8 жніўня 2015 г.
Крыж над Серабранкай
«Пакаштуйце i ўбачце, якi добры ёсць Пан».
Глыбокапаважаныя браты i сестры!
1. Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма святой Імшы XIX Звычайнай нядзелі вельмi добра адпавядае сённяшняй падзеi ў парафii Св. Яна Хрысцiцеля ў Серабранцы ў Мiнску, дзе перад Iмшой былi асвечаны крыжы i ўстаноўлены на вялiкай i малой вежах касцёла, які будуецца. Крыж з’яўляецца вельмі вымоўным знакам нашага часу, так, што мы можам усклiкнуць: «Сапраўды, якi добры ёсць Бог!»
Хто яшчэ два дваццаць пяць гадоў таму мог падумаць, што ў Мiнску будуць будавацца касцёлы, на вежах якiх узнімуцца крыжы, як знакi нашага збаўлення i надзеi? У часы ганенняў на веру крыжы знiшчалi, iх скiдалi з касцёльных вежаў, над iмi глумілiся. Прадстаўнiкi атэiстычнай улады пры гэтым смяялiся, а вернiкi плакалi, бо нiшчылiся сiмвалы хрысцiянства.
2. Але Бог паказаў, што ўмее пiсаць проста на пакручастых лiнiях гiсторыi. I там, дзе крыжы руйнавалiся, сёння яны адбудоўваюцца. Калi яшчэ нядаўна сiмваламi нашых гарадоў былi помнiкi атэістам ці камуністычныя знакі, то сёння ўсё часцей iмi становяцца касцёлы, цэрквы і малітоўныя дамы.
I гэта можна зразумець, бо вечнае застаецца, хаця б супраць яго паўстаў увесь свет. Нездарма лацiнская прыказка кажа: «Stat crux dum volvitur orbis» – «Хаця свет і змяняецца, крыж застаецца». Пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца i сённяшняе асвячэнне крыжоў i iх устаноўка на вежах касцёла.
3. Крыж заўсёды меў вельмi важнае значэнне ў жыццi хрысцiян, бо ён знак нашага збаўлення. На дрэве крыжа Хрыстус нас збавiў. На iм аб’явiўся апагей любовi Бога да чалавека.
З сённяшняга дня над мiкрараёнам Серабранка ў Мiнску ўзвышаецца крыж, сiмвалiзм якога вельмi важны. Ён складаецца з дзвюх частак – вертыкальнай i гарызантальнай. Гарызантальная сiмвалiзуе чалавека, а вертыкальная – яго адносiны з Богам. Калi б не было вертыкальнай, то гарызантальная ўпала б на зямлю. Так ёсць з чалавекам, якi не мае адносiн з Богам і жыве без Яго. Ён паддаецца спакусам i падае ў грахоўнае балота. Калi ж ён злучаны з Богам, то знаходзiцца над iм.
4. Гэта нялёгкая справа - быць злучаным з Богам, бо патрабуе жыцця паводле Яго закону. Мы ж добра ведаем, што такое дабро, аднак свядома чынiм зло. Таму лучнасць з Богам азначае крыж, што вельмi добра сімвалiзуе месца скрыжавання яго вертыкальнай i гарызантальнай частак. Гэта месца, дзе воля чалавека супадае з Божай воляй.
Далей, крыж кажа нам адарваць свой позiрк ад зямлi i скiраваць яго ўверх, да Бога. Не зацыклiвацца толькi на зямных справах, але памятаць i аб духоўных, што становiцца вялiкай праблемай для сучаснага чалавека. Нязгоднае з Божай воляй жыццё i брак даверу да Яго вядзе да складаных праблем, з якiх чалавек не ведае, як выйсцi.
Класiчным прыкладам з’яўляецца евангельскi аповед аб суцiшэннi буры на Галiлейскiм возеры. Апосталы былi вельмi перапужаны, бо хвалi залівалi човен i ён мог патануць. Але вось яны бачаць, як нехта iдзе па вадзе. Яны пазнаюць у гэтым чалавеку Хрыста, якi iм кажа: “Не бойцеся, гэта Я!” На што Пётр кажа: калi гэта Ты, то скажы, каб я падыйшоў да Цябе. Езус яго клiча падыйсцi, і Пётр сапраўды iдзе па вадзе. Але ў той момант, калi ён перастаў канцэнтравацца на Езусе, а пачаў глядзець на хвалi, то перапужаўся i пачаў тануць. За гэта Езус яго дакараў, што ён малой веры.
5. Гэтыя словы Езуса сёння можна адрасаваць i нам, бо сучасны чалавек перажывае вялiкi крызiс веры. Ён больш давярае сабе, а не Богу. Чым гэта ўсё заканчваецца – вiдавочна. У вынiку адзiн крызiс паганяе другi i чалавецтва не ведае, як iх вырашыць. У той жа час Бог дае нам рэцэпт - а менавiта Ягоны закон. Хаця жыццё паводле яго і з’яўляецца крыжам, але крыжам збаўлення.
6. У сённяшнiм Евангеллi Езус кажа, што хто верыць у Яго, мае вечнае жыццё. А хлебам, якi гарантуе вечнае жыццё, з’яўляецца Эўхарыстыя, якая цэлебруецца ў касцёле. Сучасны чалавек часта забываецца туды дарогу. Калi мы знаходзімся ў лесе, то стараемся не згубiць з вiду арыенцір, якiм звычайна з’яўляецца высокае дрэва ці іншы пункт аднясення, каб яго можна было бачыць здалёк.
На вежы касцёла, які будуецца ў Серабранцы, з’явiўся арыенцір – крыж. Няхай ён нам, людзям ХХI стагоддзя, якія знаходзяцца ў цёмным лесе нявер’я і адыходу ад Бога, будзе арыенцірам, якi прывядзе да Касцёла, дзе нас чакае Езус у Святым Пiсаннi, сакрамэнтах, асаблiва ў Эўхарыстыi, каб мы ішлі па жыцці шляхам, які вядзе да шчаслівай вечнасці. Амэн.
|