Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на XVIII Звычайную нядзелю, Год В

Свір, парафія Св. Мікалая, біскупа, 2 жніўня 2015 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння касцёл св. Мікалая ў Свіры адзначае сярэбраны юбілей аднаўлення сваёй дзейнасці пасля трох дзесяцігоддзяў яго знішчэння. Пабудаваны ў 1654 г., касцёл быў зачынены савецкімі ўладамі ў 1961 г. З 1980 г. у ім знаходзіўся Смаргонскі завод аптычнага станкабудавання. З вежаў былі скінуты крыжы, унутры знаходзілся станкі. Замест таго, каб быць домам малітвы і месцам спаткання чалавека з Богам, у ім размяшчалася фабрыка. Аднак вернікі не гублялі надзеі і дабіваліся яго вяртання, што і сталася ў 1990 г.

Такім чынам, сёння парафія Св. Мікалая, біскупа, у Свіры адзначае 25-годдзе свайго адраджэння. Я добра памятаю той час, калі свірскія вернікі мужна змагаліся за вяртанне касцёла. Яны добра разумелі, што пабудаваны іх продкамі касцёл павінен быць домам малітвы. Нам патрэбны фабрыкі і заводы, але касцёл павінен служыць мэтам, дзеля якіх ён пабудаваны, каб у ім спаткаць Бога і аб Ім сведчыць у сваім жыцці.

Сёння мы дзякуем Богу за гэты дар. Дзякуем усім тым, хто 25 гадоў таму адстойваў правы вернікаў і дабіўся вяртання касцёла парафіяльнай супольнасці. Дзякуем таксама і дзяржаўным уладам, якія тады добра прачыталі знакі часу і пайшлі насустрач справядлівым пажаданням вернікаў. Няхай жывым Бог благаславіць, а памерлых прыме ў сваё Валадарства.

Мінула 25 гадоў, як касцёл функцыянуе. Гэты былі гады адраджэння і ўмацавання веры. Колькі святых Імшаў, хростаў, споведзяў, шлюбаў і іншых паслугаў тут адбылося за гэты час! Аб гэтым добра ведае толькі Бог, і, калі б сцены гэтай гістарычнай святыні маглі прамаўляць, то маглі б распавесці цікавыя гісторыі як жыцця людзей, так і іх навяртання.  

Дзякую святарам і законным сёстрам, якія служылі і працягваюць служыць у ім. Дзякую вернікам за клопат аб гэтым доме малітвы і выказваю надзею, што і далей ён будзе служыць духоўнаму ўдасканаленню парафіян і ўсіх, хто тут будзе маліцца, асабліва прымаць удзел у нядзельнай і святочнай святой Імшы.

2. Сённяшняе першае чытанне з кнігі Зыходу распавядае аб тым, як Бог цудоўным чынам забяспечваў ежай габрэяў на іх шляху з егіпецкай  няволі ў Абяцаную зямлю. Кожны дзень Бог пасылаў ім манну з неба, якой яны карміліся, каб не памерці ў пустыні.

Евангелле мінулай нядзелі распавядала аб цудзе памнажэння хлеба. Езус пяццю хлебамі і дзвюма рыбамі накарміў вялікую колькасць людзей. Акрамя таго, засталося яшчэ дванаццаць кашоў кавалкаў. Гэты факт нагадвае, што ў Бога ёсць больш, чым Ён раздаў.

Зразумела, што людзі былі прыемна здзіўлены такім цудам і таму пайшлі за Езусам. Ён добра разумеў сітуацыю і казаў ім, што яны пайшлі за Ім не таму, што Ён Сын Бога жывога, але таму, што Ён іх накарміў. Габрэі хацелі, каб Езус дзейнічаў так, як дзейнічаў Майсей у пустыні, калі іх продкі кожны дзень атрымлівалі манну. Толькі тады яны маглі б паверыць у Яго, як чаканага Месію. Але Езус яшчэ больш здзівіў іх, кажучы, што Ён сам ёсць хлеб жыцця, які задаволіць кожны голад, і хто паверыць у Яго, ніколі не будзе прагнуць.

3. Чалавек складаецца не толькі з цела, але і з несмяротнай душы, і таму адчувае не толькі патрэбу ў ежы, але і голад вечнасці. Заспакоіць яго можа толькі хлеб вечнага жыцця, якім з’яўляецца Эўхарыстыя.

Нездарма Хрыстус перасцерагае, каб мы клапаціліся не пра каштоўнасці, якія прамінаюць, але пра каштоўнасці, якія застаюцца, пра хлеб, які вядзе ў вечнае жыццё. Сцвярджаючы так, Хрыстус не кажа, каб мы не працавалі, але каб, працуючы, не забываліся пра духоўныя справы. Святы апостал Павел вучыць вельмі ясна, што той, хто не працуе, няхай не есць.

4. На жаль, сучасны чалавек усё больш і больш увагі прысвячае справам матэрыяльным, а не духоўным, так што яны становяцца новымі багамі. У сакрамэнце хросту мы атрымалі свабоду дзяцей Божых з усімі іх правамі і абавязкамі.

Аднак вельмі часта мы становімся падобнымі да габрэяў падчас іх вандроўкі з егіпецкай няволі ў зямлю сваіх продкаў. Бог цудоўным чынам вывеў іх з рабства і ўчыніў свабоднамі. Нягледзячы на гэта, яны, знаходзячыся ў пустыні, супрацівіліся Яму. Яны адчувалі голад, не мелі дастаткова хлеба, мяса і вады. Гэта было не што іншае, як выпрабаванне, якога яны не вытрымалі. У гэтым крылася прычына таго, што яны дакаралі Майсея, чаму ён іх вывеў з Егіпта, дзе яны, хаця і былі зняволенымі, аднак мелі ў дастатку ежы – мяса, хлеба і нават цыбулі і часнаку. Яны былі гатовы вярнуцца ў Егіпет і быць зняволенымі, каб толькі быць сытымі.

5. Ці не падобную сітуацыю перажывае сучасны чалавек? Ці не абменьваем мы дар духоўнай свабоды на матэрыяльныя каштоўнасці? Як часта мы адракаемся ад годнасці і духоўнай свабоды дзяцей Божых дзеля лепшай пасады, большай зарплаты і добрага куска хлеба. У выніку чаго пакідаем нашу веру дома, а на вуліцы, у месцы адпачынку ці на працы жывём так, як быццам Бога зусім няма. Гэтым самым, называючы сябе веруючымі, мы на самой справе такімі не з’яўляемся, бо наша вера не сапраўдная, а штучная.

6. Cёння ў парафіі Св. Мікалая, біскупа, у Свіры таксама  цэлебруецца сакрамэнт канфірмацыі, які яшчэ называецца сакрамэнтам хрысціянскай сталасці. Касцёл хоча бачыць у нас сталых, а не хісткіх хрысціян. Хоча бачыць такіх, якія супрацьстаяць амаральным выклікам часу; плывуць супраць цячэння, а не па цячэнні секулярнага і далёкага ад духу Евангелля жыцця; бароняць хрысціянскія каштоўнасці, а не адмаўляюцца ад іх; з’яўляюцца сведкамі сваёй хрысціянскай веры, а не хаваюць галаву ў пясок, як страўс, баючыся публічна прызнацца ў ёй; ва ўсіх жыццёвых абставінах захоўваюць сваю хрысціянскую тоеснасць і годнасць, а не з’яўляюцца хамелеонамі, якія, у залежнасці ад абставін, змяняюць колер сваёй скуры. Колер нашай духоўнай скуры – гэта хрысціянства, і падобна таму, як колер скуры ў чалавека застаецца такім жа самым праз усё жыццё, так мы павінны адзначацца сталай і моцнай верай.

Гэта няпроста, асабліва ў наш поўны небяспечных выклікаў, духоўных пагроз і спакусаў час. Аднак Хрыстус праз свой Касцёл умацоўвае нас, каб мы былі сапраўднымі хрысціянамі, якія жывуць паводле Божага закону і на кожным кроку свайго жыцця з’яўляюцца сведкамі Евангелля.

Асаблівай дапамогай для нас з’яўляецца сакрамэнт канфірмацыі, у якім Святы Дух умацоўвае нашы духоўныя сілы, каб са слабых учыніць нас герольдамі веры і яе веснікамі. У дзень Пяцідзясятніцы апосталы прынялі дары Святога Духа і змяніліся кардынальна, аж да таго, што не пабаяліся аддаць сваё жыццё за Хрыста і Касцёл. Дзякуючы ім і іх наступнікам Евангелле прыйшло і на нашу зямлю, каб з паганскай учыніць яе хрысціянскай, даць людзям інструмент для будавання шчасця ў гэтым жыцці і надзею на вечнае жыццё.

7. Таямніца Пяцідзясятніцы працягваецца, як у Паўсюдным Касцёле, так і апошнія 25 гадоў у адроджанай парафіі Св. Мікалая, біскупа, у Свіры. У гімне да Духа Святога мы просім Яго, каб сышоў на зямлю і аднавіў яе воблік. І Ён сапраўды прыходзіць. Нам толькі застаецца адкрыцца на Яго дзеянне, а Ён духоўна пераменіць нас і ўмацуе.

Касцёл св. Мікалая сёння пачынае пісаць новую старонку сваёй біяграфіі, біяграфіі багатай і адначасова трагічнай. Няхай яна будзе шчаслівай і няхай гэты касцёл заўсёды будзе месцам новай Пяцідзясятніцы, каб, поўныя дароў Святога Духа, мы разам з апосталам Пятром маглі казаць: “Пане, да каго мы пойдзем, Ты маеш словы вечнага жыцця”. Амэн.

Адноўлена 02.08.2015 18:01
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі