага навяртання, якому прысвечана сёлетняя Малітоўная сустрэча моладзі.

Езус называе сябе Добрым Пастырам. Хрысціянская іканаграфія прадстаўляе Яго нясучым на плячах заблукалую авечку. Гэтай авечкай з’яўляемся мы, якія заблукалі ў жыцці. Езус не пакідае нас адных і прапануе ў сакрамэнце пакаяння вярнуць нам годнасць Божых дзяцей. Нават калі мы не верым у гэта, то варта рызыкнуць, бо Езус бярэ нас, слабых, на свае плечы. Неабходна толькі дазволіць Яму гэта ўчыніць.

Змяніўшы жыццё, мы павінны памятаць і аб тым, што д’ябал не спіць. Ён, паводле святога апостала Пятра, як рыкаючы леў, хоча як мага больш душаў зацягнуць у свае сеці. Таму працэс навяртання павінен быць пастаянным і павінен складацца з малітвы, удзелу ў сакрамэнтах і ўчынкаў міласэрнасці. Асабліва мы павінны памятаць аб нядзельнай Эўхарыстыі, якая ўмацоўвае нашыя духоўныя сілы, будуе хрысціянскую супольнасць і робіць здольнымі для хрысціянскага сведчання.

6. Калі б хтосьці нам сказаў, што памерлы некалькі гадоў таму славуты спявак, ідал моладзі Майкл Джэксан, прыязджае да нас, то імгненна вялікія натоўпы моладзі паехалі б на сустрэчу з ім. А на алтары падчас Эўхарыстыі да нас прыходзіць Кароль Сусвету; прыходзіць Той, які стварыў Майкла Джэксана. А дзе чэргі? Чаму мы не спяшаемся на нядзельную святую Імшу так, як спяшаемся на канцэрты? Ці ўсведамляем мы, што падчас Імшы Хрыстус прыходзіць да нас? Эўхарыстыя – гэта наш хрысціянскі прывілей, і ім неабходна карыстацца. Усе цуды, якія чыніць Езус, вынікаюць з Эўхарыстыі, у тым ліку і цуд навяртання.  

Няхай жа сённяшняе Евангелле аб цудзе памнажэння хлябоў, якім Езус прадказаў устанаўленне сакрамэнту Эўхарыстыі, дапаможа нам жыць яе праўдай, каб наша жыццё было пастаяннай рэвалюцыяй навяртання на карысць жыцця паводле заўсёды актуальнага і дзейснага вучэння Хрыста. Амэн. 

Адноўлена 26.07.2015 11:37
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі